У Русаковічах прайшло свята вёскі

Галоўны ініцыятар  гэтага мерапрыемства Алена Гобарава ў сваім прывітальным слове падкрэсліла, што ў жыцці вялікую ролю адыгрывае культура дома, побыту, сям’і. Цікавымі нашы будні робяць і прафесіяналы, якія сваё жыццё прысвяцілі працы ў сферы культуры. А Русаковічы вылучаюцца яшчэ і сваёй асаблівай культурай гасціннасці. З радасцю прымаюць тут усіх, хто завітаў у госці.

DSCN5313 (копия)Дванаццаць гадоў жыве ў вёсцы Русаковічы Ларыса Чэпялінская. Да таго, як выйсці на заслужаны адпачынак, жанчына  некалькі дзесяцігоддзяў была кіраўніком самадзейнага мастацкага калектыву ў адным з сельскіх дамоў культуры Магілёўшчыны. З жыхарамі вёскі яна падзялілася сваімі ўспамінамі і атрымала падарункі ад арганізатараў свята, бо ў гэты дзень была імянінніцай.

Успомнілі жыхары Русаковіч і пра свой клуб, які працаваў яшчэ да таго, як з’явіўся побач пасёлак Праўдзінскі, і ўстанова культуры “пераехала” туды. Стаяў ён на ўскрайку вёскі каля ракі, таму ўлетку танцавальнай пляцоўкай нярэдка станавіўся мост праз Пціч. Шмат знаёмстваў адбылося на тым мосце, і шмат шлюбаў было заключана, дзякуючы  тым танцавальным вечарам. Зараз русаковіцкім старажылам хочацца, каб і на свяце вёскі адбываліся знаёмствы, затым заключаліся шлюбы і памнажалася колькасць жыхароў вёскі. Таму і запрашаюць на свята суседзяў. Яны прыязджаюць, і не толькі каб весела правесці час, але і каб прадэманстраваць свае таленты. Марыя Муратава з вёскі Васількі прывезла ў Русаковічы свае работы. Яна спецыяліст па кераміцы, і для свята  падрыхтавала тэматычныя сувеніры.

DSCN5301 (копия)Зразумела, што на гэтым агульным зборы заходзіла размова аб тым, якія добрыя гаспадары жывуць у Русаковічах. Каб гэта было відавочна, на святочнай паляне аформілі кампазіцыі з кветак, садавіны і гародніны, а самыя спрытныя гаспадыні прынялі ўдзел у конкурсе пірагоў. Дарэчы, калі на паляну вынесла кошык са сваім печывам Аляксандра Шэлег, людзі прыезджыя былі ўпэўнены, што прынесла яна сапраўдныя баравікі. І толькі мясцовыя жыхары  патлумачылі, што такія грыбочкі з пясочнага цеста Аляксандра Міхайлаўна, якая некалі працавала кандытарам, выпякае даўно, і многія дарослыя людзі памятаюць іх яшчэ з маленства, бо нярэдка частавала імі гаспадыня мясцовую дзетвару.  Сваё майстэрства  Аляксандра Міхайлаўна перадае і маладому пакаленню: у гэты раз 80-гадовай бабулі рыхтаваць прысмакі дапамагалі ўнучка Таццяна і праўнучка Аліна. 

DSCN5286 (копия)Не забыліся і пра традыцыйную латарэю, удзельнікамі якой сталі ўсе жыхары Русаковіч. У якасці прызоў яе пераможцы атрымалі  венікі для лазні, якія ўжо каторы год для сваіх аднавяскоўцаў  робіць Мікалай Забелін, і іншыя падарункі.  Але ўручалі іх арганізатары толькі пасля таго, як пераможцы расказвалі пра сябе. Гэта быў яшчэ адзін спосаб пазнаёміць суседзяў.Адбыўся  і традыцыйны святочны канцэрт.  У гэтым годзе на імправізаванай сцэне ў Русаковічах выступалі  артысты  з Мар’інай Горкі, Мінска, Бабруйска, Гомеля, Наваполацка. Прычым канцэрт атрымаўся вельмі разнапланавым: у праграме  былі і народныя творы, і добра вядомыя эстрадныя песні, і нават урыўкі з мюзікла “Чыкага”.Пакуль дарослыя слухалі песні, у дзяцей былі свае прыгоды. Самую сапраўдную пірацкую вечарынку падрыхтавала для іх Анжаліка Шлык з Блужскага сельскага Дома культуры разам са сваімі памочнікамі. У розных месцах вёскі  ўдзельнікі гульні шукалі схаваныя скарбы, спаборнічалі ў сіле і спрытнасці. У выніку ўсіх прыгод перамагло, як заўсёды, сяброўства.З кожным годам на святочнай паляне ў Русаковічах збіраецца ўсё больш людзей. Тут і карэнныя  жыхары,  і “дачнікі”, і госці вёскі — свята аб’ядноў-вае ўсіх. Гэта галоўная мэта яго арганізатараў — каб суседзі ведалі адзін аднаго, сябравалі  і разам вырашалі ўсе праблемы.

Наталля  ПАРХОМЧЫК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *