У гаспадарках раёна на фінішы — ворыва.

Гаспадаркі раёна набліжаюцца  да  завяршэння  восеньскага ворыва. На фінішы гэтага віду работ — адкрытыя акцыянерныя  таварыствы   “Агра-Абярэг”,  “Голацк”, “Вецярэвічы”, “Аграсімвал”, “Ражджэственскае-Агра”, “Зазерка”, СУП “Дукора-Агра”, сельгасфіліял “Чырвоны Май”, ПСУ “Рудзенскае”.  З планам па ўзняцці зябліва цалкам справілася ААТ “Машхарчпрад”: узарана 500 гектараў, на якіх будуць вырошчваць бульбу.

Андрэй Ласкуноў.

Андрэй Ласкуноў.

У бліжэйшы час завяршыць рыхтаваць глебу пад яравую сяўбу разлічваюць земляробы ААТ “Племянны завод “Індустрыя”.  Ім трэба ўзараць 1907 гектараў — гэта адна з самых вялікіх плошчаў у раёне. На раніцу аўторка план па ўзняцці зябліва быў выкананы ў гаспадарцы на 86 працэнтаў.

Ужо  некалькі   тыдняў   восеньскае ворыва праводзяць вопытныя аратыя ААТ “Племянны завод “Індустрыя” Андрэй Ласкуноў і Ігар Каранец. Яны з самага пачатку актыўна ўключыліся ў работу і вывелі сваю гаспадарку  на лідзіруючыя пазіцыі. За дзень іх трактары з плугамі ўзорваюць  у сярэднім каля сарака гектараў.

Працоўнага запалу гэтым  земляробам не займаць,  іх  імёны  часта гучаць у ліку перадавікоў раёна. Ігар Каранец, напрыклад, у мінулым годзе на гэтым жа відзе работ увайшоў у лік  лепшых у раёне і быў узнагароджаны граматай райвыканкама. Адзінае, што ўносіць свае карэктывы ў працэс, — надвор’е. Адразу пасля дажджу трактары не могуць выехаць на палі.

Ігар Каранец.

Ігар Каранец.

Узняцце  зябліва —  досыць працаёмкі працэс, аднак менавіта гэты агратэхнічны прыём палягчае барацьбу з пустазеллем, некаторымі ўзбуджальнікамі хвароб і шкоднікамі сельскагаспадарчых культур.

— Апрацоўка глебы восенню значна скарачае тэрміны веснавых палявых  работ,  а  гэта  —   важны фактар, бо ў такім выпадку ў сельскагаспадарчай культуры значна больш шанцаў вырасці і паспець летам, — адзначае галоўны аграном ААТ “Племянны завод “Індустрыя” Сяргей Алесік. — Мы ўважліва сочым і за якасцю ворыва. Пра працу нашых земляробаў можна сказаць толькі добрыя словы.

Будучая вясенняя пасяўная кампанія падвядзе  вынікі восеньскай працы калектыву, таму зараз работа вядзецца і на іншых “франтах”. Адны земляробы займаюцца вывазкай на палі і ўнясеннем арганічных угнаенняў, другія — мінеральных удабрэнняў. Вапнаванне кіслых  глеб на 86 гектарах завершана цалкам.

Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *