У Дружненскай дзіцячай школе мастацтваў успаміналі Напалеона Орду.

 

О-2222У Дружненскай дзіцячай школе мастацтваў  успаміналі пра беларускага музыканта і мастака  Напалеона Орду, 210 гадоў з дня нараджэння якога адзначалася ў гэтым годзе.  Мерапрыемства,  падрыхтаванае па ініцыятыве Дружненскай  дзіцячай бібліятэкі,  будавалася вакол кнігі краязнаўцы з Брэста, кандыдата гістарычных навук  Леаніда Несцерчука “Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны”.  Загадчык  бібліятэкі Святлана Яфіменка змагла звязацца з аўтарам выдання,  і Леанід Міхайлавіч (на здымку) прыехаў на сустрэчу з чытачамі ў пасёлак Дружны.

Кніга “Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны” пабачыла свет  ў 2009 годзе. Як лічаць спецыялісты, яна з’яўляецца найбольш поўнай беларускамоўнай навуковай манаграфіяй пра кампазітара і мастака, які жыў і  працаваў у першай палове XIX стагоддзя і быў актыўным удзельнікам складаных і бурлівых падзей, што адбываліся ў гэты час  на землях Беларусі, Літвы і Польшчы.  Вучоба ў Віленскім універсітэце, турэмнае зняволенне за пад-трымку тайнага студэнцкага таварыства, удзел у паўстанні 1831-1833 гадоў, эміграцыя ў Парыж,  заняткі музыкай і жывапісам, знаёмства з вядомымі кампазітарамі і пісьменнікамі таго часу, сяброўства з Фрэдэрыкам Шапэнам, амністыя і  вяртанне на радзіму, падарожжа па землях былой Рэчы Паспалітай, у выніку якога з’явіліся больш за тысячу архітэктурных  пейзажаў — прыкладна так  у некалькіх радках можна апісаць жыццё Напалеона Орды.

Большасць  малюнкаў, якія стварыў Напалеон Орда — гэта гістарычныя куткі Вялікага княства Літоўскага. У  сваю кнігу аўтар, апрача іншых,  уключыў 238 малюнкаў беларускіх замкаў, сядзіб, кляштараў і проста пейзажаў, у тым ліку і той, на якім адлюстраваны  палац Ашторпаў у Дукоры. 

Што прывяло Орду у Дукору?  Гэта патлумачыў Леанід Міхайлавіч Несцярчук.  Працуючы над кнігай, ён прыйшоў да высновы, што мастак не проста так падарожнічаў па Беларусі, Літве,  Польшчы, Украіне.  Ен выбіраў  мясціны, звязанныя с цікавымі і значнымі падзеямі ў гісторыі Рэчы Паспалітай, жыццём вядомых асоб. Да кожнага падарожжа мастак дасканала рыхтаваўся: працаваў у бібліятэках, каб як мага больш даведацца пра гісторыю тых мясцін, куды збіраўся адправіцца. Вось і Дукора магла  прывабіць яго тым, што некаторы час  знаходзілася ва ўладанні Агінскіх — вядомага ў Беларусі  роду, сярод прадстаўнікоў  якога ёсць і знакамітыя палітыкі, і не менш знакамітыя музыканты. Ды і  Ашторпы, тагачасныя ўладальнікі сядзібы, маглі выклікаць у яго не меншую цікавасць. У сваім палацы Леон Ашторп меў аркестр, хор і тэатр. Яго гасцямі былі Ян Дамель,  Станіслаў Манюшка і іншыя вядомыя на ліцвінскіх землях асобы.

Леанід Несцерчук

Леанід Несцерчук

Арганізатары мерапрыемства імкнуліся не толькі расказаць пра жыццё і дзейнасць Напалеона Орды, яго сувязь з нашымі землямі, але і даць магчымасць  удзельнікам сустрэчы адчуць атмасферу таго часу. Зрабіць гэта дапамаглі настаўнікі і выхаванцы Дружненскай дзіцячай школы мастацтваў і артысты шляхецкага тэатра сядзібна-паркавага турыстычнага комплексу “Дукорскі маёнтак”.  Юныя музыканты падрыхтавалі невялікую канцэртную праграму з твораў Міхала Клеафаса Агінскага, Станіслава Манюшкі, Фрэдэрыка Шапэна. Прагучалі са сцэны і сачыненні самаго Напалеона Орды.  А артысты шляхецкага тэатра разыгралі некалькі сцэн з жыцця беларускай шляхты.  Напрыканцы мерапрыемства яны запрасілі Леаніда Несцерчука наведаць “Дукорскі маёнтак”.

— Галоўнае, чаму мы можам вучыцца ў Напалеона Орды і многіх яго сучаснікаў,  гэта патрыятызм, — падвёў вынік Леанід Міхайлавіч. — Ён ніколі не забываў пра сваю ра-дзіму на чужбіне,  заўсёды называў сябе ліцвінам. А, вярнуўшыся на радзіму, абраў для сябе місію зберагчы для патомкаў воблік архітэктурных помнікаў,  многія з якіх час не захаваў. Дзякуючы гэтаму мы і сёння  ведаем, як выглядаў палац  у дукорскай сядзібе.

З кнігай Леаніда Несцерчука “Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны” ўсе, хто цікавіцца беларускай гісторыяй і культурай, могуць пазнаёміцца ў цэнтральнай раённай бібліятэцы.

Наталля ВАСІЛЬЕВА. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *