У мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея прайшла акцыя “Ноч музеяў”.

DSCN2608 (копия) 2Напярэдадні Міжнароднага дня  музеяў  у жыхароў і гасцей нашага горада была магчымасць правесці цікавы вечар у мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея.  Гасцей тут чакалі нават пасля  таго, як  гадзіннікі абазначылі афіцыйнае заканчэнне працоўнага дня: у галерэі прайшла акцыя “Ноч музеяў”. 

Першымі  на  запрашэнне  прыняць удзел у   акцыі адгукнуліся члены ветэранскай арганізацыі горада і школьнікі, і падчас   адкрыцця   мерапрыемства   людзей  у  галерэі сабралася  даволі  шмат. Сустракаў гасцей дырэктар раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч. Размова пачалася ў зале Генрыха Бржазоўскага, імя якога носіць  карцінная галерэя.  Мастак быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, ваяваў у партызанскім атрадзе, таму і  гаварылі спачатку аб гэтым драматычным і адначасова гераічным перыядзе нашай гісторыі: невядомых старонках  партызанскай барацьбы, расстрэле ваеннапалонных у Мар’інай Горцы, дзіцячым лагеры ў вёсцы Скобраўка. 

Затым удзельнікі акцыі адкрылі выставу “Брама навук і мастацтваў нязнаных”. Прысвечана яна  ўзаемнаму ўплыву культур Вялікага княства Літоўскага і Маскоўскага царства і ахоплівае перыяд  з XVI па XVIII стагоддзі.  У абазначаны час у  суседняй дзяржаве  выхадцы з нашых земляў стваралі ўнікальныя іканастасы для храмаў Маскоўскага Крамля, развівалі кнігадрукаванне, рабілі кафлю для  аздаблення    пакояў, выхоўвалі  і  вучылі царскіх дзяцей. “Беларускі след” у рускай культуры даволі значны, пра што і нагадвае выстава.

Апрача гэтага, Аляксандр Прановіч расказаў, як папаўняюцца фонды музея. Гледачам ён прадставіў самы новы экспанат — нямецкае піяніна яшчэ даваеннага выпуску,  якое папоўніла музейную калекцыю  дзякуючы  неабыякавым  людзям. Інструмент ужо ацаніў добры сябра нашага музея кампазітар  Ігар  Лучанок.

У наведвальнікаў мастацкай галерэі была магчымасць пазнаёміцца з творчасцю нашых землякоў  — мастакоў і скульптараў. Дарэчы, у экспазіцыі зараз можна пабачыць  работы вядомага скульптара Аляксандра Фінскага, які ў суаўтарстве з рознымі вядомымі архітэктарамі, скульптарамі, мастакамі  працаваў над стварэннем такіх вядомых у Беларусі мемарыялаў, як “Яма. Мінскае гета”,  “Чырвоны Бераг” у пасёлку з такой жа назвай, помнікаў Сімяону Полацкаму ў Полацку і Адаму Міцкевічу ў Мінску, і іншых. Шмат у галерэі і цікавых жывапісных палотнаў вядомых мастакоў, якія заслугоўваюць увагі.

Наталля  ВАСІЛЬЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *