Чарговы сельскагаспадарчы сезон хутка набірае тэмпы

На палеткі раёна штодзень выязджае спецыялізаваная  тэхніка, вядзецца комплекс работ. Земляробы шчыруюць на палях з ранку  да вечара.  Іх галоўны памочнік  — спрыяльнае надвор’е. У сонечныя пагодлівыя дні і глеба хутчэй праграваецца, і вясенні  настрой станоўча адбіваецца на выніках працы.

На добрае надвор’е разлічваюць і земляробы сельгасфіліяла “Дрычын”.  Мы завіталі ў гаспадарку ў сераду. На палях каля вёскі Каробавічы трэці дзень вялася падкормка азімых культур. Нават невялікі дождж не стаў сур’ёзнай перашкодай для  працы.

IMG_1070—  Ранняя вясна нас радуе. Але ападкі могуць унесці карэктывы ў палявыя работы, — расказвае галоўны аграном Галіна Сіпач. — Землі ў нас нізкія, вільгаці сёлета ў глебе шмат. Кожны дзень зранку аб’язджаю палі і гляджу, дзе зможа тэхніка праехаць, а дзе трэба пакуль пачакаць. 

На агракомплексе “Раса” падкормкай азімай пшаніцы займаўся   механізатар  Аляксей  Моўчан.  Гэтая  машына на лёгкіх гумовых колах  не баіцца мокрых участкаў глебы.

— Пакуль праца ідзе без сур’ёзных замінак. Мы не можам дазволіць сабе губляць каштоўны час, таму вадкія азотныя ўдабрэнні мне падвозяць адразу два трактары.  Працуюць на іх Аляксей Вальковіч і Дзмітрый Мялешка, — гаворыць Аляксей Моўчан. — У поле я выйшаў яшчэ на мінулым тыдні: ужо падсеяў  150 гектараў канюшыны. На чарзе — падкормка  азімага трыцікале і жыта.

У суботу ў сельгасфіліяле плануюць распачаць пасяўную кампанію. Удабрэнні пад яравую сяўбу ўжо ўнеслі, насенне і тэхніка таксама падрыхтаваны. Надвор’е будзе галоўным фактарам, які дасць старт сяўбе. Сёлета ў плане сяўбы  СПФ “Дрычын”  з’явіліся цукровыя буракі. Іх трэба пасеяць на 120 гектарах.

Віктар Савасцюк, Вячаслаў Шухаў, Ігар Лінскі

Віктар Савасцюк, Вячаслаў Шухаў, Ігар Лінскі

Кіпіць работа таксама на палях  ААТ “Племянны завод “Індустрыя”. Удабрэнні пад  азімыя  культуры  ўносяць  Максім  Сахончык, Пётр Чэпікаў, Аляксей Скіндэр. На  падвозцы  задзейнічаны  Дзмітрый  Лістападаў.

— Падкормку азімай пшаніцы мы пачалі ў аўторак.  Надвор’е пакуль не дае  працаваць у поўную сілу. Спадзяемся, што яно хутка ўсталюецца, — гаворыць галоўны аграном гаспадаркі  Сяргей Алесік. 

Аляксей Моўчан

Аляксей Моўчан

На другім полі хуткімі тэмпамі ідзе ўнясенне арганікі пад  кукурузу. Вячаслаў   Шухаў,   Віктар  Савасцюк  і Ігар Лінскі таксама арганізавалі  зладжаную каманду.

— Нас, напэўна, падбіралі ў звяно па імёнах па бацьку, бо ўсе мы Іванавічы, — з усмешкай расказвае Вячаслаў Шухаў. —  Зімой вывозілі арганіку на палі, і вось ужо другі  тыдзень  займаемся яе ўнясеннем у глебу. За дзень разам з Віктарам уносім больш за 1000 тон арганікі. Ігару Іванавічу  часу на адпачынак  не даём: ён  на пагрузчыку пастаянна загружае нашы «Ферабоксы».

Працоўны дзень у земляробаў пачынаецца ў 7 гадзін раніцы і доўжыцца  да 19 гадзін. Смачныя гарачыя абеды ім дастаўляюць у поле.

Земляробы з «Індустрыі» таксама хутка плануюць пачаць сеяць авёс і зернебабовыя культуры. Увесь калектыў накіраваны на добрую прадуктыўную працу.

Кацярына   ВЕРНІКОЎСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *