У Зазер’і адбыўся марафон “Формула будучага: моладзь + здароўе”.

Б-1

 

Няма нічога больш каштоўнага на свеце, чым здароўе. Як зацікавіць моладзь весці здаровы лад жыцця?  Як зрабіць так, каб моладзь з задавальненнем бавіла час не ў сацыяльных сетках, а на свежым паветры, побач са сваімі сем’ямі? Адказ на гэтыя пытанні паспрабавалі даць арганізатары марафону “Формула будучага: моладзь + здароўе”. Масавыя старты адбыліся ў парку аграгарадка Зазер’е.

Дзіцячы смех, усмешкі дарослых, напружаная спартыўная барацьба і   весялосць — такім запомніцца жыхарам  вёскі  спартыўны  марафон.

Яго арганізатарамі  сталі Беларуская асацыяцыя лёгкай  атлетыкі  і  педагагічны  калектыў    Зазерскай сярэдняй школы. Нягледзячы на  надвор’е, многія  вяскоўцы  аддалі перавагу актыўнаму адпачынку разам са сваімі  сем’ямі. Усяго ўдзельнікамі  марафону  сталі  80 чалавек.

Любы чалавек, нягледзячы на ўзрост, мог стаць удзельнікам гэтага цікавага, а галоўнае, карыснага мерапрыемства.

Самым цікавым стаў сямейны забег, дзе беглі бацькі  разам са сваімі дзецьмі. У ім перамаглі сем’і Анцілеўскіх, Дараховічаў і  Бушневых. Б-2

Не менш  увагі  прыцягнуў   забег “18+”, дзе  пераможцамі сталі Дзмітрый  Ціханскі, Ніна  Цюлькова, Елізавета Сямейка.

Арганізатары марафону не абышлі  ўвагай  ні  малых,  ні сталых жыхароў вёскі. Асабліва  хочацца адзначыць,  што  самаму  меншаму  ўдзельніку — Захару Давыдаву — споўнілася  тры  гады,  а  самаму старэйшаму  — больш за 60.

Усе пераможцы былі ўзнагароджаны медалямі  і  каштоўнымі  прызамі  ад асацыяцыі лёгкай атлетыкі, астатнія  ўдзельнікі  атрымалі  салодкія падарункі.

Вельмі  прыемна  было глядзець, як бацькі адклалі свае дамашнія клопаты і ўключыліся ў спаборніцтва.

Аксана  СІНЯЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *