У раёне прайшоў конкурс аматарскай творчасці «З рога ўсяго многа».
«З рога ўсяго многа» — так у гэтым годзе называўся традыцыйны конкурс аматарскай творчасці, які прайшоў у раёне. Тэма была выбрана ўніверсальная. Таму і сваю работу з разнастайнымі аматарамі творчасці Дамы культуры змаглі паказаць у поўным аб’ёме. Такую мэту, дарэчы, ставіў і арганізатар агляду — раённы цэнтр культуры. І яна была дасягнута: перад журы паўстала поўная панарама культурнага жыцця раёна.
Традыцыйна да агляду рыхтуюцца ўсе Дамы культуры, сельскія клубы. Іх у раёне 20. Але самыя актыўныя, якія на працягу года ўдзельнічаюць у раённых мерапрыемствах, выступаюць на абласных і рэспубліканскіх пляцоўках, свой залік атрымалі “аўтаматам”. Сярод іх Дружненскі і Рудзенскі пасялковыя, Блонскі, Борскі, Дукорскі сельскія Дамы культуры.
Кожны Дом культуры да агляду падрыхтаваў выставы работ удзельнікаў разнастайных гурткоў, арыгінальную канцэртную праграму, якая падкрэслівала асаблівасці яго дзейнасці.
Напрыклад, у Ананіцкім сельскім клубе актыўна працуюць з дзецьмі. Гэты напрамак і стаў галоўным у прэзентацыі работы. У Турыне няма дзіцячых гурткоў і творчых калектываў, але арганізаваны дзіцячы пакой вольнага часу, дзе з малымі праводзяць цікавыя гульні і творчыя заняткі.
Удзельнікі самадзейнага калектыву “Вярбічанька” Дрычынскага сельскага Дома культуры прадставілі праграму “Свята гарбаты і меду”.
У Голацку запрасілі на вячоркі. У мясцовым Доме культуры ў гэтым годзе адбыўся маштабны рамонт, таму і абыгралі гісторыю пра тое, як гаспадыня запрасіла ў новую хату гасцей.
Прайшлі “Вячоркі” і ў Зазерскім сельскім Доме культуры. Тут акцэнт зрабілі на рабоце з захавальнікамі народнай спадчыны.
Савецкую кінакласіку ўзялі за аснову праграмы ў Светлаборскім сельскім Доме культуры. Сваю пастаноўку там зрабілі па матывах фільма “Іван Васільевіч мяняе прафесію”, дзе галоўным героем стаў усімі любімы Шурык. Пабываў ён і ў мінулым, і ў будучыні. І вось у такім антуражы светлаборскія артысты змаглі прадставіць і сваё вакальнае мастацтва, і харэаграфічнае, і музычнае: паказалі, што ў Светлым Бары і чачотку могуць біць, і на гармоніку іграць.
Сваё “Вёскабачанне” арганізвалі ў Навасёлках. У праграме прагучала шмат жартаў і прыгожых песень.
“Свет памяці, свет сэрца, свет душы” — так называлася сумесная праграма Габрыелеўскага і Шацкага сельскіх Дамоў культуры. Прысвечана яна была памяці чалавека, якога добра ведалі і паважалі ў рэгіёне — былога дырэктара Габрыелеўскага Дома культуры Уладзіміра Кухарчыка, які год таму раптоўна пайшоў з жыцця. На мерапрыемстве прысутнічалі родныя і сябры Уладзіміра Іванавіча. Арганізатары сабралі фотаздымкі, відэаматэрыялы пра яго жыццё і працу. Дзякуючы відэаархіву, удзельнікі мерапрыемства змаглі яшчэ раз пабываць на спектаклі “Чарнобыльская трагедыя”, што быў пастаўлены Уладзімірам Кухарчыкам у Габрыелеўскім сельскім Доме культуры.
Пухавіцкі сельскі Дом культуры падрыхтаваў эстрадную праграму. Сваё майстэрства прадэманстравалі харэаграфічныя калектывы “Гарэзы” і “Рамонкі”, вакальная група “Пяшчота”.
На думку членаў журы, на высокім узроўні прэзентаваў сваю дзейнасць Праўдзінскі пасялковы Дом культуры. Яго праграма мела назву “Старыя песні аб галоўным”. Яе стваральнікі знайшлі цікавыя рашэнні: кожны канцэртны нумар артыстаў-аматараў суправаджала відэа, на якім можна было пабачыць першых выканаўцаў твораў, што гучалі са сцэны.
— Работнікі Дамоў культуры, артысты-аматары па-сапраўднаму парадавалі, — агучыла свае ўражанні дырэктар раённага цэнтра культуры Аксана Жаромская. — Прыемна, што людзі займаюцца творча-сцю, укладаюць у гэта душу. Хочацца, каб больш моладзі прыходзіла ў Дамы культуры.
На працягу года ўсе Дамы культуры стваралі відэафільмы аб сваёй рабоце. А 13 студзеня работнікі збяруцца на мерапрыемства “Стары год збірае сяброў”, дзе будуць названы лепшыя Дамы культуры, паказаны лепшыя нумары, якія ўваходзілі ў праграмы, падрыхтаваныя да агляду.
Наталля ПАРХОМЧЫК.