У  гаспадаркі  ёсць  патэнцыял

Дырэктар ААТ “Агра-Абярэг” Пётр Казак.

Дырэктар ААТ “Агра-Абярэг” Пётр Казак.

Сярод пераможцаў раённага спаборніцтва нямала працаўнікоў  ААТАграабярэг”. А яшчэ гаспадарка заняла першае месца па выніках вясенне-палявых работ.

— Гэтае дасягненне — заслуга ўсяго нашага калектыву.  Кожны ўносіць частку сваёй працы ў агульны вынік, — падкрэслівае дырэктар Пётр Казак. — Гаспадарка павінна быць адзіным арганізмам, які функцыянуе правільна і зладжана. Напярэдадні вясенняй сяўбы мы прыклалі шмат намаганняў: падрыхтавалі тэхніку, нарыхтавалі мінеральныя ўдабрэнні і сродкі аховы раслін. Складаныя поспеху — надвор’е, людзі і тэхналогіі. Нам пашчасціла з раскладам “нябеснай канцылярыі”.  Людзі былі настроены на прадуктыўную працу. Варта адзначыць агранамічную службу на чале з галоўным аграномам Раісай Есімчык і вядучага агранома Максіма Шабана. За падрыхтоўку тэхнікі адказвалі галоўны інжынер Артур Сачок і начальнік ад-дзялення “Азярычына” Валянцін Сайкоўскі. Добра была арганізавана работа рамонтнай майстэрні ў Дудзічах, што дазваляла аператыўна вырашаць усе пытанні.

Аператар па вырошчванні цялят Алена Чычко.

Аператар па вырошчванні цялят Алена Чычко.

Высокіх вынікаў дасягнула   гаспадарка  ў  жывёлагадоўлі. МТФ “Дудзічы-1” — лепшая малочнатаварная ферма ў раёне. Загадчык  Павел Літвін узначальвае яе ўсяго другі год, аднак вынік працы не прымусіў сябе доўга чакаць. Надой на карову на ферме за 10 месяцаў склаў 4636 кілаграмаў, гэта плюс 10 кілаграмаў да мінулага года. Сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе — 748 грамаў, плюс 85 грамаў да мінулага года. Сакрэт поспеху Павел Міхайлавіч бачыць ва ўменні размаўляць з людзьмі, чуць іх і, безумоўна, у добрым стаўленні да жывёлы.

Алена Чычко названа лепшым аператарам па вырошчванні цялят, Таццяна Дзівіцкая — лепшым тэхнікам-асемянатарам, Алена Воранава — лепшым аператарам машыннага даення. Алена Андрэеўна 23 гады працуе ў гаспадарцы. Яе мама і сястра таксама працавалі даяркамі, таму жанчына невыпадкова выбрала для сябе гэтую прафесію. Алена Воранава — пастаянны ўдзельнік абласных і раённых конкурсаў прафесійнага майстэрства. За 10 месяцаў бягучага года яна надаіла 5197 кілаграмаў малака на карову.

Віталь Баранаў працуе ў гаспадарцы першы год, аднак ужо дасягнуў значнага выніку — ён лепшы ў раёне аператар па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы. Сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе маладняку складае 800 грамаў.

— Адказна ставяцца да сваіх  абавязкаў  галоўны  заатэхнік Наталля Таранчанка, галоўны ветурач Алег Гарнак, загадчыца  МТФ “Дудзічы-2” Валянціна Баранава, тэхнік-асемянатар Наталля Усава. Паступова пад іх кіраўніцтвам падрастаюць новыя спецыялісты, — гаворыць Пётр Казак.  — Прызнаюся, што ўзнагароды ў галіне жывёлагадоўлі для нас чаканы вынік, але яшчэ не той, які б мы хацелі мець. У апошнія некалькі гадоў жывёлагадоўля стала асноўным накірункам у нашай гаспадарцы. Мы разумеем, што асноўныя грошы трэба зарабляць на ферме. Звярнулі ўвагу на кармавую базу, на будоўлю сіласна-сянажных траншэй, на рамонт і рэканструкцыю жывёлагадоўчых памяшканняў.

Мяне хвалюе пытанне вытворчасці малака. Надой на карову за 10 месяцаў па гаспадарцы склаў 4321 кілаграм, гэта плюс 245 кіла-грамаў да гэтага ж перыяду мінулага года. Аднак прадуктыўнасць  нашага дойнага статку не тая, якая павінна быць.  Прыбаўленні ў вазе мы атрымліваем. Гэтаму спрыяе мэтанакіраваная работа, якая сістэмна вядзецца на працягу чатырох гадоў. Сёння мы выйшлі на аптымальную тэхналогію ўтрымання і вырошчвання маладняку, аднак у  нас дакладна ёсць рэзервы.

— Шчыра прызнаюся, я не зусім задаволены сёлетнім вынікам працы гаспадаркі, таму што я ацэньваю яго ў перспектыве развіцця. А руху наперад не бу-дзе, калі мы не будзем працаваць  больш эфектыўна і мэтанакіравана на дасягненне высокіх вынікаў.  І працаваць павінны  ўсе, — рэзюмуе Пётр Казак. — Сёлета мы не атрымалі запланаваны ўраджай зерневых культур, хаця ўклалі шмат сродкаў дзеля гэтага. Будзем аналізаваць сітуацыю і разбірацца, на якіх этапах і аперацыях мы дапусцілі тэхналагічныя пралікі. Гэта  заданне на зімні перыяд для агранамічнай службы і для  мяне як кіраўніка.

Кацярына  ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *