У Пухавіцкім раёне прайшлі Каласавіны

OLYMPUS DIGITAL CAMERAУ нашым раёне ў чарговы раз прайшлі “Каласавіны”. У гэтым годзе  свята было прысвечана 132-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі  Якуба  Коласа.

Напярэдадні гэтай падзеі папоўнілася экспазіцыя “Якуб Колас: прырода і людзі роднага краю”, якая размешчана ў мастацкай галерэі раённага краязнаўчага музея. Менавіта для яе малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч перадаў куфар, які Колас прывёз з Ташкента, дзе быў у эвакуацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У нашым музеі яго адрэстаўравалі і змясцілі ў зале побач з іншымі рэчамі вялікага беларускага песняра.

Таксама да Каласавін у зале з’явіўся стэнд “Па сцяжынках Якуба Коласа”, на якім зме-шчаны эцюды маладога мастака з Мар’інай Горкі Міхаіла Мішука. Невялікія пейзажы выкананы алеем на паперы. На іх — краявіды коласаўскіх мясцін на Пухавіччыне.

Новыя экспанаты ўжо змаглі пабачыць госці мастацкай галерэі, якія ў гэтыя дні прыходзілі менавіта для таго, каб наведаць залу, прысвечаную жыццю і творчасці Якуба Коласа. Як расказалі супрацоўнікі музея, асабліва актыўна цікавіліся экспазіцыяй вучні Рудзенскай сярэдняй школы. Групы з гэтай навучальнай установы прыязджалі некалькі разоў, і адчувалася, што вучням сапраўды цікава тое, што паказвалі і расказвалі экскурсаводы.

Сведчаннем цікаўнасці да жыцця і творчасці Якуба Коласа стала і тое, што вучні школ раёна прынялі актыўны ўдзел у віктарыне, прысвечанай жыццю і творчасці песняра, а таксама ў конкурсе малюнкаў па яго творах, што  сумесна праводзілі раённы краязнаўчы музей і аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Пераможцаў гэтых творчых спаборніцтваў назвалі  21 лістапада падчас літаратурнага свята, што адбылося ў раённым цэнтры культуры. На сустрэчу з прыхільнікамі творчасці Якуба Коласа прыехаў яго малодшы сын Міхась Міцкевіч. Разам з ім на свяце прысутнічалі зямляк песняра паэт Алесь Камароўскі і пісьменнік з Мар’інай Горкі  Браніслаў Зубкоўскі. На сустрэчу з пісьменнікамі прыйшлі супрацоўнікі культуры, прыехалі вучні і настаўнікі з устаноў адукацыі раёна. У іх ліку былі і ўдзельнікі віктарыны і конкурса малюнкаў. Усе яны атрымалі падарункі ад арганізатараў гэтых творчых спаборніцтваў — кнігу “Памяць. Пухавіцкі раён”, буклеты “Браты і сёстры Якуба Коласа”, якія падрыхтаваў раённы краязнаўчы музей.

OLYMPUS DIGITAL CAMERAДругая частка літаратурнага свята адбылася ў Пухавіцкай сярэдняй школе. На пачатку Міхась Міцкевіч разам з дырэктарам школы Валянцінай Бяседзінай адкрылі памятную дошку, змешчаную на будынку гэтай навучальнай установы. Яна нагадвае аб тым, што ў Пухавіцкім сельсавеце ў вёсках Падбярэжжа, Вусце, Беразянка, Балачанка  адпачываў і працаваў Якуб Колас.  Усталявана дошка  па ініцыятыве раённага краязнаўчага музея.

Пра сувязь Коласа з Пухавіччынай нагадалі і падчас літаратурнага свята, якое падрыхтавалі вучні школы. Яны паспрабавалі адказаць  на пытанні, чаму паэт выбраў для сябе Пухавіччыну, чаму прыязджаў адпачываць менавіта сюды.

Падчас свайго выступлення Міхась Канстанцінавіч адразу прызнаўся, што лепшыя свае гады ён правёў менавіта на нашай зямлі. А яшчэ прапанаваў школьнікам распрацаваць турыстычны маршрут па коласаўскіх мясцінах Пухавіцкага сельсавета. Гэта будзе не вельмі складана, бо ўсе вёскі, якія пералічаны на памятнай дошцы, знаходзяцца недалёка адна ад адной. І шлях да іх пралягае па маляўнічых мясцінах, якія вельмі падабаліся песняру. Адначасова варта ўспомніць, што маюць вёскі сельсавета не толькі літаратурную, але і гераічную гісторыю, звязаную з партызанскім рухам на Пухавіччыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны.  Канешне, каб зрабіць такую сур’ёзную справу, трэба вельмі добра ведаць жыццё і творчасць Якуба Коласа, падзеі, што адбываліся тут у гады вайны. Але ў школе добрыя настаўнікі беларускай мовы,  літаратуры і гісторыі, працуе свой краязнаўчы музей, таму справа ім пад сілу.

Гэтую ідэю падтрымаў і дырэктар Пухавіцкага краязнаўчага музея Аляксандр Аляксандравіч Прановіч. Яшчэ ён падкрэсліў, што школьнаму музею патрэбна зрабіць экспазіцыю “Якуб Колас у ваколіцах Пухавіч”, і паабяцаў, што раённы краязнаўчы музей дапаможа ажыццявіць гэтую справу.

Падчас літаратурнага свята перад вучнямі выступілі Браніслаў Зубкоўскі, Алесь Камароўскі.  А Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч  па традыцыі напомніў вучням, што самае каштоўнае ў свеце — трывалыя веды. Усюды вельмі цэніцца інтэлект. А яшчэ ўменне працаваць, у тым ліку над сабой. І прыкладам у гэтым для падрастаючага пакалення служыць Якуб Колас — вялікі беларускі пясняр, які вельмі любіў Пухавіччыну.

Наталля  ПАРХОМЧЫК.

На здымку: Алесь Камароўскі і Міхась Міцкевіч з вучнямі Пухавіцкай сярэдняй школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *