Сын Якуба Коласа адзначыў юбілей на Пухавіччыне

Мерапрыемства, прысвечанае 90-годдзю з дня нараджэння ганаровага грамадзяніна Пухавіцкага раёна Міхася Канстанцінавіча Міцкевіча, прайшло ў мінулую пятніцу ў сярэдняй школе №2 горада Маріна ГоркаНа ім прысутнічаў сам юбіляр разам са сваёй дачкой Марыяй Міхайлаўнай.

DSCN0278 копияТак павялося, што калі аўдыторыі прадстаўляюць Міхася Канстанцінавіча, то часцей за ўсё ў першую чаргу кажуць — малодшы сын Якуба Коласа. Гэта хутчэй для таго, каб напомніць, што гэтага чалавека ўсе добра ведаюць з маленства, бо менавіта ён стаў галоўным героем паэмы “Міхасёвы прыгоды”, якую ў школьныя гады чыталі  многія. Тое, што ён сын народнага песняра —  акалічнасць важная, але не самая  галоўная  ў  яго  біяграфіі. Галоўнае, што ён і сам таленавіты і разнапланавы  чалавек, які ў жыцці змог дасягнуць  вельмі многае, прычым у самых розных сферах дзейнасці. Яго з дзяцінства прывучылі шмат чытаць, шмат працаваць і даводзіць усё да прафесійнага ўзроўню. Захапіўся стральбой — стаў майстрам спорту па стэндавай стральбе.  Захапіўся  фатаграфіяй — зрабіў столькі цікавых прафесійных здымкаў, што хапіла бы на некалькі альбомаў. Стаў складаць эпіграмы — яны ўвайшлі ў зборнік “Анталогія беларускай эпіграмы”.  Пачаў займацца навукай — стаў доктарам тэхнічных навук, за сваю работу атрымаў  Дзяржаўную прэмію БССР. І так ва ўсім. Ён ведае на памяць творы свайго бацькі, і “Новую зямлю”  чытае так пранікнёна, як ніхто іншы.

Пра ўсё гэта ў чарговы раз  падумалася  падчас гэтай  сустрэчы. Павіншаваць   Міхася   Канстанцінавіча  прыйшлі  вучні і настаўнікі,  прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта, работнікі сферы адукацыі і культуры.Прывітальны адрас ад раённага  выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў юбіляру ўручыў начальнік  аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Леанід Бурлевіч. Міхася Канстанцінавіча павіншавалі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама  Валянціна Андрэева, загадчык цэнтральнай раённай бібліятэкі Наталля Бародзька.

Але самы лепшы падарунак госць атрымаў ад вучняў і настаўнікаў школы. Яны падрыхтавалі па-сапраўднаму  літаратурную кампазіцыю, дзе прагучалі ўрыўкі з “Міхасёвых прыгод”, вершы, якія Колас прысвяціў свайму малодшаму сыну. Успомнілі і пра тое, што звязвае сям’ю Коласа з  Пухавіччынай. Было відаць, што Міхасю Канстанцінавічу тое, што адбывалася на сцэне, прыносіла са-праўднае задавальненне. У якасці падзякі ён падараваў школе падарунак — адно з лепшых выданняў паэмы “Новая зямля” Якуба Коласа.

У адказ на віншаванні юбіляр падзяліўся з гасцямі вечарыны сваімі сакрэтамі поспеху. Ён не стамляецца паўтараць: калі хочаце нечага дабіцца ў жыцці  — па-першае, забудзьце, што такое лянота, а, па-другое, —  шмат чытайце.

Міхась Канстанцінавіч часты госць у нашым раёне. Ён добры сябра раённага краязнаўчага музея, дзе дапамагаў ствараць экспазіцыю “Якуб Колас: прырода і людзі роднага краю”.  Да юбілейнай вечарыны супрацоўнікі краязнаўчага музея падрыхтавалі буклет,  на  якім  юбіляр ўсім жадаючым пакінуў свой аўтограф.

Наталля ПАРХОМЧЫК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *