Трэба ўзяць… ды сартаваць

Ці гатовы вы сёння ўзяць ды пачаць якасна і добрасумленна сартаваць адходы? Упэўнена, што нават у тых, хто маральна даўно гатовы рабіць добрую для ўсіх справу, дакладна сёння не знойдзецца неабходнай колькасці тары для таго, каб знайсці асобнае месца ў кватэры для паперы, шкла, пластмасы. 

На жаль, пакуль мы больш гаворым пра збор другаснай сыравіны, чым яе збіраем. І ўсё ж павольна, але працэс гэты ідзе. Міністэрствам ЖКГ Рэспублікі Беларусь спецыяльна распрацавана праграма «Зварот з камунальнымі адходамі і выкарыстанне другасных матэрыяльных рэсурсаў на 2016-2020 гады», асноўная мэта якой — зніжэнне аб’ёму захоўвання цвёрдых камунальных адходаў на палігонах і забеспячэнне да 2020 года долі іх паўторнага выкарыстання не менш за 25 працэнтаў ад аб’ёму ўтварэння. 

— З кожным годам менавіта таму расце даведзенае да кожнага камунальнага прадпрыемства заданне па зборы другаснай сыравіны, — расказвае намеснік дырэктара УП «Жылцепласэрвіс» КГ  па  вытворчасці Таццяна Фідрусь.

быт-отх— Прыярытэтным для нас з’яўляецца збор шкла і макулатуры. У рэспубліцы ёсць прадпрыемствы, якія маюць патрэбу ў дадзенай сыравіне. У мінулым годзе мы перавыканалі план па зборы шкла на 155, 8 працэнтаў (здаём  шкло на ДА “Белрэсурсы”). Але вось па нарыхтоўцы макулатуры, якую мы здаём на ААТ “Пухавіцкая кардонная фабрыка”, план выканаць не змаглі.

Аднак да гэтага факту не трэба падыходзіць вельмі крытычна, таму што ёсць шмат фактараў , якія ў прыватнасці ад камунальнікаў не залежаць. Так, план па здачы макулатуры фарміруецца без уліку працэнтных суадносін гарадскога і сельскага насельніцтва раёна, якое макулатуру практычна не здае наогул.

— У цэлым жа па здачы другаснай сыравіны мы гадавы план выканалі, — працягвае Таццяна Фідрусь. —  Сабрана 1232 тоны другаснай сыравіны. Гэта 102,9 працэнта да плана. Збіралі ў мінулым годзе палімеры, шыны, адходы электрычнай і электроннай вытворчасці, адпрацаванае аўтамабільнае масла. Гэта, дарэчы, новы паказчык для нас.

У асноўным збор другаснай сыравіны ажыццяўляўся праз стацыянарныя прыёмныя пункты. Іх у раёне 7. Найбольш паспяховым у плане паказчыкаў работы з’яўляецца прыёмны пункт па вуліцы П. Гучка  ў   горадзе Мар’іна Горка. Прымае сыравіну ад насельніцтва Зінаіда Шапецька. Пра яе працу шмат станоўчых водгукаў ад насельніцтва.  Прыязджаюць у гэты пункт нават жыхары вёсак. Вялікая дапамога стацыянарным пунктам — перасоўны прыёмны пункт, які працуе па графіку ў аграгарадках. Астатняя другасная сыравіна збіраецца ў кантэйнерах і адпраўляецца на станцыі сартавання. У гэтай вобласці яшчэ ёсць шмат недахопаў. Камунальнікі разумеюць, што, у першую чаргу, неэфектыўна працуюць адкрытыя кантэйнеры для паасобнага збору адходаў. Туды грамадзяне кідаюць ўсё бытавое смецце. Ёсць, праўда, дамы на вуліцах Новая Зара, Якуба Коласа ў Мар’інай Горцы, у пасёлку Дружны, дзе кантэйнеры (у прыватнасці для пластыка)  запаўняюцца па прызначэнні. 

— Чарговым і, мы спадзяёмся, эфектыўным крокам стане   ўстаноўка   новых   закрытых еўракантэйнераў, — лічыцьТаццяна Фідрусь. — Мы закупілі 176 такіх кантэйнераў. Установім іх у  Мар’інай Горцы, Дружным і Свіслачы. Акрамя таго, вясной набудзвем дзве машыны для вывазу бытавых адходаў.

Кантэйнеры для паасобнага збору, своечасовы вываз адходаў, зручны графік работы прыёмных пунктаў другасных матэрыяльных рэсурсаў — вось галоўныя ўмовы для эфектыўнай працы па зборы другаснай сыравіны. І яшчэ камунальнікі ўскладаюць вялікія надзеі на інфармацыйную і выхаваўчую работу, весці якую варта, пачынаючы з дзіцячых садкоў і школ. 

Зразумела, што павышэнне   ўзроўню  збору  і   перапрацоўкі адходаў не можа быць дасягнута і без удзелу дарослага насельніцтва, якое павінна разумець важнасць дадзенага мерапрыемства, накіраванага на зніжэнне шкоднага ўздзеяння смецця на навакольнае асяроддзе і на максімальнае выкарыстанне адходаў у якасці другаснай сыравіны.

Алена   ІВАНОВА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *