З дынастыі перадавікоў

На палетках раёна зараз можна ўбачыць розную сельскагаспадарчую тэхніку. Восень заўсёды задае земляробам актыўны рытм работы, і яны да такіх умоў прызвычаіліся. У СУП “Дукора-агра” на гэтым тыдні завяршылі ворыва глебы пад  азімую  сяўбу.  Заарана 910 гектараў.  Механізатар  гэтай   гаспадаркі  Юрый   Шлык — адзін з лепшых аратых раёна. На яго рахунку 676 гектараў.

img_2421-%d0%ba%d0%be%d0%bf%d0%b8%d1%8fЗ Юрыем Іванавічам мы сустрэліся ў полі, дзе ён ужо прыступіў да ворыва зябліва. Віншую земляроба з высокім дасягненнем. Юрый Шлык з усмешкай на вуснах слухае радасную навіну.  Безумоўна, яму прыемна быць у ліку перадавікоў. Аднак сказаць, што гэта зусім нечаканая падзея, будзе памылкай. Механізатар 25 гадоў працуе ў сельскай гаспадарцы, і ў яго асабістай калекцыі шмат узнагарод.

— У сельскагаспадарчую галіну я прыйшоў па  прыкладзе бацькі. Ён заўсёды быў сярод перадавікоў, — расказвае Юрый Шлык. — У СУП “Дукора-агра” працую толькі два гады. Жыццёвыя абставіны склаліся такім чынам, што прыйшлося  пераехаць у Дукору з Бабруйскага раёна. У былой гаспадарцы быў  задзейнічаны і на жніве,  і на ўборцы буракоў, і на нарыхтоўцы кукурузы. Працаваў заўсёды старанна і самааддана, маю шмат грамат.

Юрый  Шлык — вопытны араты. Любіць сваю нялёгкую працу.

— Работа ва ўсіх земляробаў няпростая, — рэзюмуе субяседнік. — Жыць і працаваць на Пухавіччыне мне падабаецца. Людзі  тут  добрыя.  Кіраўніцтва сельгас-арганізацыі забяспечыла жыллём.

Стомленасць Юрый Шлык па-майстэрску хавае за сваёй усмешкай. Восень — не толькі напружаны перыяд палявых работ, але і час добрага заробку. Таму стараецца механізатар якасна выканаць сваю працу. Адпачынак будзе зімой. 

Кацярына ВЕРНІКОЎСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *