Давяраюць банку зберажэнні

У Праўдзінскім аддзяленні ашчаднага банка “Беларусбанк” было людна. Нехта плаціў камунальныя паслугі, хтосьці здаваў грашовую выручку ці папаўняў уклад.

Спецыяліст па аперацыйна-касавай рабоце Галіна Міхайлаўна Гайдучэня, здаецца, ведае ўсіх сваіх кліентаў.

— Мы абслугоўваем не толькі жыхароў пасёлка Праўдзінскі, але і навакольных вёсак: Сяргеевічы, Русаковічы, Цітва, — расказвае Галіна Міхайлаўна. — У нас можна атрымаць такія ж паслугі, як і ў горадзе. І плацяжы ажыццявіць, і абмен валюты, і заплаціць  за  мабільную сувязь. Аформляем і ўсе віды страхавання.

Устаноўлены ў нашым аддзяленні і банкамат. Яго паслугамі карыстаюцца многія жыхары. Напрыклад, такія калектывы, філіял  “Сяргеевіцкае”, ліцэй поўнасцю перайшлі на атрыманне зарплаты па пластыкавых картках. Часткова перайшлі на абслугоўванне па пластыкавых картках настаўнікі Праўдзінскай СШ, работнікі дома культуры і ПМК-4. у хуткім часе ў аддзяленні банка будзе ўстаноўлены інфакіёск, магчыма, гэта ў нейкай ступені зменшыць чэргі ў банку.

І ўсё ж Г. М. Гайдучэня лічыць, што чэргі ніколькі яе не засмучаюць. Спецыяліст яна вопытны, з людзьмі працаваць умее, не лянуецца лішні раз растлумачыць чалавеку на які больш выгадны ўклад размясціць свае зберажэнні. Зараз, напрыклад, з’явіўся  ўклад “Новы-2010” у беларускіх рублях тэрмінам на тры гады. Ужо пасля 3-х месяцаў можна здымаць любую суму. Уклад выгадны, пад 19,5 % гадавых. Нават калі вы першапачаткова паклалі 100 тысяч рублёў, уклад ужо “працуе” на ваш кашалёк.

“Беларусбанк” прапаноўвае і свае аблігацыі, за якія можна атрымаць наяўныя грошы ўжо праз тры месяцы ў любым аддзяленні  банка.

Не ўсе пенсіянеры ведаюць, што перавёўшы сваю пенсію на “пенсійны” уклад, магчыма кожны месяц 9-10 чысла не толькі атрымліваць пенсію, але, пры жаданні, яшчэ і працэнты.

— Шкада, што некаторыя не выкарыстоўваюць такую магчымасць, — працягвае Галіна Міхайлаўна. — Не цікавяцца выгаднымі банкаўскімі ўкладамі, захоўваюць грошы дома. У нашым банку захаванне і вяртанне ўкладаў забяспечваецца дзяржавай. Некаторыя, паклаўшы грошы ў банк, нават забываюць пацікавіцца, а колькі сёння ў іх грошай, дзякуючы працэнтам, якія “набягаюць”.

Г. М. Гайдучэня   паведаміла, што аддзяленне банка ў Праўдзінскім працуе і ў суботу.

Пакуль мы размаўлялі, зноў каля акенца вырасла чарга. Вясковая цётка радасна пахвалілася, што прыйшла зняць працэнты з уклада, кругленькую суму. Банку яна давярае…

Анна МІХАЙЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *