Будзе хлеб — будзе песня

У мінулую пятніцу ў раённым цэнтры культуры ўшаноўвалі працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

У фае РЦК была разгорнута выстава сельгаспрадукцыі. Эксперыментальная база “Зазер’е” дэманстравала гатункі бульбы, якія сёлета вырошчвала, ААТ “Зазерка” — бульбу і моркву, сельгасфіліял “Чырвоны май” — буракі. Была на выставе садавіна і агародніна сялянскіх фермерскіх гаспадарак “Велакс” і “Усё для народа”. З непрыхаваным задавальненнем сельскія працаўнікі разглядалі выставу груш і яблыкаў, якія вырошчваюць у садзе Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа. А вось прадукцыю ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат”, СТАА “Пухавічымясапрадукт”, “Марозпрадукт”, ААТ “Машхарчпрад” можна было прадэгуставаць. ААТ “Пухавіцкі харчкамбінат” і “Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў” таксама арганізавалі выставу прадукцыі, якую выпускаюць прадпрыемствы.

Дэманстравалі гаспадаркі і караваі, выпечаныя з мукі новага ўраджаю. У журы была нялёгкая задача — выбраць лепшы.

У зале раённага цэнтра культуры сабраліся работнікі сельскай гаспадаркі, кіраўнікі, спецыялісты, ветэраны сельгасвытворчасці, госці. Са святам — Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК — іх павіншаваў старшыня райвыканкама Ф.П. Караленя. Ен адзначыў, што за апошнія 25 гадоў раён упершыню дасягнуў 100-тысячнага намалоту збожжа. ААТ “Голацк” і “Агра-абярэг” перайшлі 10-тысячны рубеж па валавым зборы зерня. Звыш 7 тысяч тон зерня намалацілі ў ААТ “Зазерка”. А ПСУП “Дукора-агра” і КРСУП “Племзавод “Індустрыя” атрымалі найбольшы валавы прырост зерня ў параўнанні з леташнім.

Хлебаробы ЭБ “Зазер’е” атрымалі самую высокую ўраджайнасць збожжавых. З кожнага гектара намалацілі па 58,6 цэнтнера зерня. Упершыню ў гісторыі раёна выйшаў на двухтысячны рубеж па намалотах камбайнер ПСУП “Дукора-агра” М.М. Крукоўскі. А 17 камбайнавых экіпажаў намалацілі больш за тысячу тон, 22 вадзіцелі перавезлі звыш за тысячу тон зерня. Машыніст і слесар ААТ “Голацк” А.Ф. Баглей і А.І. Хадыка дапрацавалі на ЗСК-30 больш за 7 тысяч тон збожжа. Як паведаміў Ф.П. Караленя, наш раён у ліку 8-мі раёнаў Міншчыны, якія пераўзышлі 100-тысячны валавы намалот зерня. І ў дзесятцы раёнаў вобласці па атрыманым ураджаі “другога хлеба”. Бульбы накапалі больш за 30 тысяч тон. Вырошчваннем яе займаюцца ЭБ “Зазер’е”, ПСУП “Дукора-агра”, ААТ “Голацк”, “Зазерка”, “Агра-абярэг”.

Ф.П. Караленя падзякаваў усім працаўнікам сельскай гаспадаркі, ветэранам за плённую працу. Словы ўдзячнасці выказаў інвестарам, якія хвалююцца за лёс сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і аказваюць калектывам рэальную дапамогу. Падзякаваў таксама адміністрацыі Партызанскага раёна горада Мінска, ЗАТ “Август-Бел”, ААТ “Машхарчпрад”, СТАА “Марозпрадукт” за супрацоўніцтва і выказаў найлепшыя пажаданні з нагоды свята.

Намеснік дырэктара УП “Мінаблаграхімізацыя” Р.С. Голуб па даручэнні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінскага аблвыканкама ўручыў ганаровыя граматы вадзіцелю ААТ “Голацк” В.І. Сергачову, аператарам па штучным асемяненні жывёлы ААТ “Агра-абярэг” Т.У. Дзівіцкай і КРСУП “ПЗ “Індустрыя” А.В. Дудзінскаму, аператару па адкорме маладняку БРЖ МТФ “Арэшкавічы” СГФ “Чырвоны май” С.І. Бандарчык, галоўнаму эканамісту ААТ “Вецярэвічы” У.І. Капытка, галоўнаму бухгалтару КРСУП “ПЗ “Індустрыя” В.М. Плышэўскай, вадзіцелю ААТ “Зазерка” А.В. Холаду, трактарыстам ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс” С.М. Цымановічу, У.А. Грышуку, А.В. Сіняўскаму.

Намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат” В.М. Камяк выказаў пухаўчанам удзячнасць за плённае супрацоўніцтва і ўручыў грашовыя прэміі працаўнікам і спецыялістам. За аб’ёмы і якасць малака падарункі — пральныя машыны — атрымалі калектывы ПСУП “Дукора-агра”, ААТ “Вецярэвічы” і ПСУ “Рудзенскае”.

Павіншавалі пухаўчан таксама інвестары — намеснік дырэктара вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Мінскі завод аўтаматычных ліній імя П.М. Машэрава” У.М. Ландзюк і намеснік генеральнага дырэктара па сельскай гаспадарцы гарадскога малочнага завода № 1 У.Ю. Бекеш, а таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь В.У. Гайдукевіч.

У святочнай зале сваё пачэснае месца занялі ветэраны сельскай гаспадаркі — былыя кіраўнікі, спецыялісты, жывёлаводы, механізатары, паляводы. Як вядома, у раёне 7 чалавек удастоены звання Героя Сацыялістычнай працы, 6 узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, 26 — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, 30 — ордэнам Знак Пашаны і 18 — ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені.

Ф.П. Караленя і начальнік райсельгасхарчу А.М. Папелыш падзякавалі ветэранам за працу, уручылі ім сувеніры і кветкі.

ААТ “Голацк” заняло першае месца за атрыманне найвышэйшай валавай вытворчасці зерня. А таму сноп ураджаю-2012 кіраўнік гаспадаркі Д.Д. Ленкавец уручыў старшыні райвыканкама Ф.П. Караленю і паабяцаў, што працаўнікі, спецыялісты прыкладуць усе намаганні, каб на наступны год атрымаць яшчэ большы намалот.

Затым адбылося ўшанаванне камбайнераў, вадзіцеляў, машыністаў на дапрацоўцы зерня ўраджаю 2012 года. Былі ўшанаваны таксама маладзёжныя экіпажы і маладыя вадзіцелі, якія перавозілі зерне ад камбайнаў, а таксама экіпажы бульбаўборачных агрэгатаў і вадзіцелі. На сцэну былі запрошаны пераможцы раённага спаборніцтва на веснавых палявых работах, нарыхтоўцы кармоў, а таксама на сяўбе азімых і зяблевым ворыве. (Прозвішчы іх надрукаваны ў “Пухавіцкіх навінах” 14 лістапада 2012 года.)

Былі ўзнагароджаны і спецыялісты сельгасвытворчасці.

Павіншаваў Ф.П. Караленя і працаўнікоў перапрацоўчай прамысловасці АПК: У.Ф. Захарэвіча, І.М. Балуху, В.П. Канцавога, С.І. Шчука (ААТ “Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў”), А.У. Абакунчыка, С.М. Карнейчыка і В.А. Цэхановіч (ААТ “Машхарчпрад”), намесніка дырэктара ТАА “Ананічы” Г.К. Сіротку. Былі запрошаны на сцэну працаўнікі і спецыялісты ААТ “Пухавіцкі харчкамбінат”, ЗАТ “Август-Бел”, СТАА “Пухавічымясапрадукт”, СТАА “Марозпрадукт”, філіяла “Пухавічы-лён” ААТ “Валожынскі льнокамбінат” і іншыя.

Старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Т.В. Лабанава таксама павіншавала ўсіх удзельнікаў свята з працоўнымі дасягненнямі і ўручыла падарункі вадзіцелю сельгасфіліяла “Сяргеевічы” Л.М. Шапецьку, экіпажу камбайнераў ЭБ “Зазер’е” І.П. Лашнецу і А.І. Лашнецу.

Віншаванні і словы падзякі прагучалі ў адрас кіраўнікоў сялянскіх гаспадарак “Велакс” А.В. Паваротнага, “Скобраўская” В.А. Федарынчыка, “Макс” У.В. Шабана.

Быў вызначаны і лепшы каравай — гэта каравай КРСУП “Чырвонагвардзейскі”.

Свае музычныя падарункі дарылі мастацкія калектывы раёна.

Анна МІХАЙЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *