У ХІРУРГІЧНЫМ КОРПУСЕ — КАМФОРТНА

 

Больш за 7,4 мільярда рублёў было патрачана на капітальны рамонт і рэканструкцыю хірургічнага корпуса Мар’інагорскай цэнтральнай раённай бальніцы. Галоўны ўрач ЦРБ Вячаслаў Уладзіміравіч Дудук з задавальненнем расказаў, што хірургічны корпус змяніўся не толькі знешне: уцяплілі і патынкавалі, пафарбавалі сцены, замянілі на металачарапіцу дах, старыя вокны — на шклопакеты. На кожным з трох паверхаў корпуса замянілі сістэму вода- і электразабеспячэння, ацяплення, устаноўлена сучасная вентыляцыя.

Давайце пройдзем разам па паверхах і палатах, дзе ўсё аж ззяе чысцінёй і бляскам, дзе яшчэ лунае пах фарбы і адчуванне навізны, што бывае пасля рамонту…

Вы памятаеце прыёмны пакой? Выгляд ванны, які палохаў, стомленая дзяжурная медсястра, напружанае стракатанне старэнькага тэлефоннага апарата. Забудзьце. 

У прыёмна-дыягнастычным аддзяленні сустрэне вас мілай усмешкай медыцынская сястра Анастасія Гаман. Зараз тут зроблена шмат, каб аказаць першую медыцынскую дапамогу. У прасторным, светлым аперацыйным пакоі ёсць усё, каб хірург адразу ж мог накласці швы, аказаць іншую дапамогу яшчэ да шпіталізацыі. Есць працэдурны кабінет, а таксама кабінет эндаскапіі. Вы нават можаце правесці некалькі гадзін у асобнай дыягнастычнай палаце пакуль урач не вызначыцца ў якое аддзяленне вас пакласці.

Сучаснае крэсла айчыннай вытворчасці ўстаноўлена і ў кабінеце медыцынскага агляду. А яшчэ тут з радасцю прадэманстравалі мне душавую, ванную ў санпрапускніку, з якога  вядзе лесвіца прама ў аддзяленне.

— Зроблена рэканструкцыя аперацыйнага блока. Была адна аперацыйныя, зараз іх стала дзве, — так мовай лічбаў гаворыць пра перамены ў хірургіі намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Людміла Уладзіміраўна Жарынава. Хірург Віктар Леанідавіч Іваніцкі, які больш за 20 гадоў з дня ў дзень стаіць каля аперацыйнага стала, так ацэньвае ўсе зручнасці свайго працоўнага месца:

— Створаны нармальныя ўмовы для работы. Новыя, даволі зручныя аперацыйныя сталы, прасторна. Бясценевыя лямпы.

Бясценевыя лямпы, дарэчы, каштуюць не адну тысячу еўра, але, дзякуючы ім, для хірурга аперацыйнае поле, як на далоні. А гэта вельмі важна для паспяховай аперацыі і ў канчатковым выніку — для лячэння. А як, скажыце, працаваць хірургу, калі на  вуліцы 30-градусная спёка? Цяпер прахалоду ў аперацыйных забяспечаць кандыцыянеры.

Людміла Аляксандраўна Ціхоня трыццаць гадоў адпрацавала аперацыйнай медсястрой. Яна лічыць сябе галоўнай памочніцай хірурга. З асаблівай цеплынёй успамінала таленавітага хірурга Леаніда Міхайлавіча Кудзельку. Яна іншы раз проста любавалася яго рукамі, зграбнымі, прыгожымі і віртуознымі, дакладнымі рухамі. Яго рукі былі падобны на рукі музыкі, умелага і таленавітага. А ён, бывала, балюча біў па яе руках пінцэтам за недапушчальныя памылкі. Яна не крыўдзілася, яна была ўдзячна за навуку. І перад кожнай аперацыяй заўсёды перагортвала падручнік па хірургіі. Тут трэба вучыцца заўсёды, кожны дзень, усё жыццё. Яна працавала разам і  з  С. У. Доніным. А зараз стараецца, як і дзесяткі гадоў назад, быць добрай памочніцай хірургаў В. Л. Іваніцкага, А. І. Пацейкі, загадчыка хірургічнага аддзялення У. Л. Кудзелькі, які ў рабоце вельмі падобны на свайго бацьку (нічога дзіўнага ў тым няма — сын працягвае справу яго жыцця). І з маладым хірургам Аленай Аляксандраўнай  Фелькінай  не  раз  даводзілася працаваць каля аперацыйнага стала.

Алена Аляксандраўна два гады, як закончыла медыцынскі універсітэт. Выдатніца ў школе, выдатніца ва універсітэце, выдатніца на рабоце. Сціплая, старанная, душэўная, улюбёная ў сваю, зусім не жаночую, работу, яна аддае ёй душу, а пацыентам — сэрца і веды. Імчыцца на работу з радасцю і натхненнем. Гэта яе дом і сям’я. Часцей мама прыязджае са Смалявіч пагасцяваць да дачушкі, чым яна вырвецца ў родны дом.

— Такія спецыялісты нам вельмі патрэбны. Яе паважаюць калегі, пацыенты. Наша Алена Аляксандраўна — харошы чалавек, — кажа загадчык рэанімацыйнага аддзялення Аляксей Мікалаевіч Марчук.

Аддзяленне рэанімацыі разлічана ўсяго на 6 дарослых ложкаў і 1 дзіцячы. Тут змагаюцца за жыццё сваіх пацыентаў круглыя суткі. Ці трэба казаць, хто трапляе ў рэанімацыю? Зараз рэанімацыя — прасторныя светлыя палаты з функцыянальнымі ложкамі ірландскай вытворчасці, з супрацьпролежневымі  матрацамі, з апаратамі для штучнай вентыляцыі лёгкіх, кансолямі для жыццязабеспячэння: падачы кіслароду, сціснутага паветра, вакуум-аспірацыі.

Паклапаціліся і аб медыцынскіх работніках. Перад пачаткам дзяжурства і пасля яго можна прыняць душ. Камп’ютэр, тэлевізар — і для работы, і  для кароткага адпачынку. У рэанімацыйным аддзяленні няма праблемы з кадрамі. Тут застаюцца працаваць самыя цярплівыя, адукаваныя, чулыя, працаздольныя. Альбо не застаюцца ні дня. Такіх ніхто не трымае, такім не вельмі рады.

У радзільнае аддзяленне адчыняю дзверы з хваляваннем, якое ніколі не пакідае, хоць у другі, хоць у дзесяты раз прайдзі па гулкім калідоры, дзе пакуль гуляе цішыня. Пусценькія новыя кювезы, як калыскі, у чаканні немаўлят. У палатах, як, дарэчы, і ў хірургіі, і ў рэанімацыі светла, чыста, сонечна. Сцены толькі ў радасных колерах, кафля, ложкі, мэбля, усё з іголачкі. Для парадзіх 25 месц. У дзвюх перадродавых палатах душ, туалет, сістэмы газавых кансолей і вентыляцыйная. У радзільнай зале новенькія крэслы для парадзіх. Асобны блок для медперсанала, асобная радзільная зала для жанчын з банальнай інфекцыяй. Каму пашчасціць першым нарадзіцца ў гэтых палатах, прыйсці лёгка ў белы свет, і каб потым ён быў ні чым не замутнёны па жыцці…

Вячаслаў Уладзіміравіч Дудук заклапочана гаварыў аб тым, што праблем нявырашаных яшчэ хапае і адна з іх — недахоп кадраў. Укамплектаванасць урачамі ў раёне 61 працэнт. У паліклініцы няма кардыёлага, лор-урача, акуліста,  нарколага,  эндакрынолага, не хапае педыятраў, акушэр-гінеколагаў.

Сёлета па размеркаванню прыедуць у раён 14 фельчараў, якія пойдуць працаваць на станцыю хуткай дапамогі, ФАПы. Пакуль няма фельчараў у Суціне, Омельна, Парэччы, Селецку, Бары. Праблему можна было б неяк вырашаць, каб медыкам выдзялялі жыллё. На жаль, дамы будуюць у гаспадарках для спецыялістаў, механізатараў і жывёлаводаў. Толькі ў СВК  “Іскра  надзеі”  выдзелілі дом для сям’і  медыкаў  Маркоўскіх,  у  СВК  “Шацк”  —  для  доктара  В. А. Сідаровіча. У горадзе медыкі ўпершыню стварылі свой жыллёва-будаўнічы кааператыў, чакаюць наваселля ў канцы года. Ну а тыя, хто прыязджае па размеркаванню, напрыклад, як малады хірург А. А. Фелькіна, вымушаны туліцца ў чужых кутках, тужліва марачы аб сваім, у горшым выпадку —  аб іншым горадзе, дзе будзе ўласнае жыллё.

Я ў захапленні доўга блукала па палатах і паверхах хірургічнага корпуса, нашпігаванага абсталяваннем, не пазнавала знаёмых палат, дворыка ў еўрапейскім стылі, думала аб тым, што лячыцца зараз будзем з камфортам. І трэба нам берагчы тое, на што затрачана столькі дзяржаўных грошай. А яшчэ б добра было, каб не шукалі мы сталічных спецыялістаў, а былі яны нашы, родненькія. Працаваць тут — задавальненне. І жыць, вядома ж, лепей пад сваім дахам.

Анна ЯБЛОНСКАЯ.

НА ЗДЫМКАХ: 1. галоўны  ўрач  Мар’-інагорскай ЦРБ В. У. Дудук;

2. хірургічны корус;

3. намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Л. У. Жарынава ў аперацыйнай;

4. загадчыкі хірургічнага і рэанімацыйнага аддзяленняў У. Л. Кудзелька і А. М. Марчук;

5. урач-хірург В. Л. Іваніцкі; 

6. перавязачная санітарка В. Я. Рак, старшая медсястра хірургіі А. А. Агейчык, санітарка Г. Л. астаповіч, аперацыйная медсястра Л. А. Ціхоня, паставая медыцынская сястра хірургічнага аддзялення Р. А. Дымава.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *