60 гадоў поруч: сям’ я Дубаўцоў з Дукоры адзначыла брыльянтавы юбілей

admin-ajax8 сакавіка было шумна і святочна ў хаце  маіх свекрыві і свёкра Зоі Іосіфаўны і Аляксандра Васільевіча Дубаўцоў, якія жывуць у аграгарадку ДукораЯны адзначаюць брыльянтавы юбілей свайго сямейнага саюза. У далёкім 1956 годзе згулялі вяселле і вось ужо 60 гадоў ідуць поруч па жыцці. Нямала жыццёвых выпрабаванняў выпала на іх долю, але праз гады яны пранеслі сваё каханне, лад і згоду, нарадзілі і выхавалі траіх дзяцей, дапамагалі гадаваць і  выхоўваць унукаў, а цяпер з радасцю няньчацца  з трыма праўнучкамі.

У гады ваеннага   ліхалецця Аляксандр Васільевіч, малалетні хлапчук, разам з бацькамі быў вывезены ў Германію, дзе  працаваў у мясцовага бюргера.  Пасля  вызвалення  разам са сваімі сёстрамі  выхоўваўся  ў  дзіцячым доме. З цудоўнай дзяўчынай-прыгажуняй  Зояй,  якая на  ўсё  жыццё  забрала яго сэрца і душу, ён пазнаёміўся падчас вучобы ў Бабініцкім вучылішчы (Аршанскі раён). Падчас службы ў арміі ён прыехаў у кароткатэрміновы адпачынак з Ленінграда ў вёску Туча, дзе зрабіў сваёй каханай прапанову стаць яго жонкай. І ў  1956 годзе яны згулялі вяселле. Як успамінаюць самі юбіляры, 8 сакавіка таго года было вельмі снежна. Да мясцовага загса  яны дабіраліся праз лес на санях, а потым сціпла, па-сямейнаму, адзначылі гэты дзень сярод сваіх родных  і  блізкіх. 

Аляксандр  Васільевіч пасля арміі вярнуўся на малую радзіму сваёй жонкі. Там прайшла асноўная частка жыцця нашых дарагіх бацькоў, там яны звілі сваё  сямейнае гняздо, пабудавалі  дом, пасадзілі сад. Усё жыццё прысвяцілі  працы  ў  сельскай  гаспадарцы.Але жыццё склалася такім чынам, што адважыліся на пераезд у Дукору, каб быць бліжэй да сваіх дзяцей, якія жывуць у  Мінску.  Зоя Іосіфаўна працавала бухгалтарам у мясцовым дзіцячым садку, а Аляксандр  Васільевіч да выхаду на пенсію працаваў механікам у мясцовай гаспадарцы.  Людзі яго заўсёды паважалі за характар, прынцыповасць,  жыццёвую пазіцыю.

Без яго ўдзелу не абыходзіцца ніводнае свята ў гаспадарцы. Ён дзеліцца з аднавяскоўцамі і школьнікамі ўспамінамі аб  ваенных гадах. Выхоўвае ў маладога пакалення пачуццё патрыятызму і гонару за свой народ і радзіму. А  Зоя Іосіфаўна — мудрая дарадчыца і памочніца свайму мужу. Куды іголачка — туды нітачка. А як жа інакш?  Мая свякроў — вельмі добрая маці і гаспадыня. У нашай сям’і на ёй усё «завязана». Яна заўсёды дасць мудрую параду, выслухае кожнага. Штогод  радуе вока  рознакаляровы дыван кветак  на  прысядзібным участку юбіляраў.Не толькі працаваць, але і весяліцца ў гэтай хаце таксама  ўмеюць. Аляксандр Васільевіч добра грае на гармоніку. Заўсёды шумна і весела праходзяць сямейныя святы, якія збіраюць за агульным сталом усіх членаў сям’і. Аляксандр Васільевіч, як некалі ў маладосці, бярэ ў рукі свой гармонік, а Зоя Іосіфаўна падхоплівае песні, якія вяртаюць яе ў маладосць. Гэтае сугучча як нішто іншае найлепш перадае мелодыю кахання, якая праз гады не страціла свайго ні з чым не параўнальнага гучання. Любоў да музыкі і песні яны перадалі дзецям і ўнукам. Калісьці і я ўвайшла ў гэтую сям’ю, дзе мяне прынялі з любоўю, павагай і разуменнем. 

Здаецца, зусім нядаўна ў Дукорскім сельсавеце ва ўрачыстых абставінах з удзелам родных і сяброў святкавалі іх залатое вяселле, а вось ужо і брыльянтавае адзначаем.У гэты святочны дзень, дарагія нашы Зоя Іосіфаўна і Аляксандр Васільевіч, віншуем вас з такой знамянальнай падзеяй. Прайшло 60 гадоў вашага сямейнага жыцця. Ёсць што ўспомніць, ёсць пра што расказаць. Сёння вас акружаюць дзеці, унукі і праўнучкі, якія вас моцна любяць і паважаюць. 

Мы жадаем вам добрага здароўя,  шчаслівых сямейных гадоў  і надалей з аптымізмам глядзець у будучыню. Са святам, дарагія нашы юбіляры! Няхай крыштальная ваза вашага жыцця напаўняецца чыстай крынічнай вадою, і ў ёй ніколі не звянуць чырвоныя ружы кахання, белыя лілеі вернасці і сціплыя рамонкі надзеі!

Людміла   ДУБАВЕЦ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *