Інжынерна-тэхнічныя работнікі і механізатары гаспадарак раёна павышалі кваліфікацыю

Машынна-трактарны парк раёна штогод папаўняецца сучаснай энерганасычанай тэхнікай, якая вырабляецца на вытворчым аб’яднанні “Гомсельмаш”. Вось і летась гаспадаркі набылі 3 збожжаўборачныя камбайны КЗС-1218 і 5 кормаўборачных КВК-800.

Вядома ж, для работы на іх спатрэбіліся механізатары, якія не толькі маюць пасведчанне трактарыста катэгорыі “Д”, але і дасканала ведаюць устройства і магчымасці новай тэхнікі. Да таго ж у гаспадарках час ад часу па розных прычынах мяняюцца і кадры механізатараў. І не ўсе “навічкі” гатовы працаваць на такіх складаных машынах.

Начальнік аддзела па тэхнічным забеспячэнні сельгасвытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама В.М. Церахаў называе яшчэ адну праблему, звязаную з новай тэхнікай. ВА “Гомсельмаш” пастаянна ўдасканальвае свае машыны, выпускае ўсё новыя вузлы, агрэгаты, дэталі. І каб купіць патрэбную для рамонту якую-небудзь з іх, трэба ведаць, ці падыходзіць яна да пэўнай маркі і мадыфікацыі. Усё гэта і прымушае інжынерныя службы пастаянна клапаціцца аб павышэнні кваліфікацыі механізатараў.

Са свайго боку і спецыялісты “Гомсельмаша” перакананы, што тэхніку лепш эксплуатуюць тыя механізатары, якія ўмеюць на ёй працаваць, ведаюць асаблівасці машыны. Тады менш праблем узнікае ў гарантыйны перыяд, тэхніка больш надзейна служыць і далей.

На мінулым тыдні спецыялісты ААТ “Аблаграсэрвіс” (дылер ВА “Гомсельмаш”) А.І. Бірук і Д.П. Шультат правялі вучобу інжынерна-тэхнічных работнікаў і механізатараў гаспадарак раёна. Заняткі праходзілі ў цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых райсельгасхарчу. Група з 30 чалавек праслухала шэраг лекцый, прагледзела вучэбны фільм. Практычныя заняткі прайшлі ў мехатрадзе ААТ “Пухавіцкі райаграсэрвіс”.

Спецыялісты прадэманстравалі рэгуліроўкі агрэгатаў, паказалі варыянты настройкі асобных вузлоў, пазнаёмілі з асаблівасцямі тэхнічнага аб-слугоўвання корма- і збожжаўборачных камбайнаў. Увага звярталася і на выкарыстанне адаптараў — шыроказахопных 9-метровых жняярак, якія ўсё больш выкарыстоўваюцца механізатарамі.

Пасля завяршэння вучобы механізатарам выдалі пасведчанні — допуск да работы на машынах ВА “Гомсельмаш”. А майстру вытворчага навучання А.В. Маслакову і метадысту цэнтра М.П. Кірпічову, якія таксама наведвалі заняткі, — пасведчанне ВА “Гомсельмаш” аб тым, што яны самі могуць навучаць механізатараў, якія збіраюцца працаваць на гомельскай тэхніцы.

Як адзначыў дырэктар цэнтра В.І. Калясенка, да пачатку жніва-2014 навучанне пройдуць усе механізатары і інжынерна-тэхнічныя работнікі сельгаспрадпрыемстваў раёна, якія раней не праходзілі такога навучання і не маюць адпаведных пасведчанняў.

На “зялёнае жніво” і ўборку зерневых выйдуць сёлета 49 корма- і 66 зернеўборачных камбайнаў вытворчасці “Гомсельмаш”. І за іх штурваламі павінны знаходзіцца толькі падрыхтаваныя і вопытныя камбайнеры.

Браніслаў ЯБЛОНСКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *