Рудзенскі горпасялковы Дом культуры абнавілі

Усе ведаюць тыя прыемныя адчуванні, якія ахопліваюць, калі ўваходзіш у памяшканне, дзе толькі што зрабілі ўдалы рамонт. Параўнанне з тым, што было, і з тым, што стала, нават адносіны да жыцця мяняе  — адразу  з’яўляецца ўпэўненасць, што разам з пераменай у інтэр’ерах зменіцца ў лепшы бок і ўсё, што ў іх адбываецца. З такімі адчуваннямі зараз жывуць работнікі  Рудзенскага горпасялковага Дома культуры. Зусім нядаўна тут завяршыўся першы этап рамонтных работ: новы воблік набылі фае, танцавальная зала, санвузлы, ганак. Гэтыя памяшканні кардынальна не мяняліся прыкладна паўстагоддзя.  Зараз яны сталі сучаснымі  і  вельмі аптымістычнымі. Гэта не толькі з-за падабраных колераў, але і з-за таго, як праходзіў рамонт. Бо, прызнаюся, даўно я не чула, каб з такім  захапленнем расказвалі пра сам працэс, як гэта рабілі работнікі Рудзенскага ДК. 

DSCN5613— Усё пачалося 1 жніўня, — расказала дырэктар ДК Алёна Скавыш. — Прыехалі будаўнікі і прапанавалі падумаць над дызайнам. Мы і падумалі. Я алоўкамі малявала тое, што хацела бачыць на сценах. Разам з гукааператарам Дзмітрыем Мазанікам рабілі замеры, разлічвалі колькасць патрэбнай фарбы, сазваніліся з магазінамі, каб падабраць колеры. А потым прыходзілі будаўнікі і рабілі ўсё менавіта так, як мы іх прасілі.

Алёна Анатольеўна і яе калегі прызналіся, што на іх аб’ект направілі цудоўную брыгаду. “Вельмі культурныя”, — так ахарактарызавалі будаўнікоў работнікі культуры.  Працай  іх можна было любавацца — усё рабілі зладжана і акуратна.  Падрадчык Сяргей Гапаненка так арганізоўваў работу, што пра-стояў у будаўнікоў не было: у іх пад рукамі заўсёды быў той інструмент і тыя матэрыялы, што былі неабходны менавіта ў дадзены момант. Здавалася, што працуюць яны нават ноччу. Алёна Анатольеўна расказала, што сама часта затрымлівалася ў Доме культуры даволі позна:

DSCN5619— Абмяркуем з рабочымі ўвечары што і дзе трэба зрабіць, а раніцай прыходжу  — усё ўжо гатова.

За такую працу, за ўзаемаразуменне ўсе супрацоўнікі Рудзенскага Дома культуры будаўнікам былі вельмі ўдзячны і знайшлі спосаб выказаць свае адносіны: падрыхтавалі для іх канцэрт на Дзень будаўніка, які адзначаўся 14 жніўня. На свята запрасілі не толькі сваіх рабочых, але і тыя брыгады Сяргея Гапаненкі, што працавалі на іншых аб’ектах раёна. Большасць рабочых былі людзі прыезджыя, і ім прыемна было, што нехта паклапаціўся, каб і ў іх адбылося свята.Алёна Анатольеўна расказала, што зрабіць так, каб рамонт не зацягваўся, дапамагалі ім і  розныя арганізацыі  раёна. Су-працоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях не толькі прадаставілі вышку, каб пафарбаваць вокны на фаса-дзе, але і дапамаглі гэта зрабіць. Не засталіся ў баку і ДСУ “Ру-дзенскае” УП “Мінскметрабуд”, і Рудзенская газанапаўняльная станцыя РУП “Мінскаблгаз”. Часта бывалі на аб’екце і дапамагалі парадамі намеснікі старшыні райвыканкама Іосіф Кучко і Таццяна Ішуцінава. Канечне, нямала прый-шлося папрацаваць і самім работнікам Дома культуры: чысцілі адрамантаваныя памяшканні, вывозілі смецце. На дапамогу прыходзіла і моладзь, якая займаецца ў творчых калектывах ДК.  Работа была ў радасць. Пасля рамонту ў супрацоўнікаў культуры з’явіліся новыя магчымасці.  У танцавальнай зале пабудавалі невялікую сцэну, і зараз нейкія больш камерныя мерапрыемствы можна будзе перанесці сюды і з бібліятэкі, і з вялікай залы.

DSCN5620А сама вялікая зала яшчэ чакае рамонту.  Дырэктар установы і яе калегі спадзяюцца, што зала стане ўрачыстай, што будзе ў ёй добрае асвятленне на сцэне і новая заслона. Мараць яны і аб новай апаратуры, з якой пакуль  праблема, і вельмі выручае музычная кампанія “Boom Sound”. На рамонтныя работы ў Ру-дзенскім ДК адводзілі тры тыдні. Так яно і адбылося: пяць будаўнікоў і электрык да 19 жніўня зрабілі ўсё, што было запланавана. І гэта таксама ўсіх парадавала. У Ру-дзенскім Доме культуры працуюць творчыя людзі, і ўжо відавочна, што новыя сцены падштурхнулі да новых ідэй, якія абавязкова парадуюць жыхароў пасёлка.

Наталля  БАБУК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *