150 гадоў з дня нараджэння вядомай пісьменніцы  Лесі  Украінкі адзначылі ў Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеі

150 гадоў з дня нараджэння вядомай пісьменніцы  Лесі  Украінкі адзначылі ў Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеі. Па традыцыі на мерапрыемства прыехалі госці з Пасольства Украіны: першы сакратар па пытаннях украінскай дыяспары Іван Башняк і першы сакратар па  пытаннях культуры  Сяргей  Салавей. Разам з імі наведала веску Блонь Маргарыта Кучук, кіраўнік маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Украінскае музычнае таварыства “Криниця”. Сустракалі   гасцей   работнікі культуры   нашага  раёна і  члены раённай  ветэранскай  арганізацыі.

Пачалі мерапрыемства супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі, якія напомнілі біяграфію Лесі Украінкі.  Пра яе лёс расказаў і  Аляксандр Прановіч, дырэктар музея. Ён павёў размову пра творчы шлях паэткі і пра тое, як складваліся адносіны паміж ёю і Сяргеем Мяржынскім.

— Яны вельмі моцна кахалі адзін аднаго амаль з самай першай сустрэчы і да канца жыцця. Усё было  ў  гэтых  маладых  людзей, але не было самага галоўнага — здароўя. Яны памерлі маладымі: Сяргею было каля 30 гадоў, Леся пакінула гэты свет у 42 гады. Пасля  смерці  Мяржынскага  яна  насіла  жалобнае адзенне да канца сваіх дзён.

Аповяд пра жыццё паэткі прадоўжыў першы сакратар Пасольства Украіны ў  Беларусі  Іван  Башняк. Ён размаўляў на  ўкраінскай мове, але нікому з прысутных  гэта  не  перашкодзіла зразумець яго.  Іван  Сяргеевіч     падзякаваў Аляксандру Прановічу за традыцыйны дзень памяці выдатнай пісьменніцы, а ўсім, хто быў у зале, напомніў, што беларусы і ўкраінцы — найбліжэйшыя народы.

Іван Башняк.

— Нам вельмі прыемна, што вы штогод не забываеце ўшанаваць памяць нашай пісьменніцы. Праз яе паэзію і такія цёплыя сустрэчы працягваецца вялікае сяброўства паміж беларусамі і ўкраінцамі.

Лірычнай кропкай у гэтым мерапрыемстве стала выступленне кіраўніка і салісткі ансамбля “Криниця” Маргарыты Кучук. Яна выканала песні на вершы Лесі Украінкі.

Лізавета ГУЛЬМАТАВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *