Сяргей Ляшчынскі — у ліку тысячнікаў у раёне.
На працягу ўборачнай кампаніі мы ўважліва сачылі за вынікамі раённага спаборніцтва сярод камбайнераў і вадзіцеляў. Побач з імёнамі перадавікоў абавязкова ўказвалі маркі транспартных сродкаў. Інфармацыя гэта не другасная: зразумела, што на больш сучасных камбайнах працаваць лягчэй.
Аднак дасягнуць высокіх вынікаў можна і не на самай новай тэхніцы. У ліку тысячнікаў у раёне — камбайнер ААТ “Племянны завод “Індустрыя” Сяргей Ляшчынскі (на здымку). Свае 1292 тоны збожжа ён намалаціў на камбайне “Дон-1500 Б”.
Такія “Доны” ўсё радзей можна ўбачыць на палетках раёна. На змену ім у асноўным прыйшлі айчынныя КЗС-1218 “Палессе”, некаторыя гаспадаркі набылі нямецкія “Лексіёны” і “Мегі”. Сяргей Ляшчынскі, можна сказаць, прыхільнік “Донаў”: пастаянна ўбірае ўраджай толькі на камбайнах гэтай маркі.
— “Доны” мне падабаюцца сваёй вынослівасцю, нягледзячы на тое, што ў кабіне не так камфортна, як у іншых камбайнах, — расказвае Сяргей Сяргеевіч. — “Дон-1500 Б”, на якім працую цяпер, 2006 года вытворчасці. Пяты сезон на ім убіраю збожжа. Безумоўна, як і многім хлебаробам, мне б хацелася сесці за руль “Лексіёна”. Пакуль такой магчымасці няма. Буду працягваць працаваць на “Доне”.
Упершыню ў статусе хлебароба Сяргей Ляшчынскі апынуўся ў 2004 годзе, тады быў памочнікам камбайнера ў Руслана Каралько. У той час цяперашні перадавік працаваў у сферы камунальнай гаспадаркі, на перыяд жніва яго камандзіравалі ў “Індустрыю”.
— Убіраць ураджай спадабалася. Пасля заканчэння першага жніва былі думкі: хутчэй бы скончылася зіма. Можаце ўявіць, як мне зноў хацелася на палеткі, — працягвае Сяргей Сяргеевіч. — У 2005 годзе я сам сеў за камбайн і з таго часу штогод працую на жніве. Праз тры гады ўладкаваўся ў сельгасарганізацыю на пастаянную працу. Атрымаў жыллё.
Чацвёрты год Сяргей Ляшчынскі ўбірае ўраджай без памочніка. Сёлета за дзень мінімальна намалочваў каля 40 тон, максімальна — больш за 80 тон. Доўгіх прастояў не было. Здараліся мелкія паломкі, ад якіх ніхто не застрахаваны, аднак за гадзіну іх удавалася ліквідаваць. Напярэдадні адказнай пары жніва механізатар патраціў нямала сіл і часу на якасную падрыхтоўку тэхнікі.
Цяпер ён ставіць камбайн на захоўванне. Хутка “Дон” накіруецца ў гараж чакаць наступнага сезона ўборкі, а Сяргей Ляшчынскі будзе задзейнічаны на адвозцы зялёнай масы кукурузы.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.