У  КЛЕЦК — ЗА ВОПЫТАМ

12

На мінулым тыдні на базе Клецкага раёна адбылася  прэс-канферэнцыя старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямёна Барысавіча Шапіры, у якой прынялі удзел  47 журналістаў.  Гэта галоўныя рэдактары рэгіянальных выданняў  і тэлеканалаў Міншчыны і прадстаўнікі рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі.

Выязныя прэс-канферэнцыі даюць  журналістам магчымасць пазнаёміцца з адным з рэгіёнаў сталічнай вобласці, адкрыць для сябе нешта новае.

Клецкі раён выбраны быў невыпадкова. Тут добрыя паказчыкі як у вытворчай, так і ў сацыяльнай сферах.

КАДРЫ. ТЭХНАЛОГІЯ. ВЫТВОРЧАСЦЬ

Напачатку журналісты   наведалі Клецкую раённую бальніцу, паглядзелі, як ідзе рамонт гаспадарчым спосабам.  Даведаліся аб тым, што набыццё медыцынскага абсталявання вядзецца з удзелам жыхароў горада і раёна. У час суботніка ў Клецкім раёне сабралі больш за 700 мільёнаў рублёў. І гэта пры тым, што ў раёне пражывае 29 тысяч чалавек. 54 працэнты з іх — працаздольнага ўзросту. Старшыня Клецкага райвыканкама  Генадзь Міхайлавіч Салавей расказаў, што правядзенне суботнікаў — гэта магчымасць вырашыць адну сур’ёзную праблему. Людзі ведаюць аб гэтым і бачаць вынік. У мінулым годзе сродкі, заробленыя на суботніку, былі накіраваны на рамонт радзільнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы. Сёлета  будзе набыты апарат  ультрагукавога абследавання.

Гэты вопыт варты пераймання.

Зараз у бальніцы поўным ходам ідзе рамонт, створана свая будаўнічая брыгада. За другі квартал тут плануюць асвоіць 4,5 мільярда рублёў.

Цікавым было знаемства з прамысловымі прадпрыемствамі раёна. Прадукцыя  Клецкага філіяла ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат” вядомая нам пад гандлёвай маркай  “Клецкая крыначка”. Тут выпускаюць масла і сухое абястлушчанае малако. Уся прадукцыя рэалізуецца ў Расію.  На прадпрыемстве працуе 520 чалавек. За 4 месяцы спажыўцам адпраўлена 1697 тон масла, што на 540 тон больш, чым у адпаведным перыядзе мінулага года. Рентабельнасць рэалізаванай прадукцыі — 26 працэнтаў. Адпраўлена прадукцыі на экспарт на 14 309 тысяч долараў ЗША.

Зараз на прадпрыемстве пачынаецца рэалізацыя інвестыцыйнага праекта “Мадэрнізацыя і расшырэнне вытворчасці тварожных вырабаў”.

Вялікую работу па мадэрнізацыі вытворчасці правялі і на ААТ “Гама смаку”. Чатыры буйных інвестыцыйных праекты  рэалізаваны за апошнія чатыры гады. Тут займаюцца перапрацоўкай сельскагаспадарчай прадукцыі, выпускаюць дзіцячае харчаванне, сокі.

У пачатку гэтага года наладжаны выпуск варанай агародніны ў вакуумнай упакоўцы. Гэта гатовыя да спажывання бульба, буракі, морква. Прадукцыя карыстаецца добрым попытам у Расіі.

Прадпрыемства актыўна развівае сваю сыравінную зону. Закладзена 200 гектараў сада, пасеяна агародніна, клубніка, што дазволіць атрымліваць больш танную і якасную сыравіну.

Журналісты не толькі наведалі прадпрыемствы Клеччыны, але і сталі ўдзельнікамі важнай падзеі. На базе  тэрытарыяльнага

цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адкрылася аддзяленне  кругласутачнага знаходжання для людзей  пажылога ўзросту і інвалідаў.  Аддзяленне абсталявалі на базе былой сярэдняй школы. Створаны цудоўныя ўмовы. Тут змогуць пражываць больш за 40 чалавек. Задаволены самі пажылыя людзі і іх дзеці, якія  па нейкіх прычынах не могуць  даглядаць бацькоў, але гатовы  падтрымаць матэрыяльна іх пражыванне ў добрых умовах.

НОВЫЯ ЗАДАЧЫ

У час прэс-канферэнцыі, якая адбылася ў зале пасяджэнняў Клецкага райвыканкама, узнімаліся самыя розныя пытанні. Журналісты цікавіліся ходам работ у сельскагаспадарчых прадпрыемствах вобласці. Сямен Барысавіч  падкрэсліў, што пасяўная кампанія на Міншчыне завяршылася  паспяхова і раней чым у Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Прычым план па яравой сяўбе перавыкананы.  Аднак сталічная вобласць пакуль адстае ад гэтых абласцей па вытворчасці малака, і таму дадзена заданне навесці парадак на кармавых угоддзях і  нарыхтаваць неабходную колькасць кармоў. У прыватнасці, нарошчваць  вытворчасць сенажу. Для гэтага ёсць усе ўмовы. У рэспубліцы свае прадпрыемствы

па выпуску тэхнікі, з дапамогай якой можна своечасова ўбраць травы. Яшчэ адна важная задача — трамбоўка кармоў. Без эфектыўнай кругласутачнай трамбоўкі цяжка нарыхтаваць неабходную колькасць якасных кармоў.

Сямён Барысавіч адзначыў, што аб’ём прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі  ў сталічнай вобласці з пачатку года знізіўся. На гэта ёсць аб’ектыўныя прычыны.  Пастаўлена задача  правесці дыверсіфікацыю нашай  прамысловасці. Патрэбна  новая прадукцыя, якая будзе карыстацца попытам.

Абмяркоўваючы пытанне пра канкурэнцыю  на рынку вытворчасці мясной прадукцыі, старшыня аблвыканкама  паведаміў, што Слуцкі мясакамбінат аднавіў вытворчасць. Там ужо быў забой жывёл. Адноўлены чатыры халадзільныя камеры. Гэта невялікая частка комплексу, але яе дастаткова, каб аднавіць  работу. Паступова ў строй увядуць астатняе халадзільнае абсталяванне.

“Прадукцыя, вырабленая на гэтым прадпрыемстве, адпавядае ўсім патрабаванням”, — дадаў С.Б. Шапіра. Акрамя таго, завяршаецца будаўніцтва свінагадоўчага комплексу Слуцкага мясакамбіната на 24 тысячы свіней. У гэтым годзе аналагічныя комплексы з’явяцца ў Валожынскім, Любанскім і Барысаўскім раёнах. Ішла гаворка і пра рэфармаванне сельскагаспадарчай галіны.

Паведаміў губернатар  і аб тым, што план па будаўніцтве будзе распрацаваны для гарадоў-спадарожнікаў у Мінскай вобласці: “Будаваць у гарадах-спадарожніках мы будзем ужо па наяўнасці пляцовак”. Пры гэтым ён падкрэсліў, што пляцоўка не азначае маштабнай забудовы ўжо існуючых жылых кварталаў. Будаўніцтва новых аб’ектаў будзе весціся ў Смалявічах, дзе ажыццяўляецца праект па стварэнні Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку. Невялікія аб’ёмы будаўніцтва запланаваны ў Фаніпалі і Заслаўі.

Жыллё для маючых у ім патрэбу будзе прадастаўляцца на ранейшых умовах і па ўстаноўленых расцэнках. — У будаўнічай галіне усё павінна быць празрыста і зразумела, — сказаў Сямён Барысавіч Шапіра. — Указ № 214 “Аб развіцці гарадоў-спадарожнікаў” кіраўнік дзяржавы падпісаў 7 мая. У адпаведнасці з дакументам статус горада-спадарожніка Мінска надаецца гарадам Дзяржынск, Заслаўе, Лагойск, Смалявічы, Фаніпаль і г.п. Рудзенск.

Сямён Барысавіч адзначыў, што ў нашым раёне ёсць усе ўмовы для актыўнага будаўніцтва. У першую чаргу, гэта ЦЭЦ-5. У перспектыве  побач можа быць пабудаваны горад, дзе будзе пражываць 100 тысяч чалавек.


Вольга САВАСЦЮК.

НА ЗДЫМКУ: у час наведвання Клецкага філіяла ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *