100 гадоў! Жыхарка нашага раёна адзначыла векавы юбілей
Прозвішча Вольгі Агейчык з Прыстані на гэтым тыдні на вуснах амаль ва ўсіх аднавяскоўцаў. Суседзі, сустракаючы жанчыну каля аўталаўкі, віншуюць яе з днём нараджэння і нясмела ўдакладняюць, ці сапраўды Вользе Андрэеўне споўнілася 100 гадоў.
—Я часам сама не веру, што жыву ўжо цэлае стагоддзе, — пачынае размову юбілярка. — Усё жыцце прайшло тут, у Прыстані. Сумна назіраць, як пусцеюць хаты. Маіх сяброў амаль ужо не засталося. Сын з нявесткай часта прыязджаюць, дапамагаюць у гаспадарчых справах.
Сёлета Вольга Андрэеўна адышла ад гаспадарскіх клопатаў. Вочы сталі дрэнна бачыць – толькі гэта спыняе юбілярку. Агарод пасадзілі і даглядаюць дзеці. Але жанчына ўсё роўна не можа сядзець на месцы — заўсёды знойдзе сабе занятак.
З дзяцінства Вольга Агейчык была прывучана да работы. На правах старэйшай яна была галоўнай памочніцай маці (у сям’і яшчэ гадаваліся тры сястры і брат). Умела рабіць усю мужчынскую работу: каня запрагала, арала, траву касіла. Больш за сорак гадоў працавала ў мясцовым калгасе. Мае шмат узнагарод. Суседзі часта называюць Вольгу Андрэеўну стаханаўкай – заўсёды яна старалася быць у ліку лепшых.
Сваю біяграфію юбілярка расказвае сама. З асаблівым пачуццём успамінае вайну. Вольга Андрэеўна расказала, як у Прыстань прыйшлі немцы. Яе родная сястра была партызанкай, і калі б немцы пра гэта даведаліся, адразу расстралялі б усю сям’ю. Жанчына таксама хадзіла ў партызанскі атрад і дапамагала там арганізаваць побыт. На шчасце, усе родныя засталіся жывымі.
Пасля вайны разам з мужам выгадавалі траіх дзяцей. Тройчы пазналі шчасце быць бабуляй і дзядуляй. Дачакалася Вольга Андрэеўна і чатырох праўнукаў. Вельмі любіць, калі яны прыязджаюць у госці.
На гэтым тыдні юбілярка атрымала новы пашпарт. Вольгу Андрэўену прыехалі павіншаваць начальнік аддзялення па грамадзянству і міграцыі Пухавіцкага РАУС Марына Масленнікава і старшыня Навапольскага сельвыканкама Лілія Брандт. Падарунак — газавую плітку — былой супрацоўніцы сяргеевіцкага калгаса перадало кіраўніцтва ААТ “Зазерка”. Вольга Андрэеўна шчыра дзякавала за ўвагу і пажадала ўсім гасцям дажыць да яе гадоў.
Галоўным пажаданнем для юбіляркі ў гэты дзень было моцнае здароўе. Сваю бадзёрасць і жыццёвы аптымізм Вольга Агейчык зберагла. Яна расказала, што яе бабуля пражыла да 106 гадоў! Літаральна месяц назад у жанчыны нарадзіўся праўнук. Прызналася, што хочацца ўбачыць яго першыя крокі. Таму трэба яшчэ жыць.
Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ.