Мар’інагорскі скаладром сустракаў гасцей

Другую суботу кастрычніка аматары скалалазання з усёй краіны чакаюць з нецярпеннем. У гэты дзень яны прыязджаюць у Мар’іну Горку на фестываль “Міні-фэст”, які ўжо стаў традыцыйным. Мінулыя выхадныя не сталі выключэннем. У госці да пухаўчан прыехалі скалалазы з Мінска, Гомеля, Віцебска, Бабруйска.На старт выйшлі больш за 100 спартсменаў. Яны добра ведаюць адзін аднаго, часта бачацца на розных спаборніцтвах. Таму можна з упэўненасцю сказаць — гэта была сустрэча сяброў.

Мини-фэст (копия) 2Арганізатары фестывалю Вольга Рак і Андрэй Нікіфаравец падрыхтавалі 25 маршрутаў. Яны былі розныя па ўзроўню складанасці, таму кожны ўдзельнік мог выбраць сабе трасу па сілах. Падкрэслю, што ніякіх узроставых абмежаванняў для ўдзелу ў фэсце не было. Галоўнае — жаданне і цікавасць да спорту.Нягледзячы на аматарскі ўзровень “Міні-фэсту”, канкурэнцыя была высокай. Большасць спартсменаў, якія прымалі ўдзел у спаборніцтвах, уваходзяць у дзясятку лепшых скалалазаў сярод мужчын. Не дзіўна, што ў фінале яны паказалі вельмі блізкія вынікі.

— Напярэдадні фестывалю мы пабудавалі яшчэ адну сцяну для спаборніцтваў. Удзельнікі высока ацанілі яе якасць, — паведаміла трэнер Вольга Рак.— Хачу падзякаваць ААТ “Машхарчпрад” за спонсарскую падтрымку. Самыя цёплыя словы трэба сказаць Марыі Голубевай, метадысту рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, усім сябрам і родным, якія падтрымліваюць мае ідэі.

Спаборніцтвы доўжыліся ўвесь дзень. Спартсмены ўвесь час падбадзёрвалі адзін аднаго, усміхаліся, раіліся. Бліжэй да вечара пачаліся фіналы. У мужчын да завяршальнай стадыі “Міні-фэсту” дабраліся 8 спартсменаў, у жанчын — 6. Сярод мужчын на п’едэстал падняліся мінчанін Дзяніс Максіменя, Аляксандр Клюжаў з Гомеля і бабруйчанін Сяргей Фядотаў. Пухаўчанін Дзмітрый Ніканораў стаў шостым. Па словах трэнера, такі вынік павінен матываваць хлопца на высокія дасягненні. Ён здольны супернічаць з пераможцамі на адным узроўні.

Трэці год запар лепшай сярод жанчын стала пухаўчанка Марыя Вернікоўская. Другое і трэцяе месца занялі мінчанкі Аляксандра Місюкевіч і Алена Андрэева. Усе пераможцы і прызёры атрымалі медалі, дыпломы і падарункі.

У наступным годзе “Міні-фэст” адзначыць пяцігадовы юбілей. Арганізатары і ўдзельнікі ўжо вырашылі, як будуць святкаваць. Месцам сустрэчы традыцыйна стане Мар’інагорскі скаладром.

НА ЗДЫМКУ: пераможцы і фіналісты “Міні-фэсту” разам з  Вольгай Рак.

Кацярына   ВЕРНІКОЎСКАЯ

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *