«Пухавіцкія навіны» 85 гадоў з чытачамі!

Заўтра ў нашай газеты свята. Спаўняецца 85 гадоў з выхаду ў свет яе першага  нумара.  У далёкім 1931 годзе да жыхароў Пухавіччыны  прыйшла газета “За калгасы”. Нумар быў прысвечаны першамайскаму святу.  Да 22 чэрвеня 1941 года яна выходзіла пад назвай “За калгасы”. Першымі  рэдактарамі былі Лескавец, Гармонька, Сіротка, Панкратаў. На  старонках пухавіцкай газеты  друкавалі свае творы беларускія пісьменнікі Якуб Колас і Антон Бялевіч.

паапрпррпУ гады Вялікай Айчыннай вайны газета выходзіла ў партызанскай брыгадзе “Полымя”, з’яўлялася органам Пухавіцкага падпольнага РК КП(б). Мела назву “Партызан Беларусі”. Рэдагавалі газету камісар партызанскага атрада “Полымя” М.П. Смірноў, І.А. Ляўданскі.

Пасля вайны раённая газета аднавіла свой выхад пад назвай “Сцяг камунізму”, якую мела да канца 1961 года. Яе рэдагавалі А.І. Пісакоў,  І.Х. Легчанка, М.П. Паўлічкаў. У 1961 годзе газета стала называцца “Сцяг працы”. У розны час узначальвалі рэдакцыйны калектыў  В.Е. Буры, А.П. Грышан,   А.Б. Ісачанка, Б.К. Яблонскі.  Браніслаў Яблонскі  стаў рэдактарам нашай газеты ў 1981 годзе і працаваў галоўным рэдактарам да канца 2009 года.

На працягу многіх гадоў рэдакцыя размяшчалася ў старым драўляным будынку  па вуліцы Ленінская, дом 2 (на тым месцы, дзе зараз знаходзіцца  гарадская аптэка). Побач была друкарня, дзе, здаралася, амаль да раніцы, на старым лінатыпным абсталяванні, збіраліся  газетныя радкі і цэлыя артыкулы.

1

Даваенны калектыў рэдакцыі

У архіве рэдакцыі захаваліся фотаздымкі розных  гадоў. Іх прынёс  былы супрацоўнік нашай газеты і добры сябра Браніслаў Зубкоўскі. Браніслаў Аляксандравіч любіў успамінаць тыя часы, сваіх былых калег. Разам з ім у рэдакцыі працавалі вядомы журналіст, літаратуразнаўца  Анатоль Ярохін, Генадзь Фінскі, Генадзь Партноў, Мікалай Чыбісаў. У сярэдзіне 70-х гадоў   працаваў у рэдакцыі, а пасля ўзначальваў літаратурнае аб’яднанне, паэт Алесь Пісарык. Добрым сябрам газеты ў той час быў вядомы беларускі паэт Захар Бірала.

У мяне  захоўваецца пасведчанне аб заканчэнні ў 1980 годзе школы рабселькораў пры газеце “Сцяг працы”. Я добра памятаю тую добразычлівую творчую атмасферу, якая панавала ў рэдакцыі. Працавала з пазаштатнымі аўтарамі і школьнікамі цудоўны чалавек, таленавіты журналіст Галіна Мазанік.  Дзякуючы ёй знайшлі  сваё месца на старонках раённай газеты   першыя допісы будучых журналістаў. Помню, як цікава праходзілі тыя заняткі, колькі новага адкрываў для нас  заслужаны настаўнік БССР, выкладчык гісторыі Мар’інагорскай сярэдняй школы №3 Віктар Арлоў.

3

Супрацоўнікі рэдакцыі. 1968 год

Я прыйшла працаваць у рэдакцыю ў 1987 годзе карэктарам, бо мела філалагічную адукацыю.  Рэдактар газеты Брані-слаў Яблонскі  даў магчымасць паспрабаваць свае сілы ў журналістыцы. Потым была вучоба на факультэце журналістыкі і творчая праца, без якой ужо цяжка ўявіць жыццё. Заўсёды падтрымлівалі  маладых журналістаў добрай парадай старэйшыя таварышы: таленавітыя журналісты  Рэанальда Лукашэвіч, якая працавала  намеснікам рэдактара, Анатоль Іўчанкаў, адказны сакратар. Пазней прыйшла ў калектыў Анна Яблонская, нарысы якой заўсёды знаходзілі добрыя водгукі чытачоў.

У 1991 годзе газета змяніла назву на сённяшнюю — “Пухавіцкія навіны”. За кожнай зменай назвы мянялася не толькі афармленне газеты, але і яе змест.

2

Супрацоўнікі рэдакцыі. 1996 год

У нашай рэдакцыі  пачыналі свой працоўны шлях журналісты, якія потым паспяхова працавалі ў рэспубліканскіх  і абласных выданнях: Таццяна  Падаляк, Аліна Грышкевіч,  Мікалай Грыгаровіч, Уладзімір Стрэльскі,  Алена Клімовіч, Ірына Андрэева. Газеты Клецкага, Любанскага, Маладзечанскага раёнаў узначальвалі былыя супрацоўнікі пухавіцкай раёнкі І.Х. Габец, М.М.  Аленчык, А.А. Хазянін, В.У. Паўловіч.

Раённая газета  дала пуцёўку ў журналістыку  многім пухаўчанам. Мы ганарымся  тым, што ў біяграфіі  рэдактара рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і мастацтва”, пісьменніка, лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне” Алеся Карлюкевіча ёсць старонкі, звязаныя  з пухавіцкай раённай газетай.На беларускім тэлебачанні працуюць выпускнікі нашай школы юных журналістаў “Узлёт” Ганна Рублёва, Анастасія Тулупава, Святлана Сіротка.

Можна гаварыць і аб журналісцкіх дынастыях. Адказны сакратар газеты Андрэй Мазанік  нарадзіўся ў сям’і журналістаў. Анастасія Плятнёва  таксама  выбрала прафесію сваіх бацькоў — Браніслава  і  Анны  Яблонскіх.  Для Кірыла Шантыкі  прыкладам у выбары прафесіі   стала мама — Алена   Шантыка, загадчык аддзела сацыяльных праблем.

У рэдакцыйным архіве захоўваецца шмат узнагарод, якія атрымала газета  за гады свайго існавання.    Яна ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР  (1981 год). Шмат разоў выходзіла пераможцай у рэспубліканскіх і  абласных конкурсах  за асвятленне  прыродаахоўнай тэматыкі, лепшае асвятленне прадпрымальніцкай дзейнасці, патрыятычнага выхавання, праваахоўнай тэматыкі, дзейнасці Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Узнагароджана газета і Граматай Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта.Асобным архівам сабраны граматы за  патрыятычнае выхаванне, масавую работу.  Сёння гэта не толькі  гісторыя, але і прызнанне заслуг  супрацоўнікаў газеты, важнасці яе справы  ў розныя гады.

У рэдакцыі захаваліся падшыўкі з 1945 года. Час ад часу мы гартаем іх і адзначаем, што газета напісала  падрабязную гісторыю раёна  за некалькі дзесяцігоддзяў.  На яе старонках перапляліся людскія лёсы і гістарычныя падзеі. Артыкулы нашых журналістаў  увайшлі ў раённую кнігу “Памяць”. А колькі старых пажоўклых газет захоўваецца ў дамашніх архівах пухаўчан як самая  дарагая памяць аб іх родных і блізкіх.

Вольга  ЛУГАВАЯ

НА  СТАРОНКАХ  ГАЗЕТЫ — ЖЫЦЦЁ  РАЁНА

У пачатку 90-х па плану развіцця горада Мар’іна Горка было прынята рашэнне пабудаваць у пачатку вуліцы Ленінская жылы дом і новую аптэку. У зону будаўнічай пляцоўкі   патрапілі  рэдакцыя і друкарня. Мы  пераехалі ў больш сучасны будынак  на той жа вуліцы, у самым цэнтры горада. Пераехала сюды і раённае радыё, якое доўгі час  “жыло” ў будынку  раённага вузла сувязі. Сёння мы  працуем  у лепшых  умовах, чым нашы калегі з некаторых рэгіёнаў Міншчыны, і за гэта ўдзячны нашым заснавальнікам — раённаму выканаўчаму камітэту і раённаму Савету дэпутатаў.

IMG_3628 (копия)Сёмы год рэдакцыя працуе без датацый з раённага бюджэту. Гэта значыць, што мы поўнасцю забяспечваем сябе сродкамі, неабходнымі для выдання газеты.  І тут хочацца адзначыць вашу дапамогу, нашы дарагія чытачы! Дзякуючы вашаму сяброўству з газетай яе тыраж трымаецца ў межах пяці тысяч экзэмпляраў. Свой немалы ўклад у фінансавае становішча  ўносіць і рэкламная дзейнасць, і гэта дапамагае працаваць так, каб не браць у бюджэце грошы, якія могуць быць накіраваны ў сферу медыцыны, адукацыі, сацыяльнага забеспячэння. Дарэчы, за свае сродкі мы поўнасцю абнавілі матэрыяльную базу рэдакцыі, купілі новы аўтамабіль.

IMG_7318 (копия)Напэўна, вы заўважылі, што з вясны мінулага года раз на тыдзень  пачала выходзіць каляровая газета. Сёння вы трымаеце ў руках больш важкі нумар. У ім 16 палос. Гэта магчымасць размясціць  праграму тэлебачання, рэкламу і большую колькасць цікавых матэрыялаў і навін.  Перыядычна вы будзеце атрымліваць такія нумары. Іх мы рыхтуем  у рэдакцыі, а потым па электроннай пошце адпраўляем у Мінск на ААТ “Чырвоная Зорка”. Там друкуецца газета, і два разы на тыдзень наш вадзіцель Анатоль Яфрэмаў ездзіць у сталіцу ў камандзіроўку, каб даставіць на раённы вузел паштовай сувязі свежы тыраж.

IMG_3596 (копия)

Галоўны рэдактар Вольга Свасцюк

Калектыў рэдакцыі  невялікі — усяго 14 чалавек, з іх 8 творчых работнікаў і 6 тэхнічных. 10  супрацоўнікаў маюць вышэйшую адукацыю. У рэдакцыі працуе моладзь, і гэта радуе. Сёння мы  выпускаем  газету  ў меншым скла-дзе. Дзве нашы  журналісткі выконваюць высакародную місію мамы.Пры рэдакцыі газеты працуе клуб юных журналістаў “Узлёт”. У гэтым годзе інстытут журналістыкі БДУ заканчвае яшчэ адна наша выпускніца — Анастасія Хобатава. Рыхтуюцца да паступлення ў інстытут журналістыкі  Кацярына Груша і Лера Фінская.

У  газеты  наладжаны добрыя  сувязі з прадпрыемствамі і арганізацыямі  раёна. Мы ўдзячны за плённае супрацоўніцтва  кіраў-ніцтву  ААТ “Завод горнага воску”,  ЗАТ “Август-Бел”, РУП “Мінскэнерга” Філіял ЦЭЦ-5, ААТ ”Пухавіцкі доследна-эксперыментальны завод” .

Мы маем свой інтэрнэт-сайт gorka.by, які штодня папаўняецца актуальнай інфармацыяй. Створаны групы ў сацыяльных сетках “У Кантакце”, “Твітэр”, “Аднакласнікі”. Публікацыі газеты два разы на тыдзень размяшчаюцца на рэспубліканскім партале СМІ  Беларусі (belsmi.by).Радыёпраграма “Мар’іна Горка” выходзіць па серадах у 21.05-21.20 на частаце 97.4МГц.

IMG_3541 (копия) 2

У камандзіроўку адпраўляюцца вадзіцель Анатоль Яфрэмаў і загадчыца аддзела пісьмаў Наталля Пархомчык

Газета рознабакова асвятляе грамадска-палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае і гісторыка-культурнае жыццё раёна.Выходзяць тэматычныя старонкі: “Закон і правапарадак — для ўсіх”, “Спасатель”, маладзёжная  старонка “Сучаснік”, літаратурная старонка “Мар’інка”, спецвыпуск для аматараў прыроды “Цітаўка”, тэматычныя старонкі “Дружны-Свіслач: дзень за днём”, “Наш край”, “Духоўнае жыццё”, “Семейная гостиная”, “Будьте здоровы!”, “Домашняя энциклопедия”.Журналісты газеты шмат увагі надаюць тэме мадэрнізацыі вытворчасці, развіццю сельскагаспадарчай галіны, тэме прадпрымальніцтва, эканоміі і беражлівасці.  Праводзіцца вялікая работа па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя, добраўпарадкавання населеных пунктаў раёна. У цэнтры ўвагі журналістаў  установы культуры, адукацыі, аховы здароўя і іншыя.Рубрыкі “Мы вас слухаем”, “Зваротная сувязь”, “Ёсць праблема”, “Пытанне-адказ”, “Кропка гледжання”, “Погляд”, “Праблемнае пытанне” свайго роду размова з  вамі, паважаныя чытачы,  па праблемах, якія вас хвалююць.

IMG_3543 (копия) 2

Маладыя журналісты Кацярына Вернікоўская і Святлана Вайцяхоўская

Журналісты ажыццяўляюць творчыя праекты “Праблема буйным планам”, “Сям’я — тэрыторыя шчасця”, “Галасы мінуўшчыны”, “Кропка на карце  раёна”. Карыстаецца папулярнасцю праект “Я меняюсь!”.  Мы пастаянна праводзім фотаконкурсы, удзельнічаем у навагодніх  дабрачынных акцыях. У мінулым годзе калектыў і асобныя журналісты атрымалі 15 узнагарод на рэспубліканскіх і абласных конкурсах. Газета на працягу трох гадоў становіцца лаўрэатам самага галоўнага  Нацыянальнага конкурсу  сродкаў масавай інфармацыі “Залатая літара”.

Газета павінна адпавядаць часу. Мы стараемся  асвятляць новыя тэмы, падымаць  актуальныя пытанні.  Калектыў працуе над змяненнем дызайну, павелічэнем аб’ёму газеты.

IMG_3566 (копия) 2

Старшы аператар Алена Мазалеўская, загадчыца аддзела рэкламы Алена Сіротка, старшы аператар Зінаіда Гевайлер, адказны сакратар Андрэй Мазанік, старшы карэктар Ангеліна Міронычава-Дабравольская

Прыемна, што ёсць у нашай газеты чытачы, якія жывуць у Гомельскай, Брэсцкай вобласці, Мінскім раёне.  Днямі ў рэдакцыю патэлефанаваў наш чытач Віктар Сенкавец з горада Мінска. Ён расказаў, што мае дачу ў нашым раёне і так пасябраваў з газетай, што стаў яе пастаянным падпісчыкам. А пазваніў з нагоды 85-годдзя газеты. Гэта была вельмі прыемная і шчырая размова. Мы жывем і працуем у цэнтры краіны. Наш дэвіз: “Жыць у цэнтры Беларусі — быць у цэнтры ўсіх падзей!”.  Будзем рады, калі вы, паважаныя чытачы, будзеце падказваць нам новыя тэмы.

Вольга САВАСЦЮК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *