За школьным парогам

Дзень ведаў — свята сапраўды ўсенароднае. Лягчэй, мабыць, знайсці тых, хто не мае ніякага дачынення да адукацыі, чым пералічыць усіх, каго тым ці іншым чынам закранае гэтая тэма. Першага верасня за парты сядзе велізарная армія  школьнікаў і студэнтаў. Хвалюючыя хвіліны чакаюць шасцігодак, якія ўпершыню пачуюць школьны званок. Але не меней хваляванняў будзе і ў тых, хто  зробіць свой першы крок ў студэнцкае жыццё. Для многіх гэта было запаветнае жаданне, якое здзейснілася. Каб мара стала рэальнасцю, прыйшлося прайсці нямала выпрабаванняў: школьныя экзамены, цэнтралізаванае тэсціраванне, конкурс у навучальных установах… Усё гэта для выпускнікоў Зазерскай сярэдняй школы Андрэя Багушэвіча, Галіны Валынец і Марыны Козіч  скончылася паведамленнем: “Вы залічаны на першы курс…”.

DSCN5228 (копия)Так склалася, што якраз напярэдадні Дня ведаў мне давялося сустрэцца з маладымі людзьмі, дакладней, з дзяўчынкамі, бо Андрэй быў нечым вельмі заняты. Размаўлялі мы і аб мінулым дзяцінстве, і аб тым, што іх чакае за школьным парогам.І Галіна, і Марына — будучыя медыкі. Месца для вучобы яны выбралі недалёка ад дома, у Мінску:  Галіна  стала студэнткай медыцынскага ўніверсітэта, а  Марына —  каледжа.Каб патрапіць у прэстыжныя навучальныя ўстановы, у школе ім прыйшлося шмат увагі ўдзяляць вучобе, і гэтаму ёсць пацвярджэнне.  Напрыклад, балы, якія набрала на цэнтралізаванам тэсціраванні Галіна Валынец, выклікаюць павагу: руская мова — 94, біялогія — 90, хімія — 84. Разам з  атэстатам усё гэта склала 366 балаў — можна было падумаць аб самых прэстыжных спецыяльнасцях. Дзяўчына выбрала фармакалогію. Галіна расказала, што акрамя медыцыны сябе проста нідзе не бачыла, праўда, спачатку марыла стаць ветэрынарам. Марыну ў белым халаце і туфліках на абцасіках  заўсёды вельмі хацела бачыць мама. І настолькі моцным было гэта яе жаданне, што перадалася і дачцэ. З узростам знешняя прываблівасць ва ўяўленнях аб прафесіі медыцынскай сястры ў Марыны адышла на другі план — проста захацелася  займацца сур’ёзнай справай і дапамагаць людзям.

Дзяўчаты  добра ведаюць, што жыццё ў студэнтаў-медыкаў вельмі няпростае, шмат часу займае вучоба. Але думаюць яны і пра тое, чым можна будзе заняцца ў вольны час. Галіна адразу сказала, што хацела б займацца маладзёжнай палітыкай. Дзяўчына прадстаўляе наш раён у мала-дзёжным парламенце пры Мінскім абласным савеце дэпутатаў,   і яна жадае працягваць гэтую работу.  А яшчэ  плануе займацца спортам, стаць членам каманды Клуба вясёлых і знаходлівых.Марына ў школе спявала, і ў каледжы ёй таксама хацелася б у вольны час займацца творчасцю.З дзяўчынкамі паразмаўлялі мы і пра школу: я пацікавілася, чым яна запомніцца выпускнікам 2016 года.

— Душэўнай атмасферай, — адразу ж адказала Галіна.

— Аднакласнікі, настаўнікі — усе вельмі родныя,  — падтрымала яе Марына.

Іх трое — аднакласнікаў. І каб клас існаваў у такім складзе, у свой час прыйшлося пазмагацца. Таму ўвесь час яны адчувалі нейкую асаблівую адказнасць за вынікі сваёй вучобы і вельмі стараліся. Гэта з’яднала, і яны сталі сапраўднымі сябрамі. Дзяўчынкі, дарэчы, вельмі перажывалі, што ў нашай размове не ўдзельнічаў Андрэй — цяпер студэнт універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Яны самі расказалі, як дапамагалі адзін аднаму, як  стара-ліся даказаць, што могуць быць у ліку лепшых. Даказалі — зараз усе будуць вучыцца на бюджэце.

Дзяўчаты  з вялікай павагай расказвалі пра сваіх настаўнікаў, якія дапамагалі і падтрымлівалі. Галіна і Марына ў адзін голас заявілі, што  ў іх вельмі цікава праходзілі заняткі па пачатковай медыцынскай падрыхтоўцы, якія, праводзіла Аліна Крук. Мабыць, і гэта таксама паўплывала на іх прафесійны выбар. Я папрасіла, каб расказалі пра любімыя прадметы, па якіх не здавалі цэнтралізаванае тэсціраванне. У выніку прагучалі амаль усе школьныя дысцыпліны і імёны амаль усіх настаўнікаў.Дарэчы, педагагічны калектыў Зазерскай школы не зусім звычайны. У ёй працуюць 19 педагогаў, 12 з якіх некалі закончылі гэтую ж школу. Амаль усе настаўнікі мясцовыя — толькі двое ў мінулым навучальным годзе прыязджалі з Мар’інай Горкі. Для сельскай школы гэта вялікі плюс: і дадатковыя заняткі пасля заканчэння ўрокаў не праблема арганізаваць, і пазакласныя мерапрыемствы правесці.

Галіна і Марына ўсхвалявана чакаюць пачатак новага навучальнага года, які сустракаюць ужо ў новай якасці. Зімой яны абавязкова прыйдуць на свой першы вечар сустрэчы з выпускнікамі, каб падзяліцца з настаўнікамі навінамі і ўпэўніцца,   што ў школе іх  заўсёды сустрэнуць з радасцю.

Наталья  ПАРХОМЧЫК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *