Маленькая пухаўчанка нарадзілася ў Дзень Незалежнасці

Акцыя  “Белая Русь”— з любоўю да дзяцей”  праводзіцца  з  2009 года  ў гонар Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. За гэты час сотні матуль нашай краіны, якія нарадзілі дзяцей 3 ліпеня,  атрымалі падарункі ад грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Шчаслівым стаў сёлетні  дзень 3 ліпеня і для сям’і   Радзій з гарадскога пасёлка Свіслач. У іх нарадзілася дачушка, якую назвалі  Насцечкай.

Mal_puhav

Павіншаваць Алену Радзій з радаснай падзеяй у жыцці і ўручыць падарунак  прыйшла старшыня раённай арганізацыі  грамадскага аб’яднання  “Белая Русь” Т.В. Лабанава (на здымку). Яна пажадала маленькай  Насцечцы Радзій добрага здароўя, а яе  матулі шмат вытрымкі і цярпення, каб выхаваць сапраўднага грамадзяніна нашай краіны.  Знамянальна, што віншаванні  А.У.  Радзій прымала якраз  у дзень свята  праваслаўных заступнікаў хрысціянскага шлюбу святых Пятра і Феўронні, якія  пражылі  ў згодзе доўгае жыццё і памерлі ў адзін дзень, пакінуўшы нашчадкам прыклад вялікага кахання і шчаслівай сям’і.

Алена Радзій прызналася, што яна сапраўды шчаслівая маці. Гэта ўжо другая дзяўчынка ў іх сям’і. Магчыма, яна яшчэ раз у будучым наведаецца ў акушэрскае аддзяленне Мар’інагорскай бальніцы, каб  перажыць гэтыя хвалюючыя  імгненні нараджэння  дзіцяці. У аддзяленні ёй вельмі падабаюцца камфортныя палаты, цёплая атмасфера, якая тут пануе, прафесіяналізм урачоў, медыцынскіх сясцёр, адносіны да немаўлятак і матуль.

Анна  МІХАЙЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *