Адзначылі Дзень вёскі Русаковічы

 

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Спявае ансамбль “Вярбічанька

Здаецца, што тут дзіўнага — недзе адзначылі Дзень вёскі?  У многіх населеных пунктах такія святы сталі ўжо традыцыяй. Але, як вядома, нават вельмі падобныя рэчы хоць нечым, ды адрозніваюцца. Так і тут. Часцей за ўсё галоўным арганізатарам  свята становіцца мясцовы выканаўчы камітэт, а жыхароў запрашаюць паўдзельнічаць.  Зрэдку, але бывае і наадварот. Жыхары ўсё рыхтуюць самі і запрашаюць у якасці гасцей прадстаўнікоў мясцовай улады.

Менавіта так адбываецца ў Русаковічах. У гэтай вёсцы ініцыятарамі правядзення свята з’яўляюцца мясцовыя жыхары.  Яны самі складаюць праграму, запрашаюць артыстаў, арганізуюць гандаль, рыхтуюць пляцоўку. Прычым трэба адзначыць, што ініцыятыва раз у год збірацца ўсім разам прыйшла тым, каго называюць “дачнікамі”.  У асноўным гэта людзі,  звязаныя  з  Русаковічамі. Яны праводзяць вольны час у сядзібах сваіх бацькоў, бабуль і дзядуль. І ў іх ёсць жаданне рабіць нешта не толькі для сябе, але і на карысць вёскі.

Такая, напрыклад, Алена Яўгенаўна Габарава. Гэта  з яе падачы ў вёсцы з’явілася сваё свята. Алена жыве ў сталіцы і працуе ў сферы міжнародных зносін. І яна мае шмат сяброў і знаёмых і на сваёй радзіме, і ў Сербіі. Але Русаковічы ў яе жыцці займаюць асобнае месца. Сюды ў дзяцінстве прыязджала ў госці да бабулі, і для яе гэта вёска свая.

Таму і захацела зрабіць так, каб аднавяскоўцы не зачыняліся  на   сваіх  падворках, а зноў пачалі разам і весяліцца, і праблемы вырашаць.

Зараз свята — справа, пра якую Алена ніколі не забывае. Помніць нават пра дробязі. У час сёлетняга  мерапрыемства пайшоў дождж, і мужчыны хуценька паставілі над лаўкамі, дзе сядзелі гледачы, вялікі тэнт, такі, як ставяць ў летніх кафэ. Канешне, цікава было, дзе вяскоўцы ўзялі  гэтую зручную рэч.  Алена расказала, што яна ехала з сям’ёй па Сербіі,  па дарозе ўбачыла месца, дзе гэтыя тэнты прадаваліся, тут жа вырашыла, што ім спатрэбіцца для свята, і купіла.

Алена Габарава і госць з Сербіі Горан Дабіжлевіч

Алена Габарава і госць з Сербіі Горан Дабіжлевіч

Алена сваіх родных і знаёмых таксама  далучыла да падрыхтоўкі свята. На Дзень вёскі да яе  ў Русаковічы прыязджаюць госці з Сербіі, у мінулым годзе нават пасол гэтай краіны ў Беларусі  завітаў.  А  канцэртную праграму вядзе сябра яе сям’і,  дыктар першага канала Беларускага радыё Святлана Уладзіміраўна Шушакова.

У Алены ў вёсцы  хутка знайшліся паплечнікі: Ніна Мікалаеўна Фідрусь, Уладзімір Рыгоравіч і Ларыса Іванаўна Шэлег і ўсе іх чацвёра дзяцей, Вера Міхайлаўна Шэлег, Леанід Анатольевіч Бялейчык і іншыя. Кожны пры падрыхтоўцы свята робіць тое, што яму па сілах. Напрыклад, Ніна Мікалаеўна Фідрусь у гэтым годзе была “адказная за гандаль”. Яна дамовілася з райпо, каб прыйшла  аўталаўка,  арганізавала выязны гандаль раённага камбіната бытавога абслугоўвання. Мужчыны абкасілі траву на паляне, дзе збіраецца вёска.  А ўсе разам пачысцілі пляж на той выпадак, калі будзе вельмі горача і захочацца паплаваць.

І аб тым, як  арганізаваць канцэртную праграму, таксама думаюць усе разам. На сёлетнім свяце давялося пачуць такую гісторыю. Адна з жыхарак Русаковіч ехала ў электрычцы і  ў вагоне пачула, як прыгожа спяваюць жанчыны. Падышла да іх, пазнаёмілася. Аказалася, што пявунні — удзельніцы ансамбля “Вярбічанька” Дрычынскага сельскага дома культуры. Жанчына расказала пра іх аднавяскоўцам. Так  на свята  патрапілі і “Вярбічанька”, і юныя артысты, якія займаюцца ў Дрычынскім СДК.  Запрасілі і суседзяў — у канцэрце прымалі ўдзел самадзейныя артысты з Праўдзінскага дома культуры.

Запрасілі  і іншых творчых людзей, якія дапамаглі зрабіць свята больш разнастайным. У Русаковічы прыехалі народныя  майстры з Блужскага, Гарэлецкага, Свіслацкага дамоў культуры і арганізавалі выставы сваіх вырабаў. Усіх вельмі зацікавілі лялькі дырэктара Свіслачскага ДК Наталлі  Барысаўны  Кулік. А  Анжаліка  Дзмітрыеўна Шлык,   гаспадыня   аграсядзібы “Дары  Вялеса”, арганізавала не толькі выставу сваіх работ, але і забавы для юных жыхароў Русаковіч. Яна прывезла  міні-заапарк, у якім можна было пабачыць трусянят, вавёрак, шыншылу, рознакаляровых папугайчыкаў і іншых жывёл. А яшчэ ўсім мясцовым прыгажуням прапанавала аквамакіяж і ўпрыгожыла тварыкі дзяўчынак кветкамі і незвычайнымі раслінамі.  Дапамагалі ёй і дзеці  — удзельнікі тэатра роставых лялек. Дзяўчынкі з’явіліся на свяце ў  касцюмах казачных жывёл.

Дапамог і Рудзенскі сельскі выканаўчы камітэт —  забяспечыў вёску лаўкамі, на якіх перад імправізаванай сцэнай размясцілі гледачоў. А старшыня выканкама Раіса Міхайлаўна Гайшун вітала жыхароў вёскі як ганаровы госць. Уважліва назірала за тым, што адбывалася  ў  Русаковічах, і старшыня Праўдзінскага пасялковага Савета Алена Сяргееўна Гражэвіч. Суседзі ўсё ж-такі.

Калі скончыўся канцэрт, Алена Яўгенаўна Габарава звярнулася да сваіх аднавяскоўцаў з вельмі правільнымі словамі. Яна ўспомніла, што ў  тыя  часы,  калі  ў  Рудзенск   да  электрычкі  ўсе ездзілі на аўтобусе, а не  на  асабістым  аўто, а  з  сусе-дзямі   размаўлялі,  заходзячы  ў  хату,  а  не  па  мабільным  тэлефоне, усе лепей ведалі адзін аднаго, і зносіны былі нейкія больш цёплыя. Трэба вярнуць гэтую цеплыню.  І свята патрэбна для таго, каб людзі зноў адчулі, што яны аднавяскоўцы, а не проста суседзі.

Яшчэ ў школе нам расказвалі пра тое, што нашы продкі ўсё рабілі  разам:  разам   сеялі  і  збіралі   ўраджай, разам радаваліся  нараджэнню дзіцяці і праводзілі нябожчыка, разам святы спраўлялі. І ўсе справы арганізоўвалі самі: нешта бралі на сябе старэйшыя людзі,  нешта  рабілі  маладзейшыя. Ні ў адным апісанні народнага свята не напісана, што прыехаў  “дзяржаўны чалавек” і прызначыў: табе зорку на каляды насіць, а табе з валачобнікамі па хатах хадзіць. Вёска сама вырашала, каму і што да свята рыхтаваць, каго ў госці запрашаць. Можа, ёсць сэнс успомніць пра гэта ў такіх вёсачках, дзе няма свайго  дома культуры, школы, і сельскі выканкам далёка? У Русаковічах успомнілі. І нарадзілася свята, якое не проста  чакаюць, а самі ствараюць.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

НА  ЗДЫМКАХ: Алена Габарава і госць з Сербіі Горан Дабіжлевіч;

спявае  ансамбль “Вярбічанька.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *