У мастацкай галерэі раённага края-знаўчага музея адбылася сустрэча з вядомым беларускім мастаком, ураджэнцам Мар’інай Горкі Аляксандрам Пашкевічам

Прымеркавана яна да 70-годдзя мастака, якое ён адзначыў 6 кастрычніка.  З гэтай  нагоды ў галерэі праходзіць выстава карцін Аляксандра Мікалаевіча, якія ён у розныя часы перадаў музею.

dscn7289Магу адразу адзначыць: глядзець ужо знаёмыя палотны разам з іх аўтарам — справа захапляльная. Дылетант, у карціне, якая падабаецца, ніколі не заўважыць нейкія недахопы. Таму вельмі нязвыкла чуць  прызнанні майстра, накшталт “цяпер я гэта напісаў бы інакш”, ці “вось тут трэба крыху яшчэ дапрацаваць”.  Але гэта асаблівасць творчай натуры — імкнуцца да дасканаласці. А дасягнуць яе неверагодна цяжка, нават калі  любімай справай займаешся ўсё сваё жыццё, як  Аляксандр Мікалаевіч, які ўзяў у рукі аловак у  чатыры  гады. За творчае жыццё напісаны сотні жывапісных карцін і лістоў графікі.  Знаходзяцца яны ў розных музеях нашай краіны, у Маскве і Лондане, упрыгожваюць старонкі кніг. Аляксандр Мікалаевіч асабліва ганарыцца тым, што зрабіў ілюстрацыі да твораў Максіма Багдановіча. Гэта яго любімы паэт, дарэчы, як і Янка Купала: карціна, напісаная па матывах  паэмы “Курган” народнага песняра,  пастаянна знаходзіцца ў экспазіцыі нашай карціннай галерэі.

Любоў да паэзіі паўплывала на  мастацкую творчасць Аляксандра Пашкевіча.  Большасць палотнаў, якія дэманструюцца на выставе, можна вызначыць як рамантычныя. І тут ёсць над чым паразважаць. Глядзіш на палатно, а там музыкі  ці коннік, напісаныя ў стылі, які нават дакладна вызначыць цяжка: ці то рэалізм, ці то экспрэ-сіянізм, але ўсё з дадаткам “рамантычны”. І ўсё такое прыцягальнае, хаця і крыху напружанае. А дата напісання карціны — 90-я гады мінулага стагоддзя. Які ж тады рамантызм? Краіна жыла ў нейкай разгубленасці і стане затоенага чакання, што будзе далей. Вельмі захацелася запытаць Аляксандра Мікалаевіча, ці адчуваў ён гэта? Канешне, адчуваў, адсюль і напружанасць у карцінах. Але ў тыя часы ён, як і многія мастакі, быў далёкі ад палітыкі, таму, мабыць, цёмныя фарбы неўладкаванасці і неспакою не прасачыліся на палотны. Хутчэй, было чаканне перамен. Таму  і здаецца, што коннік на адной з карцін разрывае рэчаіснасць на сотні  рознакаляровых кавалкаў, пракладаючы дарогу ў будычыню.

У кожнай карціны аўтара — свая філасофія і свае адказы на шматлікія пытанні, складаючыя аснову жыцця.  З чаго пачынаецца мастацтва? Для жывапісца  —  з палітры і фарбаў са свайго асабістага і непаўторнага ўспрымання жыцця, як на карціне “Пачатак”. А чаканне… Яно бывае светлае, а бывае напружанае, з адценнем трывогі. Пра якое з іх распавядае карціна з аднайменнай назвай, дзе пустыя крэслы і столік са свечкай пасярэдзіне?

Якія карціны самыя любімыя? На такое пытанне не адкажа ні адзін мастак. Любімыя ўсе, нават тыя, што хочацца дапрацаваць.  Як параўноўваць пейзажы, на якіх бацькоўскі дом, сядзіба Бонч-Асмалоўскіх у Блоні, з нацюрмортамі ці  палотнамі, дзе пануюць анёлы? Кожны жанр па-новаму дазваляе раскрыцца мастаку. І кожнае палатно звязана з асабістым жыццём, з яго радасцямі і перажываннямі.

— Ці было так, што вам зусім не хацелася пісаць? — запыталі Аляксандра Мікалаевіча вучні Мар’інагорскай дзіцячай школы мастацтваў, якія прысутнічалі на сустрэчы.

— Ніводнага разу, — прагучаў адказ. —Хаця нічога лёгка не давалася. Кожны твор быў як першы. Каля мальберта, на якім яшчэ чыстае палатно, жыццё мастака пачынаецца нанова, які б вялікі вопыт ні быў за яго плячыма.

Наталля  ПАРХОМЧЫК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *