10 з 24 медалёў — нашы скалалазы паспяхова выступілі на Адкрытым Кубку раёна
Больш за іншых — 10 медалёў з 24 — заваявалі нашы землякі на Адкрытым Кубку Пухавіцкага раёна па спартыўным скалалазанні. На старт выйшлі дзеці ва ўзросце 12 гадоў і маладзейшыя. Іх вынікі даказваюць, што ў Мар’інай Горцы працягваюць рыхтаваць лепшых спарт—сменаў у рэспубліцы.
Сапернікамі пухавіччан былі скалалазы з Гомеля, Мінска, Віцебска, Магілёва, Бабруйска і іншых гарадоў. Асаблівасці спаборніцтваў — захаванне масачнага рэжыму і санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. Спартсмены, якія завіталі на пухавіцкі скаладром, падкрэслілі, што сумавалі без спаборніцтваў, таму шчыра дзякавалі за магчымасць паўдзельнічаць і назвалі Адкрыты Кубак нашага раёна сапраўдным святам.
Святочны настрой панаваў у пухавіччан. Прычына гэтаму — добрыя вынікі. Чэмпіёнамі сталі Раман Калееў, Паліна Захарава, Аляксей Нікагасян і Яўген Федзянкоў. На другую прыступку п’едэстала падняліся Лізавета Захарава, Яўген Шырокі, Марк Мотуз і Яраслаў Радзвілавічус. Бронзавыя прызёры спаборніцтваў — Даніла Халязнікаў і Таццяна Мазоўка. Адзінаццацігадовая Таня, дарэчы, усяго другі год займаецца скалалазаннем, аднак на спаборніцтвах ужо паказвае высокі ўзровень майстэрства.
— Радасна, што ў нашу секцыю прыходзяць сем’ямі. Старэйшыя брат або сястра становяцца прыкладам для малодшых. Так адбылося ў сям’і Уласавых, Захаравых, Нікагасянаў, Федзянковых. Чатырохгадовы Багдан Федзянкоў, напрыклад, быў самым малодшым удзельнікам спаборніц-тваў і шчыра радаваўся перамозе старэйшага брата Яўгена, — адзначае педагог дадатковай адукацыі ДУДА “Цэнтр турызму дзяцей і моладзі Пухавіцкага раёна” Дзмітрый Ніканораў. — А нашы старэйшыя 15-гадовыя выхаванцы Павел Астапчык, Максім Гаман, Каця Ганчарэвіч і Павел Сацута дапамагалі мне ставіць трасы і выступілі ў якасці суддзяў. З пастаўленай задачай яны выдатна справіліся. Спонсарскую дапамогу ў правядзенні спаборніцтваў нам аказала ААТ “Машхарчпрад”.
Наступнай кропкай, дзе пухавіччане правераць свае сілы, стане Гомель. Там пройдуць рэспубліканскія спаборніцтвы. Гомельскі скаладром ужо прыносіў нашым спартсменам поспех.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.