Старшыня даваеннай “Пяцігодкі”

Была такая гаспадарка ў вёсцы Падбярэжжа. У той вёсцы, якая бліжэй да Ананіч… Бо ёсць жа яшчэ Падбярэжжа пухавіцкае… І адным з даваенных старшыняў гаспадаркі быў Іосіф Іосіфавіч Апаровіч.

Нарадзіўся ён у Сітніках у 1909 годзе. У звычайнай сялянскай сям’і. Усяго было ў яго сем братоў і сясцёр. Бацька працаваў кавалём. Маці – па найму ў багатых людзей, пагаджалася на любую працу. Трэба ж было неяк карміць сям’ю, гадаваць дзяцей.

Бацька памёр ад эпідэміі ў 1917 годзе, так і не дачакаўшыся пэўных змен у сацыяльным, палітычным жыцці. Канешне ж, наступныя гады прынеслі б нейкую палёгку спакутаванаму ад цяжкай працы селяніну. Старэйшыя браты, як і маці,  пайшлі на службу да багацеяў, вымушаны былі парабкаваць. Усе стараліся дапамагчы маці хоць неяк звесці канцы з канцамі. Іосіф, нягледзячы на свой зусім юны ўзрост, з вясны да позняй восені працаваў вясковым пастухом. На адукацыю часу дужа не хапала. І закончыў хлопчык толькі два класы.

З пачаткам калектывізацыі сям’я Апаровічаў пераехала ў вёску Падбярэжжа. Усе дружна разам са сваёю няхітрай гаспадаркай уступілі ў калгас. Паціху пачало наладжвацца і іх бядняцкае жыццё. З калгаса “Пяцігодка” Іосіфа Апаровіча прызвалі ў Чырвоную Армію. Набыў у войску і грамату, і пэўны жыццёвы, грамадскі вопыт. А як вярнуўся,  маладому чалавеку прапанавалі ўзначаліць гаспадарку. “Пяцігодка” стала пад кіраўніцтвам апантанага, працалюбівага Іосіфа Апаровіча адной з лепшых калектыўных гаспадарак раёна. За заслугі ў справе ўздыму сельскай гаспадаркі маладога старшыню  адправілі на вучобу ў Мінскую вышэйшую камуністычную сельскагаспадарчую школу. А ў хуткім часе – і вайна.

Фашысцкую навалу Іосіф сустрэў у Кобрыне. Першы бой прыняў 23 чэрвеня 1941 года на чале кулямётнай роты.

Пасля – горкае і пакутлівае адступленне. Пад Петрыкавам, на Гомельшчыне, наш зямляк быў цяжка паранены. Некаторы час правёў у шпіталі. Улетку 1942 года па рашэнні ЦК КП(б)Б  І. Апаровіча накіроўваюць у тыл ворага на чале невялікай групы. Заданне зразумелае – арганізоўваць партызанскі рух. Ваяваць з ворагам Іосіф Іосіфавіч пачаў на паўднёвым захадзе Мінскай вобласці.  Атрадам імя 25-годдзя Кастрычніка пад камандаваннем І. Апаровіча было праведзена нямала адкрытых баёў, узарвана 44 варожыя эшалоны, знішчана 86 машын, 78 мастоў, забіта болей за 2500 гітлераўскіх салдат і афіцэраў. За баявыя заслугі, праяўленыя ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі,  мужнасць і гераізм Іосіф Іосіфавіч узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны першай ступені, многімі медалямі. Тэме партызанскай вайны наш зямляк прысвяціў і дзве свае кнігі — “На галоўнай магістралі” і “І падняўся народ”, у якіх расказаў пра баявыя справы атрада  імя 25-годдзя Кастрычніка, партызанскай брыгады імя К. Варашылава. Пасля Вялікай Айчыннай вайны Іосіф Апаровіч – на партыйнай і гаспадарчай рабоце. Памёр наш зямляк у 2002 годзе.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *