У сельгасарганізацыях раёна массава ідзе хімпраполка.
У маі да шматлікіх відаў палявых работ у сельгасарганізацыях раёна дабавіўся яшчэ адзін — хімпраполка. Яна працягваецца і зараз.
— Хімпраполка зараз носіць масавы характар, — адзначае намеснік начальніка інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін па Пухавіцкім раёне Галіна Ярмак. — Спачатку апрацоўвалі палеткі з азімымі культурамі, затым прыступілі да яравых збожжавых. Гэтыя работы амаль завершаны. Цяпер гаспадаркі праводзяць хімпраполку кукурузы і фунгіцыдную апрацоўку азімых збожжавых і рапсу.
Усе сельгасарганізацыі цалкам забяспечаны неабходнымі хімікатамі. Сухое сонечнае надвор’е таксама спрыяе правядзенню хімпраполкі.
— Аптымальная тэмпература для гэтага віду работ — ад плюс 12 да плюс 25 градусаў, пры такіх умовах прэпараты найбольш актыўна ўздзейнічаюць на расліны, — працягвае Галіна Анатольеўна. — Хуткімі тэмпамі хімпраполку на сваіх землях праводзяць адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Агра-Абярэг”, “Голацк”, ПСУ “Рудзенскае” і ЭБ “Зазер’е”.
Сёлета на палях некаторых гаспадарак пасеялі цукровыя буракі. Яны патрабуюць асаблівай увагі: хімпраполка праводзіцца тры-чатыры разы. Дзве хімічныя апрацоўкі ўжо зроблены, сельгасарганізацыі прыступілі да трэцяй.
Атрымаць добры ўраджай цукровых буракоў — задача няпростая. Значную ролю адыгрывае і кампетэнтнасць агранома, і прафесіяналізм механізатара, які выконвае хімпраполку. Важна своечасова і якасна правесці барацьбу з пустазеллем і шкоднікамі.
Апрацоўваць свае палі хімічнымі прэпаратамі працягваюць таксама фермеры, якія займаюцца вырошчваннем лёну. ААТ “Слуцкі ільнозавод”, які сее гэтую культуру на пухавіцкіх палях, хімпраполку завяршыла.
Кацярына ДАБРЫЦКАЯ.