“Гліняны звон” прынёс узнагароды
У гарадскім пасёлку Івянец прайшло VIII абласное свята-конкурс майстроў ганчарнага мастацтва “Гліняны звон”. У ім прымалі ўдзел і прадстаўнікі нашага раёна — члены раённага аб’яднання майстроў “Мар’іна скарбніца”, мастачкі з Дружнага Марына Гарнастаева і Алена Атрошкіна, а таксама іх вучаніцы Віка Скараход і Аляксандра Атрошкіна.
— Свята сабрала лепшых майстроў ганчарнага мастацтва не толькі з Міншчыны, але і з іншых рэгіёнаў Беларусі, — расказала кіраўнік аматарскага творчага аб’яднання “Мар’іна скарбніца” Антаніна Гурыновіч. — Вялікая каманда прыехала з Магілёўскай вобласці, былі прадстаўнікі Брэстчыны, Гродзеншчыны, Віцебшчыны.
Нашы майстры ў гэтым свяце прымалі ўдзел упершыню. Марына Гарнастаева і Алена Атрошкіна дасканальна валодаюць тэхнікай ганчарства і пластыкай. І вучаніцы не адстаюць ад сваіх настаўнікаў. На конкурс усе яны прывезлі вялікія калекцыі сваіх работ, якія адразу ж прыцягнулі ўвагу гледачоў. Людзі падыходзілі да выставы і не проста разглядалі вырабы, а задавалі шмат пытанняў, нават не звяртаючы ўвагу на тое, што майстры працуюць над конкурснымі работамі. Тое, што творчасць пухавіцкіх майстроў зацікавіла людзей, не пакінула іх абыякавымі, прынесла сапраўднае задавальненне, — падкрэсліла Антаніна Іванаўна.
Сведчаннем таго, што вырабы пухаўчанак спадабаліся не толькі гледачам, але і прафесіяналам, стала запрашэнне прыехаць у Віцебск на “Славянскі базар” і там прадставіць свае работы ў “Горадзе майстроў”. Вынікі конкурсу наогул парадавалі: Марына Гарнастаева атрымала дыплом I ступені, Алена Атрошкіна — дыплом II ступені, Віка Скараход — дыплом III ступені, Аляксандра Атрошкіна — дыплом за ўдзел.
Абласное свята-конкурс майстроў ганчарнага мастацтва “Гліняны звон” праводзіцца на базе Івянецкага музея традыцыйнай культуры Валожынскага раёна. Упершыню яно прайшло ў 1996 годзе.
Наталля ПАРХОМЧЫК.