100-гадовай жыхарцы Мар’інай Горкі ўручылі новы пашпарт

Дачка стогадовай імянінніцы Ганны Пархімовіч Галіна Сойка і начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Марына Масленнікава.

— Калі мама, ужо будучы на пенсіі, атрымлівала свой пашпарт, яна здзівілася, што тэрмін яго дзеяння аж да ста гадоў, — расказвае жыхарка Мар’інай Горкі Галіна Сойка. — Сказала тады: “Ну, вось дакумент на ўсё жыццё”…  Хіба думалі мы, што прыйдзе дзень, калі нам выдадуць новы пашпарт?..

Галіна Паўлаўна Сойка гасцінна сустракала начальніка аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Пухавіцкага РАУС Марыну Масленнікаву і работнікаў цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. На жаль, сама імянінніца ўжо не здолее прымаць гасцей: здароўе стала падводзіць. Аднак з цікавасцю разглядае новы дакумент і вітаецца з усімі, хто прыехаў павіншаваць яе са стогадовым юбілеем.

— Мама (Ганна Васільеўна Пархімовіч) нарадзілася ў Старадарожскім раёне ў вялікай сям’і, — расказвае Галіна Паўлаўна. —  З шасцярых дзяцей вайну перажылі толькі трое. Яна перад вайной скончыла медыцынскае вучылішча і нядоўга працавала фармацэўтам. Аднак пасля таго, як выйшла замуж, пра спецыяльнасць, на жаль, забылася. Працавала разам з татам у школе. Тата, Павел Барысавіч, быў настаўнікам і дырэктарам школы ў Старадарожскім раёне. Яго ведалі многія жыхары.

Аднак жыццё склалася так, што бацькі Галіны Паўлаўны пераехалі да дачкі ў Мар’іну Горку. Жылі разам. Ужо 14 гадоў, як не стала Паўла Барысавіча. І засталіся ў гэтым вялікім доме дзве жанчыны: маці і дачка…

— Мама — малайчына, — кажа Галіна Паўлаўна. — Яна заўсёды была байцом. Устала на свае ногі нават пасля пералому шыйкі бядра, што для многіх з’яўляецца прысудам.

Зараз, канешне, узрост сваё бярэ. Аднак мы стараемся падтрымліваць адна адну, бо гэта важна для нас. Заўсёды з нецярпеннем чакаем у госці майго сына Аляксандра і яго сям’ю. Дарэчы, у мамы ёсць праўнучка і два праўнукі. Так што ёсць каму радавацца і дзеля каго жыць…

Алена  ШАНТЫКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *