У серыі “Біябібліяграфія вучоных Беларусі” выйшла кніга пра нашага земляка “Арнольд Фёдаравіч Смеяновіч: да 75-годдзя з дня нараджэння”

Некалькі месяцаў назад землякі-пухавіччане віншавалі Арнольда Фёдаравіча Смеяновіча з 75-гадовым юбілеем. А зараз — новая нагода ўзгадаць і юбілей, і, зразумела, плён працы выдатнага вучонага, вялікага ўрача-нейрахірурга, чалавека, дзякуючы якому выратаваны жыцці многіх і многіх людзей. “Выдавецкі дом “Беларуская навука” выдаў у серыі “Біябібліяграфія вучоных Беларусі” кнігу “Арнольд Фёдаравіч Смеяновіч: да 75-годдзя з дня нараджэння”. Укладальнікі — кандыдат медыцынскіх навук Таццяна Уладзіміраўна Жукава і кандыдат біялагічных навук, дацэнт Людміла Іванаўна Пархач.

Кніга адкрываецца публікацыяй Таццяны Жукавай “Кароткі нарыс навуковай, педагагічнай, навукова-практычнай і грамадскай дзейнасці”. Даследчыца падрабязна расказала пра здабыткі нашага земляка. Асаблівую ўвагу надала характару яго навуковых адкрыццяў. Арнольд Смеяновіч — вучоны-наватар. Дзякуючы грунтоўнай адукацыйнай падрыхтоўцы, вялікай хірургічнай практыцы, ён здолеў здзейсніць шмат складаных аперацый, паказаў шляхі развіцця нейрахірургіі. Свае вынаходніцтвы, адкрыццці А.Ф. Смеяновіч адлюстраваў у кандыдацкай і доктарскай дысертацыях, якія абараніў адпаведна ў 1971 і 1981 гадах. Варта нагадаць і вытокі, пачатак станаўлення, аб чым піша Т. Жукава: “…Медыцынскі інстытут закончыў у 1960 годзе, пасля чаго быў накіраваны ўрачом-хірургам Дрыбінскай участковай бальніцы Горацкага раёна Магілёўскай вобласці. У гэтым маленькім, досыць аддаленым ад цэнтра пасёлку Арнольд Фёдаравіч асвойваў экстранную хірургію, а таксама акушэрства і гінекалогію. Тры гады праляцелі ў складанай і карпатлівай працы. Яны сталі для маладога і ўпартага ўрача добрым “пачатковым курсам” у нялёгкай прафесійнай падрыхтоўцы…” Упартая, настойлівая праца — вось вытокі таленту хірурга!..

У раздзеле “Асноўныя даты жыцця, практычнай навуковай і навукова-арганізацыйнай дзейнасці акадэміка А.Ф. Смеяновіча” — храналагічная адзнака яго крокаў да сённяшніх здабыткаў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, акадэмік Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, дырэктар Беларускага НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, з 1989 па сапраўдны час (амаль чвэрць стагоддзя!) — кіраўнік нейрахірургічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, член рэдкалегіі многіх і многіх беларускіх і замежных медыцынскіх часопісаў, удзельнік міжнародных навуковых кангрэсаў… І сярод гэтага пераліку — ганаровы грамадзянін Мар’інай Горкі, ганаровы грамадзянін Пухавіцкага раёна. У кнізе пададзены і пералік дысертацый, абароненых пад кіраўніцтвам акадэміка А.Ф. Смеяновіча. Усяго іх — 18! З іх — тры доктарскія дысертацыі.

Выданне ілюстравана фотаздымкамі. Некаторыя — з выявамі бацькоў Арнольда Фёдаравіча: воіна-дэсантніка Фёдара Аляксеевіча, маці Галіны Лукінічны. Змешчаны здымкі з жонкай —Тамарай Іванаўнай, дзецьмі Вольгай і Віталем, унукамі. Сям’я Смеяновічаў — яркі прыклад дынастыі ў медыцыне. Жонка Тамара Іванаўна — урач. Дачка Вольга Рунова і сын Віталь Смеяновіч — вопытныя, аўтарытэтныя ўрачы. Віталь Арнольдавіч — хірург, які здзейсніў мноства складаных аперацый, кандыдат медыцынскіх навук.

Кніга, якую падаравала чытачам “Беларуская навука”, — выдатны дапаможнік для вывучэння жыццёвай, навуковай біяграфіі нашага земляка. У кнізе ўлічаны ўсе публікацыі пра Арнольда Фёдаравіча. У тым ліку — і змешчаныя на старонках “Пухавіцкіх навін”. Хацелася б звярнуць увагу на тое, што многія журналісты, пісьменнікі лічаць за гонар сустрэцца з Арнольдам Фёдаравічам, сказаць пасля ў друку сваё слова пра вялікага хірурга, сапраўднага доктара. Вось і біябібліяграфія падказвае, што ў розныя гады пра А.Ф. Смеяновіча пісалі лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Раіса Баравікова, Алесь Марціновіч, пісьменнікі, вядомыя публіцысты Наталля Карпенка, Людміла Габасава, Ірына Клімковіч, Аркадзь Бржазоўскі і шмат хто яшчэ. Адна з публікацый называецца так: “Веру, што душа існуе”. Душа Арнольда Фёдаравіча настолькі шчырая і адкрытая, што, здаецца, гэта дапамагае яму ратаваць людзей, гэта вядзе да яго людзей з самымі вялікімі і складанымі праблемамі. Усе, хто адчыняе дзверы яго кабінета, хто набірае нумар яго тэлефона, упэўнены: доктар Смеяновіч дапаможа!..

Алесь Карлюкевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *