Шляхамі Лесі Украінкі
У лютым гэтага года споўнілася 145 гадоў з дня нараджэння знакамітай украінскай паэткі Лесі Украінкі. З гэтай нагоды ў Мар’інагор-скай гімназіі адбылася сустрэча, у якой прынялі ўдзел дэлегацыя Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь на чале з Часовым павераным у справах Украіны ў Беларусі Валерыем Джыгуном, прадстаўнікі Мінскага грамадскага аб’яднання “Заповіт” (на здымку).
У біяграфіі Лесі Украінкі ёсць беларускія старонкі. Звязаны яны з вялікім і трагічным каханнем да Сяргея Мяржынскага, якое яна пранесла праз усё жыццё. Яе любы жыў у Мінску, і Леся некалькі разоў прыязджала да яго. Спрабуючы знайсці грошы, каб неяк падтрымаць смяротна хворага Сяргея, яна наведала Бонч-Асмалоўскіх у іх маёнтку ў Блоні. Такім чынам лёс звязаў яе і з Пухавіччынай.
Гэтую гісторыю ўсім, хто прысутнічаў на літаратурна-музычнай сустрэчы “Шляхамі Лесі Украінкі”, нагадаў дырэктар раённага краязнаўчага музея Аляксандр Прановіч (у края-знаўчым музеі прадстаўлена экспазіцыя, прысвечаная яе жыццю). Аб тым, якое месца Леся Украінка займае ў культуры ўкраінскага народа, чаму ўкраінцы і сёння паважаюць яе не толькі як геніяльную паэтку, але і як сапраўднага патрыёта, расказаў Часовы павераны ў справах Украіны ў Беларусі Валерый Джыгун. Ён выказаў падзяку за тое, што ў нашым раёне збіраюць звесткі аб Лесі Украінцы, праводзяць у памяць аб ёй мерапрыемствы.Больш, чым любыя бія-графічныя звесткі, аб паэце расказваюць яго вершы. Падчас сустрэчы прагучалі вершы Лесі Украінкі на беларускай і ўкраінскай мовах у выкананні і гімна-зістаў, і гасцей. Праграму, складзеную з народных украінскіх песень, удзельнікам сустрэчы прадставіў фальклорны ўкраінскі ансамбль песні і абраду “Ватра” Мінскага гарадскога аб’яднання ўкраінцаў “Заповіт”. Яе аснову склалі песні, што гучалі ў часы, калі жыла Леся Украінка. Прагучалі і ўкраінскія “вяснянкі”. У сваю чаргу, гімназісты таксама пазнаёмілі гасцей з традыцыйнымі беларускімі абрадамі.
“Трэба сябраваць, асабліва народам, якія жывуць побач”, — аб гэтым напрыканцы сустрэчы гаварыла і старшыня Мінскага грамадскага аб’яднання “Заповіт” Галіна Калюжная, і дырэктар Мар’інагорскай гімназіі Ала Ралькевіч. Трэба сябраваць, бо мы вельмі падобныя і мы добра разумеем адзін аднаго. Прыклад таму — паэтычныя творы Лесі Украінкі, якія аднолькава душэўна гучаць і на яе роднай украінскай мове, і на нашай беларускай.
Памяць аб знакамітай украінскай паэтцы шануюць у Беларусі. У Мінску ёсць вуліца, якая носіць яе імя, а на месцы дома, дзе некалі бывала Леся Украінка, усталявана мемарыяльная дошка. Ёсць задумка з часам адкрыць мемарыяльную дошку ў гонар вялікай украінскай паэткі і ў Блоні.