А вогнішча было… з кветак

46 ліпеня ў аграгарадку Дукора адбылося адно з самых чароўных традыцыйных беларускіх  святаў — Купалле. Здаўна свята характарызуецца комплексам павер’яў і абрадаў.

Свята пачалося з народных песень, якія выконвалі народныя калектывы нашага раёна. У карагодзе сабраліся госці свята і жыхары аграгарадка. І адразу ж стала зразумела, што традыцыі пухаўчане яшчэ памятаюць. Дзяўчаты былі апрануты ў доўгія расшытыя беларускім арнаментам сукенкі, на галовах юных прыгажунь красаваліся купальскія вяночкі. У кожнай ён быў непаўторны: у адных — толькі з кветак, у другіх — дапоўнены галінкамі дуба, клёна, бярозы ці сасны.

Крыху патанчыўшы, сталі выбіраць галоўных герояў свята — Купаліша і Купалінку. Для гэтага першымі выйсці ў круг па-прасілі маладых нежанатых хлопцаў. Яны павінны былі выканаць народны танец. Лепей за ўсіх адбіваў рытм жыццярадасны Юрый Крывашэй, які і стаў Купалішам.

2Цяпер заставалася выбраць яму сяброўку. У кругу сабраліся  дзяўчаткі, якія мараць знайсці сваё шчасце. Трэба адзначыць, што выбар быў складаны: усе дзяўчаты, як на падбор, прыгожыя, разумныя і творчыя. Але ж выбар выпаў на Кацярыну Гаўрылюк, якая і стала Купа-лінкай.

1І зноў удзельнікі свята сабраліся ў карагод, каб потым  пайсці да ракі, дзе павінны былі адбыцца старажытныя купальскія абрады: распальванне вогнішча, скокі праз яго, пусканне вянкоў па вадзе. Аднак тут нечаканна для ўсіх ўмовы надвор’я пагоршыліся настолькі, што прыйшлося хавацца пад дах Дукорскага дома культуры.  Але ніхто разыходзіцца не збіраўся: свята ёсць свята!

Купалле працягнулася ў сельскім доме культуры. Для гледачоў выступілі вакальны гурт Дрычынскага СДК “Вярбічанька”, ансамбль народнай песні Турынскага СДК “Весялуха”. Потым распачалася гульнёвая праграма. Хлопцы ўдзельнічалі ў гумарыстычным конкурсе “Бой пеўняў”, дзяўчаты ставілі рэкорды  на прыгалцы. А потым усе разам спаборнічалі ў перацягванні канату. Пераможцы конкурсаў атрымалі прысмакі ад спонсара мерапрыемства — ААТ “Машхарчпрад”.

679На свяце сваім выступленнем парадавалі  гледачоў  народны фальклорны калектыў Блонскага СДК “Зарачанка”, жартоўны гурт Дукорскага СДК “Сяброўкі” і сямейны ансамбль Борскага СДК “Жывіца”.

Як  лічыцца,  сімвал Купалля — рытуальнае вогнішча. У памяшканні вогнішча, вядома ж, не распаліш.  Але ж работнікі раённага дома культуры не разгубіліся і склалі вогнішча… з кветак.

Святлана ВАЙЦЯХОЎСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *