ААТ “Машхарчпрад” атрымаў 4 дыпломы пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Дзень якасці. Бульба-2013”

Інжынер-мікрабіёлаг А.А. Ліхадзіеўская і інжынер-лабарант Ю.В. Чэнчык.

Адразу 4 дыпломы пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Дзень якасці. Бульба-2013” прывезлі з Мінска дырэктар ААТ “Машхарчпрад” М.І. Котаў і начальнік заводскай лабараторыі якасці М.І. Балянава. Першыя месцы заняла мар’інагорская прадукцыя ў намінацыіях “Пюрэ бульбяное сухое”, “Пюрэ бульбяное з дабаўкамі”, “Чыпсы фармаваныя”, другое месца — “Снэкі”.

Конкурс праводзіў РУПНавуковапрактычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванніў рамках навуковапрактычнага семінараНовыя тэхналогіі перапрацоўкі бульбы. Ацэньвалася прадукцыя, якая атрымана ў вытворчых умовах.

Вытворчасцю бульбянога пюрэ ААТ “Машхарчпрад” пачало займацца з 1986 года. У механічным цэху прадпрыемства сабралі сваю лінію па праектах канструктараў і тэхнолагаў мясцовага бюро. Падабралі патрэбныя па тэхналогіі сарты бульбы. Іх зараз вырошчваюць у ПСУП “Дукора-агра”, якое ўвайшло ў састаў прадпрыемства. Кіраўнік і спецыялісты цэха Л.Л. Рыжова, К.Г. Русіновіч, М.І. Балянава, Н.Г. Стрэльская згодна тэхнічных нарматыўных прававых актаў (ТНПА) наладзілі дзейсны кантроль за вытворчасцю прадукцыі.

У якасці сыравіны бульба праходзіць па лініі і праз рукі майстра Н.Р. Стаяноўскай, сушыльшчыка А.І. Шашок, машыніста А.А. Макарэвіч. На вытворчасці чыпсаў і снэкаў працуюць майстар В.В. Аксёнкіна, машыністы цестамясільных машын А.П. Толлар, В.С. Багдановіч, абсмажвальніцы А.У. Сіманчык, М.А. Варывончык, Г.І. Баёк, С.Ч. Рудак, Т.М. Сіпач, укладчык-упакоўшчык В.І. Абакунчык, іншыя спецыялісты, перш чым клубні ператворацца ў высакаякасны харчовы прадукт.

Члены журы конкурсу адзначылі, што пюрэ атрымалася не толькі смачнае, але і зручнае ў карыстанні. Дастаткова толькі сухі прадукт заліць гарачай вадой, старанна перамяшаць, вытрымаць на працягу 2-3 хвілін, і страва гатова.

Тыя ўзоры прадукцыі, якія адправілі з “Машхарчпрада” на конкурс і якія занялі першыя месцы, былі ўзяты з заводскай лініі.

Пад гандлёвай маркай “Міра” прадукцыя прадпрыемства рэалізуецца ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, у Расіі, Украіне, Казахстане, Арменіі і іншых краінах СНД. Заключана дамова і з ТАА ”Еўрагандаль” аб выкарыстанні і іх гандлёвых марак “Don Potato’s”, “Бистрон”.

На конкурс, акрамя прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у састаў навукова-практычнага цэнтра па харчаванні, а іх сёння больш за 20, была прадстаўлена і прадукцыя расійскага ЗАТ “Пагорская бульбяная фабрыка”. Яна працуе на нямецкіх тэхналагічных лініях і з галандскімі сартамі бульбы. Мар’інагорская прадукцыя аказалася канкурэнтаздольнай, аб чым засведчыў і конкурс.

У навукова-практычным семінары ўдзельнічалі не толькі вучоныя, спецыялісты, кіраўнікі галіновых прадпрыемстваў Беларусі, але і Расійскай Федэрацыі, Украіны, Швецыі.

Барыс АНТОНАЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *