Жыхары Маліннікаў адзначылі юбілей вёскі — 90-годдзе

Круглая дата аб’яднала некалькі пакаленняў аднавяскоўцаў. Яны сабраліся разам на мясцовай аграсядзібе. Назваць усіх прысутных проста гасцямі свята будзе, напэўна, не зусім правільна, бо мерапрыемства прайшло ў сяброўскай атмасферы. Жыхары Маліннікаў былі і застаюцца адной сям’ёй, якую яднае любоў да родных мясцін. 

IMG_1157 (копия)З прывітальным словам да вяскоўцаў звярнулася старшыня Пярэжырскага сельвыканкама Алена Зубовіч. Яна зачытала гістарычную даведку пра Маліннікі. Сёння тут прапісаны 25 чалавек. Насамрэч жыхароў тут значна больш: у бацькоўскія хаты вярнуліся дзеці, некаторыя дамы належаць дачнікам.Іншай — шматнаселенай і заўсёды вясёлай — памятаюць вёску яе старэйшыя жыхары.

— Калісьці ў Малінніках жыла толькі моладзь. У вёсцы было 16 сем’яў, і ў агульнай колькасці 90 дзяцей, — расказаў Фёдар Іванавіч  Кукарэка, якому споўнілася 94 гады. —  Людзі жылі дружна, дапамагалі адзін аднаму. Амаль кожны  вечар збіраліся разам, палілі вогнішчы  і смажылі бульбу. 

Раісе Антонаўне Вальковіч 84 гады. Пра станаўленне Маліннікаў яна памятае са слоў бацькі. Жанчына назвала ўсе 16 прозвішчаў першых жыхароў вёскі.Фёдар Кукарэка, Раіса Вальковіч, Ганна Шамко (ей 90 гадоў) і Аляксандра Дрозд (82 гады)  атрымалі памятныя падарункі як самыя старэйшыя жыхары.Свята дазволіла аднавяскоўцам бліжэй даведацца адзін пра аднаго. Пра сваё жыццё расказалі таксама Аляксандр Самуськоў і Аляксандра Бягун, Мікалай Шыян.Маліннікі — радзіма многіх удзельнікаў і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Іх імёны памятаюць і сёння. Памяць пра герояў перадаецца ў сем’ях з пакалення ў пакаленне. Таццяна і Святлана Вальковічы  стварылі  фільм  пра свайго дзядзьку Мікалая  Антонавіча  Кукарэку  “Пад  кулямі  не  хлусяць”,  які  заснаваны на гістарычных дакументах і фактах. Словы падзякі ад усіх жыхароў прагучалі ў адрас старэйшыны вёскі Марыі Ляшук.  Марыя Аляксандраўна пераехала ў Маліннікі з Брэсцкай вобласці ў 1978 годзе. Спачатку працавала бухгалтарам у калгасе “Барацьба”, а пасля дыспетчарам. Шмат гадоў была дэпутатам сельсавета.

IMG_1193 (копия)— Вёска з цягам часу вельмі змянілася. Калі я сюды пераехала, тут нават  не было дарогі, — успамінае Марыя Ляшук. — Свята мне спадабалася. Уважліва слухала артыстаў, таму што калісьці таксама спявала ў хоры пры мясцовым Доме культуры. З упэўненасцю магу сказаць: нашы артысткі выступілі цудоўна.

Добрым музычным настроем усіх вяскоўцаў забяспечваў  вакальны ансамбль “Жытніца” Зазерскага СДК. Жыхары Маліннікаў таксама вельмі таленавітыя і, галоўнае, ініцыятыўныя людзі. Яны падрыхтавалі свае творчыя гумарыстычныя  нумары. Так, на свята ў Маліннікі завіталі піянеры, а таксама жыхарам быў прадстаўлены паказ “Жаночы вобраз пры выкананні  палявых работ” ад праграмы “Модны прысуд”. Крэатыўную групу вяскоўцаў узначальвае Раіса  Окунь. Падчас  свята  на  экране праектара   дэманстраваліся  фотаздымкі.  Многія  пазналі   сваіх  суседзяў,  знаёмых і нават сябе ў  дзяцінстве.  Падчас  свята  жыхары таксама фатаграфаваліся  разам.  Летапіс  з  фотаздымкаў  дакладна будзе працягвацца.

Юбілейная сустрэча аднавяскоўцаў  завяршылася позна ўвечары. Гаспадар аграсядзібы  “Маліннікі” Сяргей Палякоў падкрэсліў, што быў рады зноў пабачыць усіх вяскоўцаў. Жыхары дамовіліся сустракацца часцей, каб Маліннікі заставаліся такой дружнай вёскай, як  шмат  дзесяцігоддзяў таму.

Кацярына   ВЕРНІКОЎСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *