Мастацкі свет Барыса Рэпіна

Нібы зачараваная, пазіраю на карціну Барыса Рэпіна. На ёй цёплы летні дзень, з будынка з саламяным дахам выходзіць хлопчык, у яго на руках маленькі трус. А трохі далей задумліва стаіць дарослы мужчына і трымае мальберт і пэндзаль. Гэта работа першай прыцягнула маю ўвагу, і вось ужо некалькі хвілін дарэмна спрабую адвесці ад яе вочы. Нейкі дзіўны настрой ёсць у гэтым творы, амаль няўлоўнае адчуванне вечнасці. Нарэшце, чую за сваёй спінай мужчынскі голас: “А вы здагадаліся, што і хлопчык, і мужчына на карціне – гэта я. Толькі ў розных узростах. Калі быў маленькі, вельмі любіў гэтага труса, ніколі з ім не расставаўся. А стаў дарослым — амаль не расстаюся з мальбертам і пэндзлем. Такім чынам, у творы сышліся два ўзросты са сваімі каштоўнасцямі і прыярытэтамі”.

Я азірнулася і ўбачыла яго, мастака Барыса Фёдаравіча Рэпіна (на здымку), нашага таленавітага земляка. З нагоды яго 70-годдзя ў Пухавіцкай мастацкай галерэі адбылася выстава работ юбіляра “Родныя карані”. На ёй былі прадстаўлены карціны розных гадоў і тэматыкі. Аўтар здзівіў сваёй рознапланавасцю, неардынарным успрыманнем рэчаіснасці. На яго палотнах па-філасофску асэнсаваныя вобразы: прырода роднай Пухавіччыны; будынкі, цэрквы; сваякі мастака – маці, брат, жонка, сын… Можна сустрэць тут і серыю малюнкаў “Пражскія матывы”, якая ўзнікла, калі юбіляр гасціў у брата ў Празе. Уражвае цікавая манера падачы вобразаў. У карцінах пераплятаецца мінулае і сучаснае, сумнае і вясёлае, няспраўджаныя мары і надзеі на светлую будучыню.

Барыс Рэпін нарадзіўся ў вёсцы Пухавічы, тут прайшло яго дзяцінства і юнацтва. З ранняга ўзросту ён любіў маляваць. Падрастаючы, хлопчык стаў перамалёўваць партрэты, якія знаходзіліся дома. Неўзабаве бацькі вырашылі аддаць сына ў мастацкае вучылішча імя Глебава. Пасля яго заканчэння юнак вырашыў працягваць адукацыю ў гэтым напрамку і стаў студэнтам тэатральна-мастацкага інстытута (сучасная Акадэмія мастацтваў).

Скончыўшы інстытут, хлопец пайшоў працаваць на тэлебачанне мастаком-пастаноўшчыкам. Трэба сказаць, што Першаму нацыянальнаму каналу Барыс Рэпін аддаў усё сваё жыццё. Ен рабіў дэкарацыі для перадач, фільмаў, спектакляў. І ўвесь гэты час Барыс Фёдаравіч ствараў свае мастацкія творы. За доўгае жыццё іх накапілася нямала. Некаторыя захоўваюцца ў Італіі, а таксама ў фондзе Саюза мастакоў Беларусі.

На выставу прыйшлі не толькі аматары жывапісу, але і калегі па мастацтву. Павіншавалі юбіляра і пажадалі плённай працы кандыдат мастацтвазнаўства Я. Шунейка, мастакі Ф. Ладуцька і Л. Грышук.

Сярод іншых гасцей зусім непрыкметна стаяла жанчына. У вачах яе былі слёзы, але вусны ўсміхаліся. Яна сама магла расказаць пра кожную карціну не горш за Барыса Фёдаравіча. Акрамя таго, менавіта яна так часта глядзела на нас з твораў юбіляра, а таксама стала правобразам шматлікіх жаночых постацей на палотнах. Гэта жонка мастака і яго надзейная спадарожніца па дарозе жыцця — Тамара Аляксандраўна. Хто, як ні яна, добра ведае, колькі начэй без сна правёў Барыс Фёдаравіч за працай, колькі сіл і цярпення трэба для стварэння нават невялікага твора, якім пераменлівым падчас бывае натхненне.

У Барыса Рэпіна шмат цікавых задумак, а гэта значыць, што мы яшчэ не раз зможам зайсці ў раённую галерэю і палюбавацца на ўвасабленне творчых ідэй мастака.

Наталія САЛАВЕЙ.

Мастацкі свет Барыса Рэпіна: 1 комментарий

  • 20.09.2010 в 08:44
    Permalink

    Надо будет сходить посмотреть)

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

    Ответ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *