В районе модернизируются молочнотоварные фермы

Назваць мадэрнізацыяй працэсы, якія зараз праходзяць у многіх гаспадарках раёна, дазваляе ўзвядзенне на фермах даільна-малочных блокаў (ДМБ).  Гэтыя  блокі поўнасцю  мяняюць  самы складаны  працэс  у  вытворчасці малака: пры дапамозе новай даільнай апаратуры “Паралель-16х2” два аператары могуць даіць адначасова 32 каровы. У час даення малако не судакранаецца з паветрам і адразу паступае ў малочны танк, дзе ахалоджваецца да нарматыўных 10 градусаў цяпла.

Да выбару даільнай апаратуры ў падсобным сельгасупраўленні “Рудзенскае” УП “Мінскметрабуд” падышлі грунтоўна. Вывучылі характарыстыкі “Паралелі”,  прааналізавалі ўвесь тэхналагічны працэс, у які яе неабходна ўключыць. Пераканаліся, што даенне сённяшняга дойнага статку (на ферме “Русаковічы” знаходзіцца 190 кароў) можна своечасова і без праблем праводзіць 16 даільнымі апаратамі, гэта значыць зменшанымі ўдвая. Гэта дазваляе значна сэканоміць фінансавыя сродкі на яе набыццё.

Адпаведнага памяшкання для размяшчэння даільнай апаратуры ў Русаковічах не было. Давялося будаваць новае. Але і да выбару пляцоўкі падышлі эканомна. Злучылі корпус будынка ДМБ з узведзеным у мінулыя гады галерэяй-пераходам з кароўніка ў цялятнік. І хаця над гэтым пераходам давялося мяняць аднаскатны дах на двухскатны, знікла неабходнасць узводзіць чацвёртую сцяну.

А далей будаўніцтва вялося па тыпавым праекце, “прывязаным” да ўзведзеных раней будынкаў. Сцены (памяшканне прасторнае, мае ўнушальныя памеры: 42 на 18 метраў) выклалі з цэглы. Каб яны не прамярзалі зімой, уцяплілі пенапластам. Дах — арачны — зрабілі з аблегчаных традыцыйных пліт перакрыцця. На ім змайстравалі ўжо абавязковы для сённяшніх ферм празрысты  канёк, які  дазваляе  ў час эксплуатацыі памяшкання эканоміць электраэнергію на асвятленне.

На ўзвядзенні корпуса і даху блока, тэхналагічных і бытавых памяшканняў на працягу двух месяцаў працавала да 30 чалавек.

Падлога даільнай залы выкладзена пліткай. Па ёй  укладваецца   адпаведнае  пакрыццё, каб  не было слізка.  Пліткай   выкладзены на двухметровую вышыню і ўнутраныя сцены даільнай залы, лабараторыі, вакуумных, душавой, практычна ўсіх узведзеных памяшканняў блока, а таксама даільная яма, у  якой  размешчана апаратура з электроннымі датчыкамі. Усяго — 500 квадратных метраў.

— Раней у час будаўніцтва ніхто не звяртаў увагу на тое, куды пойдзе разлітая вада ў малочным блоку, — расказвае плітачнік-абліцоўшчык С.С. Зайцаў. — Максімум, што маглі зрабіць будаўнікі, — вывесці гарызантальна ўзровень пад “нуль”. І даяркам у час мыцця посуду даводзілася хадзіць і па лужынах.

Пры ўкладванні абліцовачнай пліткі ў даільнай  яме мы выставілі “маячкі”, зрабілі нахіл на адзін з чатырох вуглоў, а там — прыямак для вады. Мы ўжо праверылі сваю работу. У кожным з трох вуглоў вылілі па пары вёдзер вады. Уся яна самацёкам паступіла ў прыямак.  Гэты  няхітры  прыём  дазваляе давесці да мінімуму пах аміяку, які ўласцівы жывёлагадоўчым памяшканням.

Даільная зала, усе памяшканні малочнага блока будуць абагравацца аўтаномнай кацельняй. У ёй устанавілі два катлы па 25 кВт кожны. А для падагрэву вады будзе выкарыстоўвацца цяпло, якое атрымліваецца пры ахалоджванні малака ад 37 да 10 градусаў. Дзеля гэтага набылі  дэкупіратары.

— Будаўнічыя работы выконвала БМУ-2, — расказвае намеснік галоўнага інжынера УП “Мінскметрабуд” Р.А. Жураўлевіч. — Гэта наша структурнае падраздзяленне. І сельгасупраўленне “Рудзенскае” — таксама наша. Атрымліваецца, што будаўніцтва даільна-малочнага блока вялося гаспадарчым спосабам. А гэта змяншае затраты ў параўнанні з тымі, якія былі б пры будаўніцтве спецыялізаванай арганізацыяй на падрадзе.

На  ўзвядзенне   ДМБ   у   Русаковічах   затрацілі 4,2 мільярда рублёў. Яшчэ 3,6 мільярда рублёў каштуе “Паралель”, якую вырабіла і зманціравала СП “Унібокс” ТАА.

— Мы імкнуліся ашчадна выкарыстаць грашовыя сродкі, выдзеленыя як на будаўнічыя работы, так і на камплектаванне ДМБ абсталяваннем. Робім гэта так, каб не адбілася на тэхналогіі вытворчасці. Да гэтага абавязвае і Год беражлівасці, — адзначае дырэктар сельгасупраўлення “Рудзенскае” Ю.М. Плешавеня. — Пасля ўвядзення ў строй даільна-малочнага блока, рэканструкцыі кароўніка, мы плануем давесці дойны статак на  ферме  “Русаковічы” да 400 галоў, павялічыць надоі ад кожнай каровы да 4750 кілаграмаў малака ў год. Замест 9 даярак дастаткова будзе чатырох. Значна павысіцца прадукцыйнасць іх працы і  адпаведна  зарплата, палепшацца  як умовы ўтрымання жывёлы, так і працы жывёлаводаў.

Браніслаў ЯБЛОНСКІ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *