Спецыяльны прыз і дыплом XV Міжнароднага фестывалю “Іграй, гармонік і цымбалы”

Са спецыяльным прызам і дыпломам XV Міжнароднага фестывалю “Іграй, гармонік і цымбалы” ў намінацыі “За зберажэнне народных традыцый”  вярнуўся дадому фальклорны гурт “Сяброўкі” Дукорскага СДК.

Ганаровае права прадстаўляць Мінскую вобласць на фестывалі, які прайшоў у горадзе Паставы,  дукорскія самадзейныя артысткі заслужылі ўдалым выступленнем на абласной фальклорнай талацэ “Іграй,  гармонік” у канцы мая ў  Нясвіжы.

У іх самабытным калектыве ўсе не толькі хораша спяваюць. Ніна Сямёнаўна Гаўрылюк і Тамара Уладзіміраўна Міхаленка іграюць на гармоніках, Алена Мікалаеўна Петрусенка — на бубне, а Любоў Валяр’янаўна Губашына — на трашчотках. Рэпертуар гэтага юнага па ўзросту гурта, створанага толькі  ў мінулым годзе, заснаваны на народнай культурнай спадчыне: традыцыйныя для беларусаў інструменты,  танцы і ўборы, фальклорныя песні і частушкі.

На конкурсную праграму дукорскія “Сяброўкі”, а асновай стварэння калектыву паслужыў менавіта гэты прынцып аб’яднання ўлюбёных у фальклор жанчын,  прадставілі “Дукорскую небывальшчыну”— папуры з беларускіх танцаў, частушак і найгрышаў. І на фоне калектываў са званнямі і гісторыяй, ужо багатай на шматлікія ўзнагароды важнейшых у вобласці і рэспубліцы песенных фестываляў, конкурсаў  і фэстаў, іх дэбют аказаўся паспяховым.

“Члены дэлегацыі з Венесуэлы нават не ўстрымаліся ад  падтанцоўвання  ў такт музыцы, што ад глыбокіх нашых каранёў,—  расказвае кіраўнік гурта Алена Мікалаеўна Петрусенка, — Дарэчы, нас найбольш уразіла выступленне скрыпача з Венесуэлы – сапраўднага віртуёза сваёй справы, да ігры якога проста нельга застацца раўнадушным. У фестывалі ж прымалі ўдзел дэлегацыі з Польшчы, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Казахстана, а таксама ўсіх абласцей і сталіцы Беларусі. Калі шчыра, то выступаць на ім пры такім шырокім міжнародным прадстаўніцтве за гонар вобласці навічку не толькі ганарова, але і вельмі адказна. Таму, вядома, хваляваліся, але затое які запал энергіі  мы атрымалі, адчуўшы цікавасць і падтрымку з боку гледачоў. Значыць —  выбралі правільны накірунак дзейнасці і спадчына культурных набыткаў нашых продкаў кранае душы сучаснікаў, а таму не будзе забыта.

Пасля выступлення ў конкурснай праграме мы разам з артыстамі Мінскага каледжа мастацтваў і ансамбля “Спадчына” з Дзяржынскага раёна выступілі з канцэртам для працаўнікоў саўгаса “Камаі”, якія таксама нас шчыра і цёпла прымалі.”

Дарэчы, Алена Мікалаеўна паспяхова вяла яго праграму разам з прадстаўніком дэлегацыі Дзяржынскага раёна, выканаўшы ролі вясковых мужа і жонкі. Задавальненне ад такой творчай сустрэчы атрымалі ўсе яе ўдзельнікі.

Ганна ТРУБЧЫК.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *