Пухаўчанкі гуляюць у… футбол

Футбол, я заўсёды лічыла, зусім не жаночая гульня. Занадта рухомая, занадта азартная, занадта траўманебяспечная. І многія, я ўпэўнена, са мной згодныя. Многія, але не выхаванкі трэнера Дзмітрыя Ламака. І галоўная прычына таму:  яны — футбалісткі жаночай  каманды, якая існуе  няпоўныя 2 гады, але ўжо мае выдатныя спартыўныя вынікі.

— У нашым раёне жаночы футбол атрымаў сваё развіццё дзякуючы жанчынам-педагогам, — расказвае Дзмітрый Ламака. —  Настаўнікі фізічнай культуры Мар’інагорскай СШ №4 Ірына Канопліч і Кацярына Богдан у 2013 годзе набралі каманду дзяўчынак 2000-2002 гадоў нараджэння для ўдзелу ў раённых спаборніцтвах сярод школьнікаў. Гэта былі першыя спробы заявіць пра тое, што жаночы футбол і для юных пухавіччанак можа прадстаўляць цікавасць.

IMG_4489 копияУ 2014 годзе каманда, дапоўненая дзяўчынкамі з іншых школ раёна (Рудзенскай, Пярэжырскай, Мар’інагорскай СШ №2), стала трэніравацца пры  Пухавіцкай ДзЮСШ.Трэба сказаць, што каманда падабралася баяздольная. Таму поспехі не прымусілі сябе доўга чакаць. На першых абласных спаборніцтвах пухавіччанкі выйшлі ў фінал і змагаліся за першае месца, але саступілі перамогу мінчанкам і сталі сярэбранымі прызёрамі. Гэта быў больш чым добры вынік для дэбютантак.

Затым яны здзівілі ўсіх падчас абласных алімпійскіх дзён моладзі, дзе давялося супернічаць з камандамі, укамплектаванымі спартсменкамі, якія былі на 2-3 гады старэйшымі за нашых дзяўчынак, да таго ж, навучаліся ў спецыялізаваных школах і мелі значна большы вопыт гульняў. Але і гэта не перашко-дзіла нашым дзяўчатам стаць прызёрамі спаборніцтваў.Чарговую перамогу яны заваявалі ў фінале абласнога этапу Кубка “Кока-Колы”, не пакінуўшы суперніцам ніводнага шанцу (тры перамогі і толькі адзін прапушчаны мяч). Дзяўчаты атрымалі абласны кубак і права прадстаўляць Мінскую вобласць у фінале рэспубліканскага турніру. І толькі там прайгралі больш вопытнай камандзе са спецыялізаванай школы № 47 горада Мінска.

— Па выніках тых гульняў наша Юлія Ляпіч была прызнана лепшай нападаючай турніру, — расказвае Дзмітрый Ламака. — Пасля яго прайшоў роўна год. І многія нашы дзяўчынкі значна дадалі ў майстэрстве. Гэта адзначаюць усе трэнеры, якія назіраюць за выступленнем каманды. Лідарамі застаюцца дзяўчаты з першапачатковага складу — Насця Хмялеўская, Насця Шчэрба, Марыя Качан (Мар’інагорская СШ №4), а таксама Насця Тагаева (Пярэжырская СШ). І іншыя дзяўчынкі цягнуцца за імі. Цяжка вылучыць кагосьці асобна, таму што ўсе працуюць, стараюцца паказваць добрую гульню, каб не падводзіць каманду. Не выключана, што хтосьці пасля цяперашняга Кубка “Кока-Колы” атрымае цікавыя прапановы.

Дзяўчынкі прызнаюцца, што іх ніколі не трэба прымушаць ісці на трэніроўку: вельмі цікава гуляць у футбол. А якраз усё тое, што я лічыла супрацьпаказаннем для заняткаў гэтым відам спорту, наадварот, прыцягвае дзяўчат. І імклівасць гульні, і немалыя фізічныя нагрузкі, і рызыка. Але яшчэ больш дзіўным мне здалося тое, што амаль усе дзяўчынкі гатовы разглядаць футбол у якасці свайго асноўнага занятку на будучыню. Што ж, калі займацца чымсьці, то чаму не імкнуцца да прафесійнага ўзроўню?

— Каманда, складзеная з дзяўчынак 2000-2001 гадоў нараджэння, не адзіная жаночая каманда ў раёне, — гаворыць трэнер Дзмітрый Ламака. — У верасні 2014 года Пухавіцкая ДзЮСШ правяла набор дзяўчынак 2004-2005 гадоў нараджэння (трэнер Васіль Матусевіч) і дзяўчынак 2007-2008 гадоў нараджэння, якія трэніруюцца ў мяне. Камплектаванне каманд гэтых узростаў працягваецца і сёння. Таму запрашаю зацікаўленых дзяўчат, якія не маюць супрацьпаказанняў па стане здароўя, да заняткаў.

Малодшыя дзеці, дарэчы, не адстаюць ад старэйшых: у 2014 годзе яны ў першынстве Мінскай вобласці па футболе (2005-2006 год нараджэння) занялі 3-е месца, а ў 2015 годзе юныя футбалісткі ў гэтых жа спаборніцтвах у двух узростах (2004-2005 і 2006- 2008 гадоў нараджэння) сталі другімі.

Алена  ШАНТЫКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *