У ААТ “Аграсімвал” ідзе сяўба азімых.

IMG_1187 (копия)

 

Апусцелыя  пасля  лета  палеткі  чакаюць новае зерне. Наступіў час сяўбы азімых збожжавых культур. І гэта  работа  зараз актыўна  вядзецца ў сельгаспрадпрыемствах раёна.

Напрыканцы  мінулага тыдня да сяўбы прыступілі земляробы ААТ “Аграсімвал”. Пакуль на палетках працуе адзін сейбіт  — Павел  Валасевіч.  Для  маладога  чалавека гэта пяты сельскагаспадарчы сезон.

— Пасяўны агрэгат ад трактара практычна не адчапляю. Здаецца, зусім нядаўна сеяў яравыя культуры, цяпер час азімых, — расказвае Павел Валасевіч. — Тэхніка не падводзіць, пастаянна сачу за яе станам. Работа  арганізавана добра, абеды прывозяць у поле. Насенне мне падвозіць вопытны вадзіцель Андрэй Шыкунец. У гаспадарцы ён працуе ўжо 30 гадоў.

Павел Валасевіч.

Павел Валасевіч.

Гэтымі днямі Павел Валасевіч сее азімую пшаніцу. Поле, на якім кіпіць работа, ведае добра: сам рыхтаваў  тут глебу напярэдадні сяўбы.

— Сёлета  азімы клін у гаспадарцы складае 900 гектараў. Сяўбу пачалі з 350 гектараў азімай пшаніцы.  Пакуль сеем сваё насенне першай рэпрадукцыі. 11 тон  эліты ўжо закупілі, — расказвае галоўны аграном Марыя Цымановіч. — На чарзе — 270 гектараў трыцікале і 280 гектараў жыта. Часткова будзем сеяць сваё насенне, таксама купім насенне эліты.

Павел Валасевіч уключыўся ў сваю чарговую пасяўную кампанію ў пачатку лета. Ён адзін пасеяў 350 гектараў азімага рапсу і 160 гектараў свірэпіцы. На зялёных усходах рапсу цяпер вядзецца хімпраполка.  На гэтым відзе работ задзейнічаны Аляксей Ярмоліч і Мікалай Караткевіч.

Вадзіцель Андрэй Шыкунец.

Вадзіцель Андрэй Шыкунец.

Напярэдадні сяўбы на палетках  пашчыравала нямала земляробаў.  Іван Абакунчык праводзіў ворыва, цяпер да гэтага працэсу далучыліся Сяргей  Мотуз і Аляксандр Кікот.  Пётр Тарасік  уносіў фосфарныя і калійныя ўдабрэнні. Анатоль Лабанок працягвае рыхтаваць глебу.  Крыху пазней, магчыма, ён далучыцца да працэсу сяўбы.   

— Восенню клопатаў у нас значна дадалося. У гэтым годзе да нас далучылі частку былых земляў вытворчага ўчастка “Пухавічы” ААТ “Смалявічы Бройлер” — 500 гектараў. На адным з палёў каля вёскі Загай пасеялі рапс, — працягвае галоўны аграном. — Азімыя культуры традыцыйна даюць  большую ўраджайнасць у параўнанні з яравымі. Плануем да пачатку кастрычніка цалкам справіцца з планам азімай сяўбы. 

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *