У вёсцы Першы Май Свята працы доўжыцца цэлы год.

IMG_2089Чаму вёска ў Турынскім сельсавеце, згодна з дакументамі, называецца Першы Май, а не Першае Мая, ніхто з яе жыхароў дакладна не ведае. Аднак кожны, каго сёння вы сустрэнеце на адзінай у вёсцы вуліцы, скажа, што  свята працы, у гонар якога  назва населенаму пункту  была дадзена амаль стагоддзе таму, доўжыцца тут цэлы год. А як у вёсцы можа быць інакш?

IMG_2104111111

Соф’я Качура

— У нас цяпер карэнных жыхароў амаль не засталося, — расказвае старэйшая жыхарка Першага Мая Соф’я Качура. — Больш за мяне тут жыве хіба толькі Ганна Цярэшка. У асноўным жа ўлетку гаспадараць дачнікі. Многія  —  на бацькоўскіх сядзібах.

Вёска ўся як на далоні. Што там: усяго некалькі двароў! Зараз, пакуль надвор’е не устанавілася, яна выглядае бязлюднай. Але адчуваецца, што Першы Май чакае сваіх (няхай і не пастаянных) жыхароў. Яны хуткім часам зашчыруюць на сваіх сотках.

А пакуль — цішыня, якую, праўда, настойліва парушае, галасіста вітаючы вясну, невядомая мне птушка. Пад яе спевы  Соф’я Мікалаеўна прыгадвае мінулыя часы.

— Першы Май — вёска невялікая, — расказвае яна. — 14 дамоў было калісьці. Ні магазіна, ні школы. Усё побач — у Турыне. Аднак па маладосці гэта — не адлегласць. Я нарадзілася ў суседняй Шкавілаўцы, дзе потым працавала ў магазіне, а сюды пайшла замуж. І з 18 гадоў жыву ў Першым Маі. Муж спачатку працаваў у калгасе, а потым у пажарнай часці. Цяпер я засталася адна. Аднак свая хата ёсць свая, таму і жыву тут.  Дапамае дачка, бо ўжо далёка не тыя сілы маю…

На вуліцы, нягледзячы на моцны дождж, я сустрэла яшчэ адну жанчыну. Аказалася, яна якраз спяшалася наведаць Ганну Цярэшка.

Ірына Качура

Ірына Качура

— У мяне тут бацькоўская сядзіба мужа, — кажа Ірына Качура. — Мы працавалі на ёй да мінулага года разам. Некалькі год і зімаваць заставаліся. А зараз я прыехала адна…

Ірына Пятроўна  чакае лета: суседзяў стане трохі больш. І ўсе яны, як кажа жанчына, працавітыя  прыемныя людзі, якія, калі трэба, і на дапамогу заўсёды прыйдуць.

Такім чынам, гультаёў у Першым Маі, пэўна, вы не знойдзеце. Ці  назва вёскі таму прычынай, ці проста людзі ў нас згодна з беларускім менталітэтам у большасці сваёй  працавітыя, вырашайце самі. А я маю падставу думаць, што Свята працы ў Першым Маі  найперш працай і адзначаць.

Алена  ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *