СУП “Дукора-Агра” не здае лідарскія пазіцыі ў жывёлагадоўлі.

З году ў год не здае свае лідарскія пазіцыі ў галіне жывёлагадоўлі  СУП “Дукора-Агра”. У гаспадарцы  ведаюць сакрэт “вялікага” малака і высокіх сярэднясутачных прыбавак у вазе. За 11 месяцаў сярэдні надой на карову склаў 5265 кілаграмаў малака, сярэднясутачныя прывагі  —  632 грама.

Наталля Шаталава і Юлія Страх.

Наталля Шаталава і Юлія Страх.

Дасягнуць такіх вынікаў і пастаянна ўтрымліваць іх на належным узроўні змаглі дзякуючы захаванню тэхналогій і працы калектыву. Чалавечы фактар мае далёка не апошняе значэнне, бо адносіны да жывёлы  яскрава адлюстроўваюцца ў  вытворчых паказчыках.

Аператары машыннага даення малочнатаварнай фермы “Харавічы” Юлія Страх і Наталля Шаталава  — лепшыя ў гаспадарцы. Іх прозвішчы пастаянна сярод перадавікоў раёна. Гэты год таксама абяцае быць для іх адметным: за 11 месяцаў Юлія Страх надаіла 6075 кілаграмаў малака на карову, Наталля Шаталава — 5918 кілаграмаў.

— Мая маці таксама працавала даяркай. Я прыйшла на ферму адразу пасля школы і ўжо 15 гадоў  тут працую. Кіраўніцтва гаспадаркі адпраўляла на вучобу, але я не захацела. Маё месца тут, і пра свой выбар не шкадую, — расказвае Юлія Аляксандраўна. — У нашай прафесіі важна па-добраму, нават ветліва ставіцца да жывёлы, тады яна аддзячыць малаком.  І, безумоўна, важна своечасова падкарміць рагуль. Мы  самі раздаём  ім муку і патаку.

Пётр Андрыянаў.

Пётр Андрыянаў.

У групах Юліі Страх і Наталлі Шаталавай — па 45 кароў.  Даіць іх жанчыны прыходзяць двойчы на дзень.  Працаваць па такім графіку і паспяваць спраўляцца са сваімі хатнімі клопатамі ўжо прывыклі.

Па суседстве з МТФ “Харавічы” знаходзіцца малочнатаварная ферма “750 галоў”. Тут усталявана адзіная ў раёне даільная зала “Карусель”.  Дойны статак зараз складае 600 кароў. Аператары машыннага даення Аксана Сініцкая, Марына Казлова і Іна Крыварот паспяваюць падаіць усіх амаль за тры гадзіны. За 11 месяцаў надой на карову склаў 5938 кілаграмаў.

— Пасля звычайнай фермы было крыху нязвыкла працаваць з новай даільнай устаноўкай,  — расказвае Марына Казлова. — У сельскай гаспадарцы я працую больш за 15 гадоў. У гэту галіну прыйшла  па прыкладу маці, якая доўгі час была загадчыцай фермы.

Марына Казлова і Аксана Сініцкая.

Марына Казлова і Аксана Сініцкая.

Малочная  “Карусель” — аўтаматызаваны комплекс, у аснову працы якога закладзена камп’ютарная праграма. За яго  работу адказвае  слесар Пётр Андрыянаў  і яго памочнік Мікалай Падаляк.

Жывёлагадоўля як прыбытковая галіна заўсёды знаходзіцца ў цэнтры ўвагі кіраўніцтва гаспадаркі.  У параўнанні з мінулым годам пагалоўе павялічылася на 152 галавы. Таксама ў гэтым годзе пабудавалі новае памяшканне на МТФ “Харавічы”.

— Увесь калектыў стараецца працаваць на агульны вынік, — адзначае галоўны ветэрынарны ўрач гаспадаркі Пётр Дорын. — Традыцыйна час “вялікага” малака — лета. Аднак і зімой нельга здаваць пазіцыі. У гэты перыяд  асаблівую ўвагу надзяляем рацыёну. Акрамя сенажу і сіласу, даём каровам кармавыя дабаўкі, солілізунцы. Апошні час таксама даём  рагулям энергетычны корм з высокай канцэнтрацыяй гліцэрыну.

Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *