10 з 24 медалёў — нашы скалалазы паспяхова выступілі на Адкрытым Кубку раёна

Раман Калееў.

Больш  за іншых — 10 медалёў з 24 — заваявалі нашы землякі на Адкрытым Кубку Пухавіцкага раёна па спартыўным скалалазанні. На старт выйшлі  дзеці ва ўзросце 12 гадоў і маладзейшыя. Іх вынікі даказваюць, што ў Марінай Горцы працягваюць рыхтаваць лепшых спартсменаў у рэспубліцы.

Сапернікамі пухавіччан былі скалалазы з Гомеля, Мінска, Віцебска, Магілёва, Бабруйска і іншых гарадоў. Асаблівасці спаборніцтваў — захаванне масачнага рэжыму і санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. Спартсмены, якія завіталі на пухавіцкі скаладром, падкрэслілі, што сумавалі без спаборніцтваў, таму шчыра дзякавалі за магчымасць паўдзельнічаць і назвалі Адкрыты Кубак нашага раёна сапраўдным святам.

Святочны настрой панаваў у пухавіччан. Прычына гэтаму — добрыя вынікі.  Чэмпіёнамі сталі Раман Калееў, Паліна Захарава, Аляксей Нікагасян і Яўген Федзянкоў. На другую прыступку п’едэстала падняліся Лізавета Захарава, Яўген Шырокі, Марк Мотуз і Яраслаў Радзвілавічус. Бронзавыя прызёры спаборніцтваў — Даніла Халязнікаў і Таццяна Мазоўка. Адзінаццацігадовая Таня, дарэчы, усяго другі год займаецца скалалазаннем, аднак на спаборніцтвах ужо паказвае высокі ўзровень майстэрства.

Лізавета Захарава.

— Радасна, што ў нашу секцыю прыходзяць сем’ямі. Старэйшыя брат або сястра становяцца прыкладам для малодшых. Так адбылося ў сям’і Уласавых, Захаравых, Нікагасянаў, Федзянковых. Чатырохгадовы Багдан Федзянкоў, напрыклад, быў  самым малодшым удзельнікам спаборніц-тваў  і шчыра радаваўся перамозе старэйшага брата Яўгена, — адзначае педагог дадатковай адукацыі ДУДА “Цэнтр турызму дзяцей і моладзі Пухавіцкага раёна” Дзмітрый Ніканораў. — А нашы старэйшыя 15-гадовыя выхаванцы Павел Астапчык, Максім Гаман, Каця Ганчарэвіч і Павел Сацута дапамагалі мне ставіць трасы і выступілі ў якасці суддзяў. З пастаўленай задачай яны выдатна справіліся. Спонсарскую дапамогу ў правядзенні спаборніцтваў нам аказала ААТ “Машхарчпрад”.

Наступнай кропкай, дзе пухавіччане правераць свае сілы, стане Гомель. Там пройдуць рэспубліканскія спаборніцтвы. Гомельскі скаладром ужо прыносіў нашым спартсменам поспех.

Кацярына   ВЕРНІКОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *