Новае аддзяленне паштовай сувязі Мар’іна Горка-2 адкрылася ў мікрараёне “Крыніца”

Новае аддзяленне паштовай сувязі Мар’іна Горка-2 на гэтым тыдні гасцінна расчыніла дзверы для жыхароў мікрараёна “Крыніца” і не толькі.

Больш за 100 квадратных метраў — такое памяшканне арэндаваў раённы вузел паштовай сувязі ў ААТ “Машхарчпрад”. На гэтай плошчы размясціліся ўсе пакоі, якія неабходны для работы. Есць сартыроўка з сучаснай мэбляй, з 1 студзеня тут пачнуць працаваць 5 паштальёнаў. У зале для кліентаў уся  інфармацыя аб паслугах. Дарэчы, абслугоўваюць пухаўчан два аператары і начальнік АПС Любоў Іванаўна Арлова, якая доўгі час узначальвала калектыў Дубраўскага аддзялення паштовай сувязі.

З самага ранку жыхары “Крыніцы” з цікаўнасцю заходзілі ў новае аддзяленне і не хавалі захаплення. Многія прыйшлі, каб папрысутнічаць на ўрачыстым моманце — перарэзванні блакітнай стужкі. Намеснік дырэктара Мінскага філіяла РУП “Белпошта” Алена Аляксандраўна Ішчук паведаміла, што адкрыццё новага АПС гэта знамянальна не толькі для раёна, але і вобласці. А сёлета ў Пухавіцкім раёне гэта ўжо другая прыемная падзея. Крыху раней пачала працаваць бізнес-пошта для юрыдычных асоб.

Як адзначыла А.А. Ішчук, нягледзячы на тое, што ў раёнах, у тым ліку і Пухавіцкім, даводзіцца зачыняць сельскія АПС, вяскоўцы не застануцца без паштовых паслуг. Зараз, напрыклад, працуе мотадастаўка газет, часопісаў, пенсій. Але ў будучым годзе ў раёне пачне працаваць перасоўная пошта. У вобласці курсіруюць 12 машын пошты на колах, якія аказваюць тыя ж паслугі, што і стацыянарныя АПС.

Пераразаючы блакітную стужку, намеснік старшыні райвыканкама Т.У. Ішуцінава павіншавала калектыў РУПС з наваселлем, усіх жыхароў не толькі “Крыніцы”, але і тых, хто жыве ў прыватным сектары. Вядома ж, пухаўчане звярталіся ў райвыканкам з просьбай адчыніць у мікрараёне аддзяленне сувязі. Прыемна, што яе змаглі задаволіць. А дзякуючы ААТ “Машхарчпрад”, які пайшоў насустрач, выдзеліўшы памяшканне, падтрымцы Мінскага філіяла РУП “Белпошта”, вялікай рабоце, праведзенай раённым вузлом паштовай сувязі, АПС Мар’іна Горка-2 расчыніла дзверы для сваіх кліентаў.

Дарэчы, магчыма меншымі стануць чэргі і ў АПС Мар’іна Горка-1, куды часцей за ўсё звярталіся жыхары і гэтага мікрараёна. Працуе новае аддзяленне без абеду з 9.00 да 17.30. Выхадныя — субота і нядзеля.

У першы дзень работы ўсе яго кліенты атрымалі сувеніры на памяць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *