Тэхніка на лінейцы гатоўнасці.
Падрыхтоўка сельгастэхнікі да сяўбы — асноўная задача, якую ў гэтыя дні вырашаюць земляробы раёна. Хутка для іх пачнецца чарговы гарачы сезон. Рамонт трактароў і прычапной тэхнікі, якая будзе задзейнічана падчас пасяўной кампаніі, завяршаецца ў сельгасфіліяле “Дрычын”, ПСУ “Рудзенскае”, адкрытых акцыянерных таварыствах “Агра-Абярэг”, “Зазерка”, “Племянны завод “Індустрыя”, “Голацк”.
На мехдвары сельгасфіліяла “Дрычын” дыскатары, культыватары, пасяўныя агрэгаты і агрэгаты для ўнясення мінеральных удабрэнняў выстаўлены на лінейку гатоўнасці. Плугі ў гэты спіс тэхнікі не трапілі, таму што земляробы зааралі ўсю неабходную плошчу восенню.
— Уся тэхніка цалкам гатова да вясенняй пасяўной кампаніі, — адзначае галоўны інжынер СГФ “Дрычын” Дзмітрый Піпко. — Сеяць яравыя культуры будзем трыма сеялкамі. Галоўнымі сейбітамі гаспадаркі не першы год будуць Аляксей Шрэйдар, Уладзімір Забаўскі і Уладзімір Рагатка. Уладзімір Рагатка, дарэчы, ужо правярае свой пасяўны агрэгат у справе. Механізатар гэтымі днямі падсявае канюшыну.
Нягледзячы на марознае надвор’е, хапае спраў і ў іншых земляробаў. Аляксей Шрэйдар, Уладзімір Забаўскі і Уладзімір Шыманскі ўносяць арганіку. У бліжэйшыя дні свой чарговы палявы сезон пачне і Аляксей Вальковіч. Аляксей Сяргеевіч будзе ўносіць мінеральныя ўдабрэнні, пазней зачэпіць да трактара пасяўны агрэгат і будзе сеяць кукурузу.
Сёлета інжынерная служба гаспадаркі хутчэй справілася з падрыхтоўкай тэхнікі да вясны, чым у мінулым годзе. Рамонтам займаліся самі механізатары, бо яны лепш за ўсіх ведаюць свае сельгасмашыны і агрэгаты. Дапамагалі ім спецыялісты мехмайстэрні. Камандная работа дала добры вынік.
— Усе неабходныя запчасткі мы набывалі цэнтралізавана па ўзгадненні з інвестарам ААТ “Мінскі малочны завод №1”, — працягвае галоўны інжынер. — Аб’ектыўную адзнаку нашай працы па-ставіць вясна. У поўнай гатоўнасці чакаем масавы пачатак сяўбы.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.