У раёне пачалося жніво

У нашым раёне пачалося жніво. Зерневыя і зернебабовыя неабходна ўбраць на плошчы 26104 гектары за 15 рабочых дзён. Сярэдняя нагрузка на камбайн 260 гектараў. Плануецца атрымаць 98 тысяч тон зерня.

Найбольшыя ўборачныя плошчы ў ААТ “Голацк”, “ПЗ “Індустрыя”, “Ражджэственскае-агра”, “Агра-абярэг”, сельгасфіліялах “Чырвоны май”, “Сяргеевічы”, “Дрычын”.

Жніво стартавала і неабходна вырашчаны ўраджай убраць, не дапусціўшы страт зерня.

У сельгасфіліяле “Омельна” камбайны пачалі жаць трыцікале яшчэ на мінулым тыдні. У гаспадарцы не вырошчваюць рапс, які першым пачалі ўбіраць усе акцыянерныя таварыствы. Таму жніво ў “Омельна” стартавала на збожжавым полі.

— Усяго нам неабходна ўбраць 390 гектараў азімых і 240 яравых зерневых і зернебабовых, — паведаміў дырэктар сельскагаспадарчага філіяла “Омельна” Іван Адамавіч Корзун. — Нагрузка на камбайн крыху больш за 200 гектараў. Сфарміраваны тры экіпажы. На КЗС-10 працуюць старшы камбайнер Уладзімір Ларчанка і камбайнер Дзмітрый Радзюк, на КЗС-7 — Аляксей Кірыльчык і Аляксандр Козел. На КЗС-7 — сямейны экіпаж: Аляксандр Казелька з сынам Арцёмам. Камбайны працуюць па некалькі сезонаў, і да жніва кожны экіпаж рыхтаваў іх самастойна. Праўда, летась у час уборачнай кампаніі ўзніклі праблемы з-за іх паломкі. Таму сёлета былі адрамантаваны капітальна два рухавікі за кошт уласных сродкаў. Усё астатняе рабілі ва ўмовах майстэрні. Спадзяюся, што тэхніка нас не падвядзе, а ў людзях я ўпэўнены.

У першы дзень, калі камбайны зрабілі пробныя зажынкі, працавалі яны на полі, дзе паспела трыцікале.

— Сёлета, па ўсім бачна, ураджай будзе не такім багатым, як летась, — працягвае І.А. Корзун. — Мы плануем атрымаць у сярэднім па 19-20 цэнтнераў зерня з гектара. Найбольш шчодры колас у ячмянёў. Існуе шмат фактараў, якія ўплываюць на ўраджай. І кліматычныя ўмовы, на якія мы звыкла спасылаемся, толькі адно звяно ва ўсім ланцужку. Нашы землі бедныя, і ўсё ж укладзена ў іх нямала працы, каб вырасціць хлеб. Зараз галоўнае — своечасова ўбраць ураджай, разлічыцца з дзяржавай. Нам неабходна прадаць 400 тон азімага жыта. Дзяржзаказ выканаем у першую чаргу. Нагрузка на камбайн хоць і вялікая — я спадзяюся, што справімся сваімі сіламі. А вось на адвозцы зерня працуе два МАЗы. На адным з іх наш вадзіцель Мікалай Пятровіч Чорны, а другі МАЗ камандзіраваў у гаспадарку завод аўтаматычных ліній імя П.М. Машэрава, разам з вадзіцелем.

— Летась я ўсё зерне ў лік дзяржзаказу адзін перавёз на камбінат хлебапрадуктаў, — расказвае М.П. Чорны. — У дзень адвозіў ад камбайнаў, ноччу — на КХП. За адзін рэйс — 20 тон. МАЗ быў з прычэпам. Бывалі выпадкі, калі яшчэ паспяваў і паспаць. Сёлета я адвожу зерне ад двух экіпажаў — Аляксея Кірыльчыка і Аляксандра Казелькі. Зернеток побач. Камбайны не прастойваюць.

З першых дзён жніва арганізавана і гарачае харчаванне. Абеды і падвячоркі рыхтуюць у сталовай сельгаспрадпрыемства “Чырвонагвардзейскі”.

Для Аляксандра Уладзіміравіча Казелькі гэтая ўборачная — пятнаццатая. У апошнія гады ён працуе разам з сынам Арцёмам. Такая працоўная практыка для студэнта Арцёма гэта і добрая магчымасць зарабіць грошы. Аляксандр Уладзіміравіч задаволены памочнікам, яны за столькі гадоў працы на жніве разумеюць адзін аднаго з паўслова. Камбайн да ўборачнай кампаніі падрыхтавалі добра. У кабіне — кандыцыянер. Адзінае, што непакоіць, каб хапала паліва і не пайшлі дажджы.

З кожным днём збожжавыя будуць даспяваць, і ўжо давядзецца хутчэй дамалочваць пераспелыя, а не так як у пачатку жніва выбіраць пасевы, якія ўжо чакаюць камбайна.

Анна МІХАЙЛАВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *