У ПСУП «Дукора-агра» побач з вопытнымі камбайнерамі і вадзіцелямі працуе моладзь

Плённа шчыравалі на хлебных палетках маладыя людзі і сёлета. Руплівая праца прынесла добрыя вынікі: дукорскія хлебаробы і вадзіцелі ў ліку лепшых сярод моладзі на раённым спаборніцтве.    

Міхаіл Пікулік на хлебнай ніве працуе з  15 гадоў.  Пачынаў у якасці памочніка камбайнера, дапамагаў бацьку. Стаць камбайнерам Міхаілу, напэўна, было наканавана лёсам: яго дзяцінства фактычна прайшло ў кабіне камбайна.

2— З трох гадоў я, можна сказаць, жыў у камбайне. Мяне не было з кім пакінуць дома, таму бацька браў з сабой у поле, — расказвае субяседнік. — Тады з’явілася цікавасць да тэхнікі.  Час бяжыць хутка: на камбайне, які 11 гадоў назад атрымаў бацька, ужо працую я.  За маімі плячыма — дзевятая ўборачная. Сёлета ўпершыню ўбіраў хлеб з памочнікам Сяргеем Антановічам.

 Апошнія тры гады прозвішча Міхаіла пастаянна фігуруе сярод лідараў раённага спаборніцтва.  Сёлета ён таксама ставіў перад сабой высокія мэты, аднак з-за паломкі камбайна быў вымушаны некалькі дзён стаяць на мехдвары. Нягледзячы на гэта, тысячную мяжу па намалоце камбайнер пераадолеў.

— За ходам спаборніцтва ўважліва не сачыў, баяўся спалохаць фартуну, — з усмешкай гаворыць Міхаіл. — Ужо хочацца быць двухтысячнікам. Спадзяюся, у наступным годзе ў мяне гэта атрымаецца.

Камбайнер прызнаўся, што да нялёгкай працы  прывык. Адпачываць Міхаілу пакуль няма калі: у хуткім часе будзе ўбіраць кукурузу.Леанід Агіевіч працуе  ў гаспадарцы інжынерам-механікам. Апошнія шэсць гадоў падчас уборачнай ён становіцца часткай каманды дукорскіх камбайнераў. Сёлета Леанід працаваў з памочнікам Аляксеем Ярмолічам, які добра дапамагаў камбайнеру.

— Гэтая ўборачная была лягчэйшай, чым у мінулым годзе. 14 жніўня мы цалкам  завяршылі жніво, — расказвае Леанід. — Мой камбайн адносна новы: яму 6 гадоў. Сур’ёзных праблем з тэхнікай не ўзнікала. Паломкі самастойна ліквідаваў.

— Леанід Уладзіміравіч — майстар на ўсе рукі. Ён разбіраецца ў рознай тэхніцы, складанай электрыцы, адрамантаваць можа практычна ўсё, — дадае намеснік дырэктара  па ідэалагічнай рабоце Людміла Шкробат.

 Камбайнер вынікамі жніва ў цэлым задаволены. Ён намалаціў больш за 1500 тон зерня. Як і Міхаіл Пікулік, у наступным годзе будзе старацца дасягнуць двухтысячнага рубяжа.  Леанід ужо выконвае свае звыклыя абавязкі. На парадку дня — азімая сяўба. Інжынер-механік сочыць за станам пасяўных агрэгатаў.Адзінаццаты сезон зерне ад камбайнаў адвозіць Вадзім Каляда. У гэтым годзе ўборачная  для вадзіцеля пачалася з паломкі. 10 дзён яго МАЗ быў на рамонце, аднак гэта не перашкодзіла Вадзіму стаць лепшым.

— Штогод я стараюся перш за ўсё хутка і якасна спрацаваць, тады і вынікі будуць  добрыя, —  гаворыць Вадзім. — Пра спаборніцтва не думаў. Праца ў нас не з лёгкіх, аднак я за столькі гадоў прызвычаіўся. Лета для сельскай гаспадаркі — гарачы сезон. Канешне, хацелася б адпачываць у гэты перыяд дзе-небудь каля возера, як іншыя, але жніво чакаць не будзе.

Вольны час Вадзім любіць праводзіць з сям’ёй. Дарэчы, нядаўна сям’я Каляда заняла другое месца на раённым  этапе сельскагаспадарчага конкурсу “Уладар сяла”. 

— Вясной да нас прыйшоў працаваць вадзіцелем Ілья Чарвінскі. Гэта была яго дэбютная ўборачная, — дадае Людміла Шкробат. — Ілья не адставаў ад калег і перавёз больш за 1300 тон зерня.  Мы ўсе віншуем яго з перамогай і жадаем далейшых працоўных поспехаў.

Кацярына  ДАБРЫЦКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *